Цікавую гісторыю пра буслоў і малое буслянё паведала жыхарка Салігорска Ніна Паўлава.
Ніна Рыгораўна Паўлава з буслянём
«Больш за дзесяць гадоў я вяду назіранні за жыццём буслоў на буслянцы, што на таполі каля роднай хаты ў вёсцы Замошша Любанскага раёна. Усё найбольш важнае пазначаю ў спецыяльным дзённіку. За гэтыя гады буслы сталі як бы членамі нашай сям’і. Штогод мы чакаем сустрэчы з імі быццам з роднымі дзецьмі.
У гэтым годзе з прыходам вясны нашых буслоў чамусьці не было. Я хвалявалася, а пасля, невядома з чаго, цяжка захварэла. Думала ўжо, што памру, не ўбачыўшы сваіў буслікаў.
У галаву лезлі ўсякія нядобрыя думкі: «Буслы не хочуць бачыць смерць, таму не прылятаюць». На чужых буслянках нават вывеліся бусляняты, а нашых усё яшчэ не было. Здароўе маё не паляпшалася.
Праз некалькі дзён на світанку ўсё ж такі над хатай я пачула птушыны гоман. На буслянцы стаяў адзін бусел і клякатаў. Чамусьці здавалася, што ў яго клёкаце не радасць, а нейкая невядомая мне журба.
Крыху пазней я зразумела гэты сігнал птушкі: бусел прыляцеў адзін, без сяброўкі. Ён ладзіў гняздо, некуды на доўга адлятаў і вяртаўся назад. Толькі ў канцы мая прывёў у гняздо сяброўку. Гэта была другая бусліха.
На буслянцы пачалося звычайнае буслінае жыццё. Я назірала за ім і нават не заўважыла, як стала адчуваць сябе лепш. Да восені птушкі мяне вылечылі, аднак паставіць на крыло сваё буслянё не паспелі.
Прыйшоў час адлёту. Над нашай хатай доўга кружыла птушыная чарада. З ёю, заўважыла, адляцелі і мае буслы, паверыўшы, мабыць, мне, што малое застаецца пад надзейнай аховай.
Буслянё, на шчасце, вельмі хутка прызвычаілася да новай сітуацыі. Вось сёння ходзіць па двары, дружна ўжываецца з кошкаю, у якой сямёра кацянят. Часта туліцца да маіх ног, каб пагладзіла. Часам спрабуе моц сваіх крылаў. Але двор малы: разагнацца тут немагчыма. Ды і куды аднаму ляцець? Няхай ужо зімуе ў мяне: разам будзе весялей».
Уладзімір Амяльчэня