Іванава палянка

0

Перад тым, як пачаць калектывізацыю ў нашай невялікай, на дваццаць сем двароў, вёсцы, камітэт беднаты, створаны пры сельскім савеце, з падачы раённых уладаў, пастараўся выслаць за Котлас, у тайгу, пяць сем’яў, не надта заможных, але залічаных у «кулакі» — для ўстрашэння тых вяскоўцаў, што засталіся. Хаты высланых хутка разабралі і бярвенні кудысьці вывезлі, пакінулі толькі гумны ды хлявы.

Пасля такой экзэкуцыі камбедчыкі сталі абыходзіць хаты і запісваць іх гаспадароў у ствараемы калгас з абагульваннем коней, збруі, павозак. Дайшла чарга і да Івана Сафронавіча Малевіча, мужчыны дзесьці за пяцьдзесят гадоў, і пачулі нечаканае і рашучае: «У калгас не пайду ні за што! Хачу гаспадарыць на сваёй зямельцы — як мой бацька». Жыў ён з жонкай Юляй у той палове дому, што ад сядзібы, а жанаты сын Алесь з жонкай Таццянай і васьмігадовым сынам Мішкам — у другой палове, ад вуліцы. Абедзьве хаты мелі па два вакенцы з двух бакоў, былі пакрыты саломай, падзялялі іх невялікія агульныя сенцы.

Алесь Іванавіч, сын, даў згоду ўступіць у калгас. Але яму мясцовая ўлада напомніла, каб раздзяліўся з бацькам-аднаасобнікам юрыдычна — як асобныя гаспадаркі. І напомнілі, каб не смеў бацьку падсабляць, а то, маўляў, наклічаш бяды на сваю галаву.
Іван Сафронавіч не разгубіўся і дамогся ад Урэцкага лясніцтва, каб за Барэцкім лесам, што ў кіламетры ад вёскі, яму выдзелілі на колішняй высечцы лапік зямлі пад ворыва. Просьбу яго задаволілі. Паспеў за нейкі месяц зладзіць сабе ладныя драбінкі з доўгім дышлам, да якога прывязаў карову, а яна была агульнай з сынам, і ездзіў на тую фазэнду, дзе чарнелі дзесяткі пнёў ад спілаваных дрэў. У ход ішлі сякера, рыдлёўка — тыя карчы з доўгімі каранямі выцягваў пакрыху, вяроўкай валачыў далей да лесу. Жонка тым часам карову пасвіла паблізу, даіла яе, малако з акрайцам хлеба быў іх полуднем, а рэшту сырадою ў даёнцы Юля прыносіла дамоў. У плуг ён запрагаў карову, і тая паціху крочыла па раллі. Яе ж запрагаў і пад барану.
Са спазненнем па тэрмінах, але пасеяў на тым палетку плошчай пад шэсцьдзесят сотак бульбу, ячмень, проса, грэчку. Хоць і без гною, аднак цаліна адплаціла шчодрым ураджаем. Сярпамі з жонкай зжалі ўсё, снапы звязалі ў сваё ацалелае гумно, ацапілі абмалацілі, правеялі пад вецер зерне. Частку яго абмянялі на жыта — каб мець свой хлеб на стале, бо сын Алесь з жонкай на заробленыя за год працадні прынеслі мяшэчак жыта з гірсам папалам, астатняе калгас здаў у нарыхтоўку, пакінулі рэштку на насенне.

Реклама

Гэты сповед аб сваім дзядулі Івану Сафронавічу я пачуў ад яго ўнука Міхаіла Аляксеевіча Малевіча, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, жыхара Слуцка. Яму ўжо споўнілася 86 гадоў, але ўспаміны дзяцінства захаваў да дробніц і шчодра падзяліўся са мною. Памятае, як яму, вучню-піянеру, дзядуля гаварыў неяк сцішана: «Толькі, унучак, не ўступай у камсамол і ў партыю бальшавікоў, бо ўсе яны — ад антыхрыста, цэрквы пазачынялі, няма куды пайсці памаліцца».

— Дзядуля быў адзін такі смелы аднаасобнік у вёсцы ці знайшліся яшчэ рашучыя «адказнікі» ад калгасу?
— Яго родны брат Павел Малевіч, ён жыў насупраць нас, праз вуліцу. Таксама ўжо немалады мужчына, жанаты, малазямельны. Ён уладкаваўся начным вартаўніком на Урэцкім бровары, меў там нейкі заработак, брагу на сваім коні прывозіў ў бочцы для каровы. А жонка запісалася ў калгас і хадзіла ў брыгаду на палявыя работы.

— Казалі ў вёсцы, што ваш дзядуля быў сапраўдным паляўнічым, меў сваю стрэльбу.
— О, добра памятаю, як ён зімой прынёс з лесу пару падстрэленых зайцаў, і бабуля частавала нас усіх смажанай зайчацінай. І гора яны абое перажывалі вялікае: без пары памерла іх родная дачка, што была замужам у вёсцы Ізбудзішча. Засталася без маці дзяўчынка-малалетка Ніна. Дзядуля даў ёй прытулак у сваёй хаце, дзяўчына была дагледжана, вырасла і пайшла, як казалі тады, на свой хлеб.

— Міхаіл Аляксеевіч, як вы памятаеце, у 1937 годзе за адну ноч «чоны воран» зацугляў аж траіх мужчынаў з вашай вёскі, двое з іх пасля смерці Сталіна вярнуліся дамоў, трэці недзе згінуў. Не баяўся дзядуля, што і яго, як аднаасобніка, могуць таксама пазбавіць волі?
— Напэўна, баяўся, але ўсё ж разлічваў на міласць пляменніка, які ў той год быў старшынём Мялешкаўскага сельсавета, куды ўваходзіла і наша вёска. За Паўлам, яго братам, дзякуючы такой радні таксама не прыслалі з горада «чорны воран».

— А ў гады нямецкай акупацыі дзядуля па-ранейшаму ездзіў на карове да свайго надзелу за лесам?
— У 1941 годзе вясною ездзіў, сеяў усё, што яму хацелася, а з лета мог ужо карыстацца калгасным канём. Але пасля смерці жонкі аднаму было не пад сілу шчыраваць на той дзялянцы. Часта хварэў, кашляў і ў той год, восенню, памёр. Усе пасляваенныя гады лапік зямлі за лесам вяскоўцы называлі «Іванава палянка».

Абедзьве хаткі, у якіх жыў вольны земляроб з сынам, нявесткай, унукам, гады чатыры як запусцелі, сядзіба зарасла быльнягом — няма каму гаспадарыць. Як і на сямі іншых закінутых падворках. У вёсцы з пакалення майго субяседніка засталося ўсяго шэсць састарэлых пенсіянераў, каму ўжо за семдзесят.

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии