Гарадской плошчы Слуцка — 500 год

0

Цэнтральнай плошчы Слуцка, на якой жыхары горада звычайна адзначаюць святы і значныя падзеі, споўнілася 500 гадоў. Гэта можна сцвярджаць абапіраючыся на дакументы, аналізуючы і супастаўляючы падзеі пачатку XVI стагоддзя ў нашым краі. З упэўненасцю можна гаварыць і аб тым, што яе заснавальніцай з’яўляецца легендарная княгіня Анастасія Слуцкая. Пра гісторыю аднаго з самых старажытных месцаў горада і пойдзе размова ў дадзеным матэрыяле, які дапаўняюць унікальныя фотаздымкі, зробленыя на працягу апошніх ста гадоў.

Ад Анастасіі Слуцкай да Вялікай Айчыннай вайны

Пляц, які займае цяпер цэнтральная гарадская плошча, а таксама прылягаючыя да яго тэрыторыі, да ХV стагоддзя ўяўляў сабою месца ціхае, якое людзі наведвалі толькі зрэдку. Сам горад размяшчаўся па другі бок Бычка — рачулкі, якая па паўнаводнасці ў тыя далёкія часы наўрад ці саступала цяперашняй Случы. З горада сюды трапіць можна было па масту, ад якога разбягаліся дзве дарогі: адна паварочвала на поўнач і вяла да Капыля, па другой дабіраліся да Троіцкага манастыра. Гэты незаселены заходні бераг Бычка з даўніх часоў быў выбраны і для размяшчэння могілак.
Першыя пасяленні тут з’явіліся ў ХV стагоддзі. А на пачатку ХVІ стагоддзя сюды перанеслі гандлёвую плошчу. Вакол яе пачалі фарміравацца новыя гарадскія кварталы.

Часам заснавання плошчы на новым месцы (перад тым яна была там, дзе цяпер знаходзіцца вуліца Піянерская — ад рэстарана «Вежа града» да маслабазы) мы можам назваць 1509 год, а звязана гэта падзея з імем слуцкай княгіні Анастасіі Алелькавіч. Менавіта пад яе кіраўніцтвам пачалося аднаўленне горада пасля татарскіх нападаў, да якіх у 1508 годзе дадалася аблога горада войскамі мяцежнага князя Міхаіла Глінскага. У 1509 годзе пачаліся будаўнічыя работы на дзядзінцы — Верхнім замку, дзе ўзвялі новы Успенскі сабор. Побач, на месце ранейшай гандлёвай плошчы, з’явіўся яшчэ адзін замак — Ніжні.
Такім чынам, сёлета мы можам адзначыць пяцісотгоддзе цяперашняй плошчы і ўспомніць імя заснаваўшай яе знакамітай слуцкай княгіні.

Реклама

Новая плошча, у адрозненне ад ранейшай, якая фарміравалася стыхійна і не мела строгай архітэктурнай формы, набыла выгляд выцягнутага ў даўжыню чатырохвугольніка. Яна размясцілася на захад ад замка і выходзіла на бераг Случы. З Зарэччам яе злучыў мост, у паўночным накірунку адыходзілі вуліцы Капыльская і Прозараўская, на захад — Віленская. Пасярэдзіне выцягнуліся два драўляныя гандлёвыя рады. Лаўкі і крамы размяшчаліся таксама па перыметры плошчы.
Адмысловы парадак гандаль набыў у 1652 годзе, калі было адноўлена Магдэбургскае права і гарадскімі справамі, акрамя княжацкай адміністрацыі, пачаў займацца магістрат. Недалёка ад плошчы, на рагу вуліц Віленскай і Прозараўскай, з’явілася ратуша. Пры павароце з Віленскай на Вялікі мост размясцілася аўстэрыя (сумяшчала функцыі гасцініцы і карчмы).
У адпаведнасці з Магдэбургскім правам, акрамя звычайнага торгу, што праводзіўся па панядзелках і суботах, два разы на год адбываліся кірмашы. Да іх у 1782 годзе дадаўся яшчэ адзін летні кірмаш, які працягваўся чатыры тыдні.

Плошча была не толькі месцам гандлю, але і сапраўдным грамадскім цэнтрам. Яна бачыла з’явы цікавыя, а часам і трагічныя. Напрыклад, у 1669 годзе на ёй былі публічна бітыя кнутамі кіраўнікі выступлення слуцкіх мяшчан супраць гарадской вярхушкі. А ў перыяд Паўночнай вайны, калі ў студзені 1705 года ў горад увайшлі драгуны войска літоўскага і вырашылі спагнаць з жыхароў трынаццаць тысяч злотых на выплату жаўнерам, на плошчы сабраліся незадаволеныя ўзброеныя гараджане і распачалі бойку з вайскоўцамі. Развёў варагуючыя бакі гарнізон слуцкага князя. Пераможцамі засталіся случакі, а літоўскае войска пасля гэтага Слуцк пакінула.

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя, у сувязі з правядзеннем па тэрыторыі Старога горада новай дарогі (цяперашняя вуліца Леніна), гандлёвую плошчу крыху перамясцілі на поўнач, у месца злучэння новай дарогі і вуліцы Капыльскай. Па яе перыметру, а таксама ўздоўж бакоў прылеглых вуліц, пачалі з’яўляцца мураваныя будынкі. Пераважна былі гэта адна- і двухпавярховыя дамы, як правіла, занятыя крамамі. А на плошчы размясціліся драўляныя латкі, на змену якім напрыканцы ХІХ стагоддзя прыйшлі драўляныя павільёны. Менавіта іх можна бачыць на здымку слуцкай плошчы 1915 года.

Гандаль на цэнтральнай плошчы. 1915 год

Гандаль на цэнтральнай плошчы. 1915 год


У кастрычніку 1917 года на плошчы было абвешчана ўсталяванне Савецкай улады.

У 1930-я гады гандлёвую плошчу з цэнтра перанеслі на тагачасную заходнюю ўскраіну горада, дзе яна знаходзіцца і цяпер. А вызваленую тэрыторыю добраўпарадкавалі, узвялі двухпавярховы будынак Дома саветаў, перад ім напрыканцы 1930-х гадоў усталявалі помнік Леніну.

План горада Слуца (XVII-XVIII стст.)

Уся тэрыторыя Слуцка ў ХVІІ - ХVІІІ стагоддзях была абнесена земляным абарончым валам, які ў плане нагадваў форму круга. У бок поля праз пэўныя адрэзкі вал меў выступы — бастыёны. Перад валам размяшчаўся запоўнены вадою роў. У горад трапіць можна было праз размешчаныя ў вале чатыры брамы: тры — у Старым горадзе, адну — у Новым. У цэнтры, пры ўпадзенні ў Случ Бычка, знаходзіўся Верхні замак, побач з ім — Ніжні. На захад ад Верхняга замка, за Бычком, ляжала гандлёвая плошча.

Гандлёвыя лаўкі размяшчаліся і па баках Вялікага маста, які плошчу злучаў з Зарэччам. У Зарэччы (Новым Слуцку) таксама меўся невялікі пляц, які прылягаў да маста, адведзены пад гандаль. Складзеная ў даўнейшыя часы планіроўка ў значнай меры вызначае і цяпер характар цэнтра горада: лініі старажытных валоў адпавядаюць адрэзкі вуліц Працоўных і Канановіча (колішняя Падвальная, ішла паралельна валу). Пад сваімі імёнамі захаваліся самыя старажытныя вуліцы Капыльская і Віленская, галоўныя вуліцы Новага Слуцка цяпер маюць назвы імя Максіма Багдановіча (былая Навамейская) і Камсамольская (мела назвы Сенатарская і Шырокая). Месцу Новага замка (Цытадэлі) адпавядае ўзвышэнне ў канцы вуліцы Камсамольскай, дзе ўсталяваны помнік Чатырнаццаці слуцкім партызанам.

План горада Слуцка XVII-XVIII стст.

План горада Слуцка XVII-XVIII стст.

Пасляваенны час і сучаснасць

Пад час Вялікай Айчыннай вайны забудова вакол плошчы значна пацярпела. Найбольш моцна быў разбураны двухпавярховы будынак гарсавета. Але ўжо ў канцы 1940-х гадоў яго аднавілі. За аснову забудовы горада, як і цэнтральнай плошчы, быў узяты яшчэ даваенны генеральны план развіцця Слуцка, распрацаваны архітэктарам Георгіем Парсаданавым.

На пачатку 50-х гадоў з двух бакоў плошчы пабудавалі трохпавярховыя жылыя дамы, а з другога боку вуліцы Пралетарскай (цяпер Леніна) — памяшканне райкама партыі. У выніку яна атрымала гарманічны завершаны выгляд. У такім абліччы плошча праіснавала да сярэдзіны 1980-х гадоў. Тады мясцовыя ўлады прынялі рашэнне аб зносе старога будынку гарсавета і будаўніцтве новага. У той жа час плошчу ўпрыгожылі фантаны. Але неабходнасць рэканструкцыі горада да свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2005» зноў змяніла знешні выгляд плошчы: помнік Леніну перанеслі на другі бок вуліцы, фантаны зніклі, а ўся яе тэрыторыя была выкладзена тратуарнай пліткай. Навакольныя будынкі пакрылі тынкоўкай і пафарбавалі.
Менавіта так цэнтральная плошча выглядае і цяпер.

Цікава, што змены знешняга выгляду плошчы з цягам часу прыводзілі і да змен яе функцыянальнага прызначэння. З пасляваеннага часу і амаль да пачатку 1990-х гадоў тут праводзіліся толькі афіцыйныя дзяржаўныя святы: дэманстрацыі і мітынгі 1 Мая, 7 Лістапада. Праваахоўныя органы пільна адсочвалі, каб тут па вечарах не збіралася моладзь. І не дай Божа, каб хто на плошчы выпіў бутэльку піва. Такім чынам, яна яшчэ зусім нядаўна мела яскрава выяўлены ідэалагічны каларыт.

У гэтым плане паказальны такі эпізод. Адразу пасля вайны і да сярэдзіны 1960-х гадоў калоны дэманстрантаў рухаліся праз плошчу з боку парку ва ўсходнім напрамку. Потым накірунак святочных калон кардынальна змяніўся. Дэманстранты сталі рухацца ад кінатэатра «Цэнтральны» ў бок гарадскога парку. Прычына мела ідэалагічную афарбоўку. Партыйныя чыны звярнулі ўвагу на тое, што фігура Леніна абавязана сустракаць дэманстрантаў-случчан павернутым да іх тварам, а не плячыма, як гэта было раней…

Але хвалі часу прывялі да значных зменаў. Каля фантанаў пачалі збірацца людзі, каб адпачыць. Моладзь аблюбавала плошчу для язды на ролікавых каньках. Перанос помніка Леніну і масавыя гулянні тут случчан пад час «Дажынак» паклалі пачатак новай традыцыі: усе масавыя гарадскія мерапрыемствы праводзяцца цяпер на плошчы. Ідэалагічная стрыманасць адышла ў мінулае. А плошча, заснаваная Анастасіяй Слуцкай пяцьсот гадоў таму, зноў стала адным з любімых месцаў жыхароў старажытнага горада.

Ігар Ціткоўскі, Сяргей Багдашыч

Плошча ў першы дзень акупацыі Слуцка нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 27 ліпеня 1941 года

Плошча ў першы дзень акупацыі Слуцка нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 27 ліпеня 1941 года
Жыхары Слуцка вітаюць вызваліцеляў горада. Цэнтральная плошча 2 ліпеня 1944 года
Жыхары Слуцка вітаюць вызваліцеляў горада. Цэнтральная плошча 2 ліпеня 1944 года
Кастрычніцкая дэманстрацыя. Канец 1940-х гадоў
Кастрычніцкая дэманстрацыя. Канец 1940-х гадоў
Панарама плошчы імя Леніна. Сярэдзіна 1960-х гадоў
Панарама плошчы імя Леніна. Сярэдзіна 1960-х гадоў
Святочны канцэрт на плошчы пад час "Дажынак-2005"
Святочны канцэрт на плошчы пад час «Дажынак-2005»

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии