Адкуль да нас прыйшло «питиё»

0

За мінулы год кожны беларус выпіў у сярэднім 12,4 літры ў пераліку на чысты спірт. Планка, пасля якой пачынаецца актыўная дэградацыя чалавечага патэнцыялу, — 8 літраў на чалавека ў год.

Такія звесткі на пасяджэнні Савета Міністраў Беларусі агучыў міністр аховы здароўя Васіль Жарко. Паводде яго інфармацыі, з 2005 па 2008 год спажыванне чыстага спірту на душу насельніцтва ўзрасло ў 1,3 разы.
Не выключэннем, мабыць, з’яўляецца і наш рэгіён. Па звестках наркалагічнай службы Слуцкай паліклінікі, там на ўліку стаяць звыш 2 400 чалавек, у тым ліку 340 жанчын. Але гэта, як лічаць дасведчаныя людзі, толькі вяршыня «айзбергу» алкагольна залежных людзей, бо сотні іх яшчэ нідзе не зарэгістраваны. Адсюль, як сведчыць статыстыка, і паследствы трывожныя: 50 працэнтаў усіх разводаў - на глебе п’янства аднаго з супругаў, а то і абодвух, 70 працэнтаў крадзяжоў, разбояў, забойстваў таксама звязаны з п’янствам. Трэба падкрэсліць, што каля 500 чалавек, сабраных з усёй вобласці, па рашэнню судоў для ізаляцыі і абавязковай працы з тэрмінам год-паўтара, знаходзяцца ў ЛТП, які месціцца непадалёку ал вёскі Шышчыцы. Установа з даволі жорсткімі правіламі: ізаляваным нельга мець дакументы і грошы. На жаль, тых, хто пасля адбыцця гэтай установы кінуў канчаткова піць, усяго, па статыстыцы, 5%, а 30−35% - п’юць эпізадычна.
Адкуль да нас на Беларусь прыйшло гэтае «питиё»? У адным з мінулых нумараў расійскай «Літаратурнай газеты», якая паступае па падпісцы ў раённую бібліятэку, быў змешчаны артыкул, прысвечаны вытокам масавага распаўсюджвання моцных напояў на Русі. Калі яшчэ пілі брагу і медавуху, у вёсках і гарадах народ співаўся да пакатунку, захмялелыя да бяспамяцтва людзі валяліся «аки на поли брани трупы». Пазней, піша аўтар, калі ў XVII стагоддзі навучыліся вырабляць гарэлку, то ў Расійскай імперыі ўжо было 150 000 кабакоў і толькі 30 000 школаў.
Не абманула гэтае сацыяльнае зло і Беларусь пасля таго, як у 1795 годзе, пасля падзелу Рэчы Паспалітай, яна ўвайшла ў склад Расіі як «северо-западный край». Рускія купцы везлі сюды гарэлку і іншыя моцныя напоі. У гарадах і мястэчках заезжыя і свае мясцовыя прамыслоўцы будавалі бровары па вырабу гарэлкі. Ужо ў XIX стагоддзі на тэрыторыі Беларусі налічвалася іх звыш 150, былі яны ў Слуцку, Капылі, Старых Дарогах, мястэчку Урэчча. Багацейшыя яўрэі адкрывалі кабакі, па-мясцоваму «карчмы», дзе спіртное падавалася неабмежавана. Пасля 25-гадовай службы ў царскім войску вярталіся дамоў беларусы-салдаты, большасць якіх ужо былі алкагольназалежнымі. Ды і салдаты, афіцэры з вайсковых гарадкоў былі пастаяннымі наведвальнікамі тых кабакоў, не лічачы мясцовых жыхароў.
І ўсё ж і ў гарадах, і асабліва ў вёсках павальнага п’янства, як у суседзяў з усходу, не было. Тым болей пасля Сталыпінскай рэформы ў пачатку XX веку, калі многія сяляне здолелі на выгадных умовах купіць зямлю і выдзяліцца на хутары. А на сваёй зямельцы было не да піцця — яна патрабавала поўнай аддачы сілаў.
І ў савецкія часы, на маёй памяці, вёскі не былі занадта пітушчымі. Не было за што купляць спіртное, бо калгаснікі працавалі за працадні, на якія толькі ў канцы года выдавалі крыху зерня і бульбы — сабе на пракорм. А грошай не плацілі. У маёй вёсцы на 27 двароў да вайны толькі адзін 80-гадовы дзядуля-удавец, які пражываў у хаце пад наглядам жонкі раскулачанага роднага брата, часцяком выпіваў «чацвяртушку» гарэлкі, якую яму куплялі ў магазіне суседняй вёскі ўнукі-школьнікі. У сем’ях у дні праваслаўных святаў, на вяселлях за сталом гарэлку ставілі, мужчыны выпівалі пад настрой, жанчыны часцей «прыгубвалі» — мяркую аб гэтым па сваёй маці, бабулі, яе нявесцы. У суседняй вёсцы Папоўцы на 120 двароў, дзе ў трэці хатаў пражывалі евангельскія хрысціяне-баптысты, апошнія гарэлкі наогул не ўжывалі - так патрабавала іх вера. Праз гэту вёску я чатыры гады хадзіў у суседнюю, у школу, і ні разу не бачыў п’янага мужчыну на вуліцы.
Сёння пра алкагольную залежнасць вёскі можна сказаць коратка: няма таго, што раней было! І ў маёй вёсцы, і ў тых жа Папоўцах, Мялешках за апошнія 15−20 гадоў не адзін дзесятак мужчынаў, што злоўжывалі алкаголем, адышлі ў іншы свет, нават не дажыўшы да пенсійнага ўзросту. Зусім нядаўна, атруціўшыся этылавым спіртам, памёр 44-гадовы мужчына, бацька траіх дзяцей.
На гэтай глебе здараюцца суіцыды. У 2007 годзе іх у тутэйшым калгасе было аж шэсць — усе па прычыне п’янства. І яно не пойдзе на ўбытак, пакуль у прадуктовай карзіне жыхароў раёна кожны чацвёрты рубель будзе выкарыстоўвацца на спіртовыя напоі.
Прадстаўнікі МУС прапаноўваюць забараніць продаж алкагольных напояў у магазінах у дні выдачы авансу і зарплаты, часцей праводзіць «дні цвярозасці». І яшчэ: варта, мабыць, павысіць цану на гарэлку, каб бутэлька «крышталю» каштавала болей, чым паўкілаграма варанай каўбасы.

Міхась Залескі

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии