Віктар Долбік: «За кожны заказ даводзіцца пазмагацца»

0

Слесар-электрык Сяргей Пушчанка і начальнік аўтарамонтнага ўчастка Аляксандр Дубовік капітальна рамантуюць чарговы УАЗ
Слесар-электрык Сяргей Пушчанка і начальнік аўтарамонтнага ўчастка Аляксандр Дубовік капітальна рамантуюць чарговы УАЗ

Адкрытае акцыянернае таварыства «Слуцкі завод падымальна-транспартнага абсталявання» выпускае электрычныя талі, апорныя і падвясныя краны, краны лёгкія казлавыя і кансольна-стацыянарны і многае іншае. Тавар патрэбны, але надта хадавым яго не назавеш. На гэта ўплывае і тое, што тэрмін службы грузападымальных прыстасаванняў даволі працяглы: замена неабходна гадоў праз пятнаццаць-дваццаць.

«Раней, канешне, было інакш, — расказвае Віктар Долбік, дырэктар ААТ. — У Савецкім Саюзе мы былі амаль што манапалістамі. У чарзе за прадукцыяй прадпрыемства стаялі сотні суб’ектаў гаспадарання. Зараз нават у межах Беларусі ў завода досыць канкурэнтаў. За кожны заказ даводзіцца пазмагацца — выйграць тэндэр. Сёлета ж справу ўскладніў яшчэ і сусветны фінансава-эканамічны крызіс: многія нашы кліенты, плацежаздольнасць якіх пахіснулся, зварочваюць заказы».

Реклама

Крызіс стымулюе

Але нават у такіх няпростых умовах прадпрыемства, па прызнанню кіраўніка, працуе паспяхова. Летась за першае паўгоддзе рэнтабельнасць тут складала 5,1 працэнта, сёлета за такі ж перыяд яна вырасла на працэнт. Крыху павялічыўся чысты прыбытак. Сродкаў хапае, каб частку іх укладваць у абнаўленне і мадэрнізацыю вытворчасці. Нядаўна, напрыклад, завод набыў самы сучасны зварачны апарат.
За кошт чаго ААТ удаецца заставацца на плыву? Па мяркаванню Віктара Долбіка, прадпрыемства мае разнастайны парк такарных, фрэзерных, свідравальных і іншых станкоў, якія абслугоўваюць кваліфікаваныя спецыялісты. Гэта дазваляе брацца за любыя нават самыя складаныя і нестандартныя заказы. Сёлета ААТ вырабляла кантэйнеры для захоўвання сыроў для малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў, майстравалі вагавыя для газавікоў. Да таго ж на аснове кааперацыі завод збіраў рэдуктары і некаторыя дэталі для бабруйскіх і лідскіх аграмашаўцаў.
Імкнучыся ўмацаваць сваё становішча на рынку, прадпрыемства пашырае наменклатуру ўласнай прадукцыі. Так, напрыклад, тут пачалі выпускаць кансольна-стацыянарныя краны з механічным паваротам (раней паварочвалі ўручную). Акрамя таго, вырашана аднавіць выраб электрычных таляў грузападымальнасцю пяць тон. На будучы год намячаецца асвоіць вытворчасць паўказлавых і казлавых кранаў, а таксама дзвухбалачных кранаў.
У канструкцыю ўсіх вырабаў, як адзначаюць інжынерныя службы, уносяцца змяненні, накіраваныя на паляпшэнне якасці, на павелічэнне тэрміна службы. Мноства такіх змяненняў звязана са зніжэннем сабекошту прадукцыі.
Стымулюецца тут і рацыяналізатарскі рух, у якім дырэкцыя зноў жа бачыць эфектыўны рэзерв для ўмацавання канкурэнтаздольнасці вырабаў. Сярод самых актыўных рацыяналізатараў галоўны тэхнолаг Святлана Махлай, канструктар Уладзімір Нічыпурэнка, начальнік інструментальнага ўчастка Аляксандр Мірончык, начальнік цэха Павел Савановіч і другія супрацоўнікі.

Арыенцір — унутраны рынак

У мінулым годзе, як адзначыў кіраўнік, прадпрыемства павялічыла экспартныя пастаўкі - у асноўным у Расійскую Федэрацыю. Крызіс гэтую дзейнасць сур’ёзна затармазіў. Але не спыніў і вымусіў больш рашуча шукаць новых дзелавых партнёраў у Расіі. У бліжэйшых планах ААТ адкрыць сваё прадстаўніцтва на Урале, каб прасоўваць прадукцыю ў сібірскі рэгіён суседняй краіны — там слуцкую марку добра памятаюць яшчэ з савецкіх часоў. Акрамя таго, зараз вядуцца перамовы наконт продажу вырабаў завода ў Казахстан.
І ўсё ж галоўная арыентацыя завода на ўнутраны рынак. У ліку тых, хто набывае прадукцыю случчан, і «Беларуськалій», і «Беларусьнафта», і Магілёўскі завод электрарухавікоў і шэраг іншых.
На заводзе захавалі аўтарамонтны ўчастак.
— Мы па-ранейшаму даводзім да ладу УАЗы, — гаворыць начальнік гэтага ўчастка Аляксандр Дубовік. — І паверце: лепш нас ніхто ў рэспубліцы таго не робіць. На заводзе і вопытныя спецыялісты засталіся, і належная апаратура. Праўда, зараз колькасць УАЗаў, якіх дастаўляюць сюды для капітальнага рамонту, значна зменшылася. Таму мы рамантуем яшчэ і прыватныя легкавушкі і мікрааўтобусы.

Сяргей Любшын

Даведка «Кур'ера»

Гісторыя завода пачалася з невялікай рамонтнай майстэрні, пабудаванай у 1930 годзе на тэрыторыі машына-трактарнай станцыі. Яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны майстэрня ператварылася ў адно з буйнейшых прадпрыемстваў Слуцка па рамонту колавай тэхнікі. Статус аўтарамонтнага завода майстэрня атрымала ў 1945 годзе. Пазней вызначылася і спецыялізацыя прадпрыемства: рамонт аўтамабіляў сямействаў ГАЗ і УАЗ. У 1961-м завод пачаў выраб грузападымальных прыстасаванняў. Сёння гэта яго асноўны від дзейнасці.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии