Бабіна лета

0

Цудоўная, непаўторная пара — залатая восень. Яна здзіўляе багаццем фарбаў. Бледна-жоўтае лісце беластволай бярозы чаргуецца з жоўта-чырвоным граба і клёна. Асіна гарыць барвова-чырвоным лісцем. На ўзлесках кідаюцца ў вочы чырвоныя ягады каліны, шыпшыны і рабіны.

Туманы густыя і дажджы не здольны затрымаць моцнай плыні развітальных сонечных праменяў на зямлю, не перашкодзяць прыходу бабінага лета. Восень раптам праясняецца і надзяляе ласкай і цяплом. У чыстым блакітным з раніцы да вечара небе шчыруе падабрэўшае ліслівае сонейка. І ўсё навокал ажыло і павесялела. Дні стаяць ціхія, сонечныя, поўныя мяккай задуменнасці і хараства! Утульна становіцца вакол.
Усюды на зямлі трыумф цяпла і света. Паветра нават асаблівае — свежае, чыстае. Лёгка дыхаецца. Шырока адкрываюцца далягляды, у лёгкай блакітнай дымцы. Цяпер выразна вырысоўваюцца лугі, палі, хмызнякі і пералескі. А ранкам над палямі, у нізінах, уздоўж дарог плыве туман. Ён хутка рассеяцца і зазіхаціць у іскрах расы.
У паветры плыве павуцінне. Тонкія серабрыстыя валаконцы асядаюць на зямлю, чапляюцца за траву, платы, белым інеем сярабрацца і вісяць на галінках дрэў, кустоў. Зямля набывае матава-белы колер, а валаконцы ўсё ткуцца і ткуцца, плывуць у паветры.
— Бабіна лета настала, — з заміленнем кажуць у народзе. Прыйшоў першы перыяд з устойлівым восеньскім надвор’ем. Сонца, перасякаючы нябесны экватар, пасылае развітальнае цяпло на зямлю. Гэтая плынь цяпла і дапамагае некаторы час процістаяць наступаючаму холаду.
Шмат ёсць легенд аб павуцінні, што лятае ў пару бабінага лета. Вось адна з іх. Маці Ісуса Хрыста Марыя спрабавала сшыць перададзеную ёй вешчунамі пялёнку для сына. Але як толькі яна дакранулася іглой да пялёнкі, вецер вырваў нітку з іголкай і панёс. Колькі не спрабавала Святая Марыя працягваць нітку, яна вырывалася і адлятала. А праз некалькі гадоў, калі Святая Марыя плакала каля распятага на крыжы Сына, ніткі, якія калісьці вырываліся з яе рук, сабраліся з усіх канцоў свету і, абвіўшыся вакол крыжа, утварылі выратававальную мяккую пялёнку. З-пад яе пачуўся голас Сына:
— Мама, навошта ты імкнешся зменшыць мае пакуты? Ніткі Прасвятой Дзівы, пакіньце мяне і ідзіце закрываць гора чалавечае!
З таго часу і лятаюць ніткі па ўсяму свету восенню пасля 21 верасня (дня нараджэння Багародзіцы Марыі). Кожны з нас, вядома, бачыць іх — гэтае асенняе павуцінне.
Нішто жывое не траціць цяпер дарэмна гэтых апошніх залатых дзянькоў. Хто спяшаецца цёплае жыллё ўладкаваць, хто назапашвае на зіму кармы, хто проста жыруе, набіраецца сілы.
Але кароткія яны, гэтыя дзянькі бабінага лета. Глядзіш — зноў схавалася за хмары сонца, зачасцілі дажджы, падзьмулі халодныя вятры. Кудысьці пахаваліся птушкі, стракозы, мурашкі, казюлькі. Лістапад атрасае з дрэў лістоту, усцілае зямлю рознакаляровым дываном.
Бабіна лета — падарунак усяму жывому. Бывай, залатая восень!

Міхась Масюк

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии