Апошні дзень у Усцьвымлагу

0

Наступала пара доўгай паўночнай восені пяцьдзесят чацвёртага года. Сплаў драўніны па рацэ Вымь быў скончаны.

Начальства Усцьвымлага — адной з многіх устаноў ГУЛАГа ў Комі АССР — рапартавала аб выкананні плана і перагрупіроўвала  рабочую сілу да будучага сезону. Для гэтага частка арыштантаў адпраўлялася на лесазагатоўчыя лагпункты, каб да вясны нарыхтаваць тысячы кубаметраў новай драўніны, а затым, як толькі сыйдзе лёд, зноў сплавіць іх па рацэ Вымь да лагера на чыгуначнай станцыі       Княж-Пагост. Тут моцнае цячэнне ракі на апошнім павароце перад больш магутнай ракой Вычагда кожнае браўно прыб’е да берага. І па сетцы наплыўных бонаў працавітыя рукі знявольнікаў рассартыруюць іх да патрэбных браўнотасак, з дапамогай каторых выцягнуць з вады і пагрузяць у чыгуначныя вагоны. Прымай, Радзіма, павінны дар ад табою асуджаных тваіх сыноў!

Трое туліліся да борта шаланды, якую цягнуў на буксіры ўверх па рацэ невялічкі кацер. Дзьмуў халодны імжлівы вецер. І часам нельга было разабраць: гэта такі дождж ці суцэльны паток вады. Тады гэтыя людзі накрывалі свае галовы бушлатамі. Вада за бартом, вада ў паветры, вада сцякае з вопраткі…
Калі кацер стаў падыходзіць да чыгуначнага маста, ад якога неслася рэха праходзячага цягніка, Васіль не ўтрымаўся, каб у апошні раз не паглядзець на гэту велічную пабудову. За час знаходжання ў лагеры не адзін раз даводзілася бачыць, як цягнік з гулкім звонам імчаўся праз мост. Па яго гулу, не бачыўшы, можна было вызначыць, куды ён накіроўваецца. Звычайна на поўнач ішлі пустыя вагоны. Тады мост звінеў хоць і зычна, але лёгка. Гул далятаў і хутка знікаў. Калі цягнік рухаўся з поўначы, пад вагонамі, запоўненнымі варкуцінскім вуглём ці лесам з Цімонскага ўзвышша, мост, здавалася, ужо цяжка і глуха стагнаў.
Васіль стаяў, прыпёршыся да борта каленам, каб трымаць раўнавагу ад гойдання шаланды, і дзівіўся гулкім мастом з праходзячым цягніком. У перадзе саставу натужна пыхцелі два паравозы, у хвасце яго папіхаў трэці паравоз. Разагнаўшы ўвесь састаў ад станцыі крыху далей за мост, задні паравоз вяртаўся назад. Гэта значыла, што цягнік цалкам сфарміраваны на станцыі Княж-Пагост і вагоны запоўнены лесам.
Васіль стаяў і дзівіўся веліччу маста. Апошні раз ён дзівіцца яго прыгажосцю. Заўтра будзе дзень яго вызвалення. З дзесяці гадоў знаходжання ў лагеры два першыя працаваў на будоўлі маста. Уцалеў, ні аднаго разу не ўпаў у халодныя хвалі ракі. А колькі загінула тут?! Здаралася, што некаму шанцавала выбрацца з вады па слізкіх сваях. Але большасці было наканавана знікнуць у халодных хвалях.

Реклама

Кацер за мастом прыбівала цячэннем да правага берага.  Паўночная рака рабіла паварот на паўднёвы захад, каб сабраныя воды з Цімонскага ўзвышша з’яднаць з ракой Вычагда. На гэтым беразе ляжала некалькі бонаў. З іх трэба зняць на зімовае сховішча якарныя тросы. У наступную весну, калі сыйдзе лёд, гэтыя боны зноў спусцяць на раку. Тросы будуць трымаць боны, а яны адбіваць плывучую драўніну ад берага.
З кацера на бераг сышоў начальнік сплаву, адначасова і шаланду пакінулі тры чалавекі. Начальнік агледзеў боны.
— Трэба спяшацца. Думаю, усе канаты знімеце сёння. На шаландзе па цячэнню трымайцеся фарватара, каб не мець з аховай маста недарэчнасцей. А цябе, Васіль, віншую. Заўтра ты станеш поўнапраўным грамадзянінам СССР. Спадзяюся, што зноў пойдзеш настаўнічаць. Мне такой магчымасці ніколі не будзе за пажыццёвае пасяленне ў гэтых краях.
Начальнік сплаву падняўся на кацер і вярнуўся на бераг з біклажкай. Гэта была яго знакамітая біклажка са спіртам. Васіль не раз зведаў магічную сілу біклажкі. Вось і гэтым летам, калі рака абмялела, а перад мастом стаў расці касцёр з таплякоў, пагражаючы масту, начальнік сабраў рабочых-сплаўшчыкаў. Адзін-два глыткі з біклажкі зрабілі тое, што не мог зрабіць ніякі прыказ. З баграмі ў руках сплаўшчыкі па плывучых бярвеннях знайшлі той тапляк, што трымаў касцёр. З дапамогай такіх жа бярвенняў  давялося і выбірацца на бераг.
— Кланяйся там роднай Беларусі,- начальнік падаў Васілю біклажку. Васіль адчуў, як ад кожнага глытку станавілася цяплей. Перадаўшы біклажку напарніку, Васіль нагнуўся да плыні, зачарпнуў рукою вады і запіў пякучы спірт. На імгненне ён паддаўся ўспамінам.
У 1941годзе Васіль скончыў педагагічны тэхнікум пад кананаду вайны. У час нямецкай акупацыі год вучыў дзяцей на Случчыне  па “Буквару”. У 1944 годзе яго арыштавалі і прысудзілі да 10 гадоў зняволення.

Начальнік сплаву на кацеры адплыў у вярхоўі ракі, насустрач зіме, а трое засталіся, каб зняць з бонаў трасы, пагрузіць у шаланду і сплавіць на склад зімовага захавання.
Калі загрузілі апошні, шаланда значна прасела ў ваду.
— Дваім давядзецца вяртацца берагам,- сказаў Васіль, укладваючы кольцамі ў шаландзе трасы. — Каб не накрыла хваляю. Ці пакінем адзін трос?
— Начальнік нас не зразумее, калі пакінем, бо ён можа тут так і зазімаваць,- адказалі з берага.
Усе разумелі, што пакінуты зімаваць на беразе трос будзе пагражаць лесасплаўшчыкам-арыштантам вялікімі непрыемнасцямі, бо трос быў дзяржаўнай маёмасцю.
— Трымайся берага, бліжэй да маста выйдзеш на стрыжань ракі, каб прайсці мост па фарватару, — давалі параду.
Перагружаная шаланда павольна пайшла па плыні. Магутны напор вады гнаў шаланду да берага. Каб не сесці на мель, Васіль стараўся адпіхнуцца далей ад яго. Праз некаторы час плынь разагнала шаланду. Васілю здавалася, што яна лягчэй стала яму падпарадкоўвацца.
Мост бег насустрач. Ён прызначыў тое месца на беразе, ад якога павінен зрабіць круты разварот, каб прайсці пад сярэднім пралётам маста. Вось і куст застаўся ззаду, а шаланду несла на бліжнюю да берага апору маста. Як ні стараўся Васіль, а плынь была за яго магутней. Шаланда носам трошкі павярнулася да сярэдзіны ракі, але левым бортам па плыні бегла на сустрэчу з крайняй апорай.
— Держись форватера, — крычаў з маста ахоўнік. — Стрелять буду! -пагражаў ён.
Васіль пагрозы не чуў. Ён змагаўся з плынню. Ахоўнік падняў карабін і выстраліў у борт шаланды. Тую па-ранейшаму несла на апору. Тады ахоўнік выстраліў па кіроўцу. Васіля адкінула назад. Нейкую хвіліну ён затрымаўся з паднятымі ў паветра рукамі. Пасля з рук вываліўся і паплыў, абганяючы шаланду, даўгі прут, а за ім, стукнуўшыся аб борт, у плыню зваліўся і Васіль.
Шаланда ад сустрэчы з апорай развалілася. Усе трасы пайшлі на дно. Пасля яны былі тым доказам у справе аб дыверсіі, якую папярэдзіў дбайны ахоўнік маста.

Калі праз нядзелю ахоўнік ехаў пасажырскім цягніком у водпуск, за акном вагона віднелася закаваная ў лёд рака Вымь.

Уладзімір Дамель

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии