Мара бондара Альховіка

0

Настаўнік працоўнага навучання і чарчэння Паўстынскай сярэдняй школы Аляксандр Альховік са сваімі вучнямі прадстаўляюць работы паўстынскага бондара
Настаўнік працоўнага навучання і чарчэння Паўстынскай сярэдняй школы Аляксандр Альховік са сваімі вучнямі прадстаўляюць работы паўстынскага бондара

Які хлопчык не марыць налаўчыцца майстраваць розныя рэчы з дрэва?  У гэтым сэнсе вучням Аляксандра Альховіка — выкладчыка працоўнага навучання і чарчэння Паўстынскай сярэдняй школы Слуцкага раёна — пашанцавала: у іх добры настаўнік. Ён дасканала валодае сталярным рамяством і шчодра дзеліцца з падлеткамі яго сакрэтамі. Да таго ж Аляксандр Уладзіміравіч яшчэ і адмысловы бондар, які ахвотна раскрывае дзетвары таямніцы гэтай старажытнай справы.
Тут, у Паўстыні, на самым краечку Случчыны Альховік і нарадзіўся. Тут скончыў васьмігодку. Далей вучобу працягваў у адной з сярэдніх школ пасёлка Урэчча суседняга Любанскага раёна. Хто ведае, як бы склаўся лёс хлопца далей, але аднойчы ён убачыў бочачку для мёду, якая проста зачаравала юнака сваім хараством і вытанчанасцю. Са здзіўленнем даведаўся, што рабіў такія дзівосныя рэчы бацька аднакласніцы — Іван Магілявец. Праз аднакласніцу Аляксандр Уладзіміравіч і пазнаёміўся са знакамітым любанскім майстрам, бондарам-віртуозам.

Шлях да майстэрства

Альховік некалькі разоў наведваўся ў госці да Івана Нічыпаравіча, з захапленнем назіраў за яго работай. Бадай, тыя яркія ўражанні і падштурхнулі хлопца ўзяцца за такую ж справу. Аднак не адразу, спакваля.
Пасля выпускнога балю юнак паступіў у Бабруйскі аўтатранспартны тэхнікум. Перад апошнім курсам Аляксандра заклікалі ў армію. Служыць давялося ў Групе савецкіх войскаў у Германіі. Давучваўся пасля дэмабілізацыі.
На той час яго родная Паўстынская школа ператварылася ў дзесяцігодку. Неяк Альховіка, які на пару дзён завітаў у вёску, сустрэў дырэктар навучальнай установы і прапанаваў яму заняцца выкладаннем новага для школы прадмета — аўтасправы.  Доўга хлопец не вагаўся: хутка ён ужо расказваў вясковым дзяцям пра  ўстройства аўтамабіля, вучыў іх правілам дарожнага руху і ваджэнню транспартных сродкаў. Аказалася, што ў юнака някепскія педагагічныя здольнасці.
Так працягвалася восем гадоў — пакуль аўтасправу ў школах не скасавалі. Яе пачалі выкладаць у вучэбных камбінатах. У такі камбінат, створаны ў Грэску, запрасілі і Аляксандра Уладзіміравіча, але ён адмовіўся. Дырэктар Паўстынскай дзесяцігодкі прапанаваў застацца ў школе настаўнікам працоўнага навучання ды чарчэння.
Працаваць з металам Альховік добра ўмеў — усё ж такі аўтамабіліст! Таму і ў выкладанні такой навукі дзецям праблемы не ўзнікала. А вось усе тонкасці работы з дрэвам належала яшчэ толькі спасцігнуць. Хацелася ж навучыць школьнікаў не адно зашкурваць ручкі для рыдлёвак або малаткоў, а рабіць сур’ёзныя рэчы. Скажам, табурэткі або часопісныя столікі. Ды не абы якія, а ўпрыгожаныя разьбой. Настойлівасць і працавітыя рукі дапамаглі Аляксандру Уладзіміравічу хутка справіцца з такой задачай.
Паралельна ён вырашыў і другую праблему: начыніў школьную майстэрню неабходнымі станкамі і інструментам. Ды і ўласнай, дамашняй майстэрняй абзавёўся.
Сёння Альховік з задавальненнем дэманструе здымкі шыкоўных ложкаў, падставак пад кветкі, палічак пад телефоны, камодаў, куфэркаў, дзвярэй, кухонных сталоў ды крэслаў, якія настаўнік зрабіў сам і разам з вучнямі. У некаторых наборах няма ні адной прамой лініі! Ёсць і такі надзвычай арыгінальны набор, у якім і стол, і крэслы з’яўляюцца яшчэ і бочкамі для віна.
Так, у нейкі момант Альховікам авалодала ідэя: а чаму б не вучыць дзяцей бандарнаму рамяству?! Але ж для таго самому неабходна да драбніц асвоіць гэтае рамяство. І Аляксандр Уладзіміравіч  зноў зачасціў да Магіляўца. Але ўжо з прафесійнай цікаўнасцю.  Паўстынец пераняў у любанскага майстра многае, у тым ліку і высокую культуру працы з драўнінай, якая і ператварала вырабы Івана Нічыпаравіча ў творы прыкладнога мастацтва.

Реклама

Школа бандарнага рамяства

Праз колькі часу Аляксандр Уладзіміравіч і сам стаў майстрам. Яго бочачкі для мёду і віна, баклагі, вёдры для запарвання венікаў, піўныя кубкі, дзежачкі і іншыя рэчы ўражваюць сваёй філігранасцю, гармоніяй, прыгажосцю. Але вучань, як і належыць, пайшоў далей настаўніка: Альховік пачаў аздабляць свае работы вытанчанай разьбой. Усё разам і стала адметным, непаўторным стылем, творчым почыркам паўстынца. Зараз яго майстэрства пераймае вясковая дзетвара.
Аляксандр Уладзіміравіч не толькі вядзе ўрокі працоўнага навучання ў хлопчыкаў з пятага па дзевяты клас. Ён яшчэ вядзе факультатыў у дзесяці- і адзінаццацікласнікаў (юнакі самі пажадалі займацца ў майстэрні), а таксама гурток ад раённага цэнтра тэхнічнай творчасці вучнёўскай моладзі. Другімі словамі, аўтарытэт настаўніка Альховіка сярод мясцовых школьнікаў высокі.
-Я выкладаю хлопчыкам азы бандарнага рамяства, — гаворыць майстар. — Тую аснову, на якой ужо магчымы самастойны творчы рост.
Разам з децьмі Аляксандр Уладзіміравіч часты ўдзельнік самых розных выстаў. І ўсюды тыя работы  карыстаюцца вялікім попытам. Такія выставы яшчэ больш падахвочваюць дзяцей да работы з дрэвам. Сярод іх, напрыклад, сёмакласнік Віталь Шчарбачэня. Ён ужо даволі вопытны столяр і бондар, з якім раяцца і старшакласнікі.
Зусім нядаўна настаўнік з дзецьмі радстаўлялі свае работы ў Любані на абласным свяце «Дажынкі». Тут Альховіка ўгаварылі прадаць бочку-бар, якую майстар выканаў аж з сямі парод дрэў: дуба, ясеня, рабіны, слівы, яблыні і іншых. Раскупілі і драўляныя піўныя кубкі, зробленыя выхаванцамі бондара.
Дарэчы, да «Дажынак» паўстынец мае самае прамое дачыненне: трыццаць сезонаў ён дапамагае ўбіраць ураджай каласавых мясцовай гаспадарцы, працуючы на камбайне.
— Мой педагагічны стаж тры дзесяткі гадоў, — усміхаецца Альховік. — Не шкадую, што некалі выбраў такую прафесію. Але ёсць у мяне мара. Чуў, недзе ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці існуе адзіная ў рэспубліцы школа бандарнага рамяства. Дык вось, хачу, каб другая такая школа з’явілася ў Паўстыні. Калі хопіць сіл і часу, я яе ствару.

Сяргей Любшын

Бочка-бар
Бочка-бар

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии