Як забівалі парсючка

0

Так ужо павялося, што ў беларускіх сем’ях на вёсцы да вялікіх святаў звычайна забівалі парсючка. Само гэта дзейства, трэба прызнаць, было святым.

З самага рання палілася ў печы, грэлася шмат вады. Калі я быў малы, то бачыў усе гэтыя прыгатаванні. Дзед Марка з вечара начышчаў да бляску швайку — інструмент, якім забівалі кабана, выбіраў лепшыя кулі жытняе саломы, каб яго потым асмаліць. Раней парсючка смалілі толькі кулявой саломай, ад чаго скурка на сале была мяккая і ад яго ішоў такі пах, аж слінкі цяклі. Не тое, што зараз: смаляць рознымі машынкамі, якія працуюць то на бензіне, то на газе. Некаторыя дзядзькі дадумваюцца да такога, што…
Быў сведкам, як у адной вёсцы ішло прыгатаванне да «забойства». Да цешчы прыехаў зяць, каб дапамагчы закалоць парсючка. Зяць быў малады, хваткі. Служыў ён у войску прапаршчыкам, займаў пасаду кладаўшчыка на складзе ўзброенных і падрыхтоўчых сродкаў.
Цесць з раніцы натачыў швайку, узяў вяроўку: трэба было падвязаць парсюка за нагу, каб той не ўцёк, бо сваю пагібель парсюк добра адчувае і можа даць стракача, што лавіць прыйдзецца паўдня.
На двары, ля рукамойні, ужо мыў твар зяць.
— Што ты робіш? — абурыўся цесць. — Пакуль не заб’ём парсючка, мыцца нельга. Такое існуе павер’е. Інакш будзе бяда.
— Усё будзе добра, бацька, — супакоіў старога зяць. — Мы будзем калоць па-новаму, кабан і піснуць не паспее. Я яго адзін закалю, а ты ідзі ў хату ды зрабі нам па чарачцы. Я тут упраўлюся.
З гэтымі словамі зяць дастаў з кішэні кавалак мыла, ва ўсякім разе гэты кавалак быў падобны на мыла. З аднаго боку ў ім тырчаў невялікі шнурок ці дрот.
Са словамі: «Ну-ну» — стары пайшоў у сенцы, а зяць накіраваўся да загону, дзе стаяў парсюк.
— Ладны парсючок, пудоў пад пятнаццаць будзе, — падумаў зяць, прывязваючы стужкай свой «кавалак мыла» да шыі кабана. Той толькі задаволена рохкаў, што яго так казычуць за вухам, і не разумеў, што з ім зараз адбудзецца.
Зяць тым часам дастаў з кішэні запальнічку, чыркнуў і паднёс да дроту, які адразу заіскрыўся бенгальскім навагоднім агенчыкам. Сам адбег за веранду.
Парсюк, калі прыпякло, кінуўся ў хлевушок. Праз хвіліну дах над хлевушком узняўся ў гору і паляцеў у бок метраў на 20, раздаўся выбух. Ад выбуху ў хаце не засталося ні воднай шыбіны, нават у суседзяў яны павыляталі.
Зяць, збялеўшы як палатно, выглянуў з-за веранды. На месцы хлевушка засталася яміна, з якой у беспарадку тырчалі бярвенні, а на іх вісела тое, што засталося ад кабанчыка.

Мікола Корань

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии