Лепшае месца для рыбакоў

0

Па выніках працы за другі квартал гэтага года работа адкрытага акцыянернага таварыства «Рыбакамбінат «Любань» па арганізацыі аматарскай лоўлі рыбы прызнана лепшай сярод сямнаццаці рыбгасаў рэспублікі.

Любанчане, паводле слоў Сяргея Макаранкі, дырэктара ААТ, абагналі ў гэтай даволі прыбытковай справе нават такіх грандаў, як рыбгасы «Навінкі» і «Волма».
Па падліках Івана Абчынца, галоўнага майстра прамысловай і аматарскай лоўлі рыбы, за час з красавіка па жнівень рыбакі-аматары вылавілі звыш дваццаці адной тоны рыбы. «Выручыў жа камбінат ад прадастаўлення такой паслугі насельніцтву сто мільёнаў рублёў. Такім чынам, мы ўжо выканалі гадавое заданне па гэтаму паказчыку. Зараз уся выручка — звышпланавая. Жадаючых жа закінуць вуды ў нас пакуль не змяншаецца», — сказаў ён падчас размовы з карэспандэнтам.
Для аматарскай лоўлі рыбы рыбгас адвёў маляўнічую верхнюю адзінаццатую сажалку са зручнымі пад’язднымі шляхамі. Водная люстра яе складае шэсцьдзесят тры гектары. Што тычыцца насельнікаў гэтага вадаёма, то тут іх вельмі багата: і карпы, і карасі, і плоткі, і ляшчы, і шчупакі, і акуні. Чатыры гады ў сажалцы не праводзілася прамысловая здабыча рыбы, таму яна вырасла тут да самавітых памераў. Сёлета адзін з асабліва ўдачлівых рыбакоў выцягнуў карпа вагой амаль дзесяць кілаграмаў. А другому патрапіўся шчупак вагой сем кілаграмаў.
«Мы пільна сочым, каб колькасць воднай жыўнасці ў сажалцы не змяншалася, — расказвае Іван Абчынца. — І амаль кожны тыдзень запускаем у вадаём па тоне і больш рыбы. Яно і зразумела: такі «саматужны» спосаб рэалізацыі прадукцыі рыбгас вельмі задавальняе.
Усё гэтае багацце і прываблівае аматараў рыбнай лоўлі ледзь не з усёй рэспублікі. Яны едуць сюды і з Гродна, і са Светлагорска, і з Гомеля, і з Магілёва. Асабліва ж часта тут бываюць жыхары суседніх гарадоў - Слуцка, Салігорска, Бабруйска. У выхадныя дні народу збіраецца чалавек пад паўтары сотні. А з пачатку года сажалку наведалі звыш чатырох тысяч рыбакоў-аматараў».
Вабіць іх, на думку кіраўніцтва рыбакамбіната, і іншае. Каб было зручна закідваць вуды, на берагах устаноўлена сотня масткоў, змайстраваных спецыяльна для рыбаловаў. Акрамя таго, тут дазваляюць заставацца на суткі (гэта каштуе крыху даражэй). Вакол расце лес — ёсць дзе паставіць палатку, развесці вогнішча і прыгатаваць смачную юшку. Персанал сочыць і за тым, каб заўсёды былі дровы. Ёсць тут і стрэшкі з мангаламі.
«Людзі прыязджаюць да нас круглы год, — працягвае майстар. — Зараз вось месяцы праз два перастане брацца карп, і надыдзе час для спінінгістаў - лаўцоў шчупакоў і акунёў. А калі тут усё замерзне — пачнецца падлёдная рыбалка. Праўда, аматараў здабываць рыбу зімой менш. Аднак мы і ім рады. Спецыяльна для іх у нас маецца з паўсотні стульчыкаў: каб было зручна сядзець на лёдзе».
Рыбакамбінат, па словах дырэкцыі, мае намер і далей развіваць гэты выгадны бізнес. У перспектыве тут намячаюць узвесці штосьці накшталт невялікай гасцініцы. Для тых, каму жыццё ў палатцы не падабаецца.

Сяргей Любшын

Реклама

Рыбнае багацце “Рыбакамбіната “Любань” і прапануемыя ўмовы для лоўлі рыбы, па словах дырэкцыі, прывабліваюць аматараў рыбалкі ледзь не з усёй рэспублікі
Рыбнае багацце «Рыбакамбіната «Любань» і прапануемыя ўмовы для лоўлі рыбы, па словах дырэкцыі, прывабліваюць аматараў рыбалкі ледзь не з усёй рэспублікі

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии