Новая прыкмета

0

З дзяцінства чуем ад старэйшых шэраг прыкмет, з якімі потым, як правіла, і крочым па жыцці. Верым гэтым прыкметам ці не верым, але, пагадзіцеся, на ўсякі выпадак здымаем шапку, быццам паправіць яе хочам, калі чорная кошка перабяжыць дарогу. А калі суседка з пустым вядром пераходзіць вуліцу, зноў жа чакаем яе вяртання ад калодзежа з поўным: вось тады і можна выходзіць з двара. Кажуць, калі хлопец жэніцца ў даждлівы дзень, маладая сям’я жыць будзе багата. На днях вось быў вачавідкам новай прыкметы.

Жыў на вёсцы здатны маладзец. Не раз бацькі казалі яму: «Жаніцца пара». Дзяўчаты таксама паглядалі хлопцу ў след. Але той нешта не зважаў на іх. Сябрукі даўно пажаніліся, а наш маладзец не жанатым ходзіць. Так і з’ехаў ён у горад.
Трыццаты гадок быў на падходзе, як хлопец у бацькоў аб’явіўся з дзяўчынаю: «Бацька, жаніцца буду». Абрадаваліся ўсе ў бацькавай хаце. Хуценька гасцей пазвалі. А ў прызначаны суботні дзень пайшлі ў свой вясковы сельсавет. Як выходзілі, дык усе запрошаныя ў першую чаргу зорка глядзелі, каб чорнай кошкі суседскай чорт не прынёс ці сама суседка каб з пустым вядром не выйшла насустрач.
Абняўшы сваю будучую жонку амаль за голыя плечы, наш маладзец вёў па вуліцы да сельсавета за сабою ўсіх гасцей Па ўсім прыкметам павінна было быць усё добра. Але хто ведае, дзе чакае цябе ліха? Калі сталі ўзыходзіць на ганак сельсавета (а ён высокі, у некалькі прыступак), раптоўна жаніха нешта спужала: ён стаў быццам па камандзе «смірна», спужана лыпаў вачыма. З заду напіралі госці, а жаніх стаяў на месцы нерухома.
Ад чалавека да чалавека панеслася: «Што здарылася?» І тут жаніх нясмела прагаварыў: «Крэсла ў штанах разарвалася». Сапраўды, штаны разышліся так, што калашына ад калашыны чуць не аддзяліліся.
Ці ганак высокі, ці касцюм кітайскага вырабу, ці сіла маладзецкая таму прычынаю, але сталі раіцца, што рабіць. Спрабавалі спачатку скалоць штаніны шпількамі.
Аднак затым вырашылі: жаніх з нявестаю вяртаюцца, каб зашыць прарэх.
Сярод людзей пачулася: «Нядобрая прыкмета». Толькі старэнькая бабулька, што стаяла з кіёчкам каля плоту, зычна аб’явіла, што гэта прыкмета вельмі добрая. Мусіць, у прыкметах яна ўсё ж такі разбіралася. Вяселле было, як і належыць, багатым і вяселым, а маладзіца выглядала шчаслівай, зняўшы свае вясельныя лодачкі, задаволена танчыла басанож.
На тым вяселлі і я быў, гарэлку піў, смачны каравай вясельны еў і прыкмету новую запісваў.

Уладзімір Дамеля

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии