Госця з Ухты раскрыла тайну раскулачанай радні

0

Жыццё нястомна дорыць сюрпрызы-нечаканкі. Для журналіста яны — знаходка. Так выйшла і ў мяне. Патэлефанавала з мабільніка жанчына і паведала па-руску, з валагодскім акцэнтам:

— Я только что приехала из деревни Борки, искала там могилы своих предков, их раскулачили в 30-е годы. Это были мои дедушка и бабушка Жавриды. В Борках пенсионеры посоветовали обратиться к вам. Мол, Тычина, наш земляк, писал о тех раскулаченных в газетах, он больше расскажет. Вот и решила встретиться с вами.

Мы сустрэліся каля будынку раённай бібліятэкі, у цяньку на лаўцы паблізу аўтамашыны, на якой госця, Аляўціна Аляксандраўна Тарабычына, прыехала з пляменнікамі - дзецьмі яе роднага брата Юрыя — дзьвумя маладымі жанчынамі і мужчынам сярэдняга ўзросту. Усе трое — мінчане, яны і захвацілі Аляўціну Аляксандраўну ў гэту паездку да родных «каранёў». А прыехала яна з горада Ухта Комі АССР.
Пра лёс роднай сястры яе бацькі Аляксандра, якая дзяўчынкай уцякла з высылкі і вярнулася ў родную вёску, ні Аляўціна Аляксандраўна, ні тым болей яе спадарожнікі нічога не ведалі. Яны з затаенным дыханнем слухалі мой расказ, як па абвінавачванню ў «неблаганадзейнасці» жыхароў вёскі Ёсіпа і Марылю Жаўрыд разам з 20-гадовым сынам Аляксандрам і 15-гадовай дачкой Шурай, калгаснікаў, выслалі ў 1935-м годзе за Котласам, у лясныя баракі. Толькі за тое, што Ёсіп быў веруючым, меў Біблію, яго запрашалі на адпяванне нябожчыкаў, дзе ён чытаў малітвы. А за гэта ўлады тады жорстка каралі.
Доўгая дарога на Поўнач, халадэча ў бараку, голад адбіліся на зроку дзяўчынкі, і ёй мядсястра дала накіраванне ў Котлас, у паліклініку. Бацька на развітанне параіў дачцы не вяртацца, а пастарацца ўцячы на Случчыну і пашукаць там паратунку. Што яна і зрабіла, даехаўшы спярша да Архангельска, а адтуль, без капейкі грошай, з дарожнымі прыгодамі да Масквы.
Нарэшце цягнік спыніўся на станцыі «Слуцк». Зайшла да начальніка раённай міліцыі, ён выслухаў яе горкі сповед, не стаў званіць у НКУС, даў на дарогу грошай і параіў хутчэй выехаць за межы існаваўшай тады прыгранічнай 50-кіламетровай зоны — у мястэчка Урэчча. Там спагадлівыя людзі завялі дзяўчыну да аптэкараў, яўрэяў, мужа і жонкі, бяздзетных. Яны далі прытулак Шуры — нібыта сваячніцы.

Реклама

У 1940 годзе выйшла дзяўчына замуж за лейтэнанта Масквіна з тутэйшага гарнізона, і яны разам выехалі па новаму месцы службы мужа ў Беласток. Там і вайна застала. Муж у першы дзень трапіў у палон. Шура з малой дачушкай дабралася на спадарожных машынах да Боркаў, і ёй дала прытулак родная замужняя сястра Надзея Малевіч.
Аб той доўгай дарозе яе з высылкі да роднага дому я распавядаў на старонках газеты «Кур'ер» гадоў шэсць таму ў нарысе «Уцякала дзяўчынка з Пінегі». Цяперашні ўспамін мой усхваляваў госцю да слёз, бо ні яна, ні бацькі пры жыцці і брат Аляксандр пасля яе ўцёкаў нічога не ведалі.
Затое ўспамін Аляўціны Аляксандараўны быў не меней драматычны і хвалюючы і таму, што бацька даводзіўся дваюрадным братам маёй маці, што жыла ў Борках. Пачуў я, што Ёсіпу ў дзень высылкі было ўжо 55 гадоў, жонцы Марылі - 45. Яго гады два пасылалі ў тайгу на лесапавал, сына таксама.

Цяжкая праца і пастаянны голад, хваробы па старасці звялі Ёсіпа ў магілу праз два гады, а яшчэ праз год адыйшла ў іншы свет і яго хворая жонка. Іх і пахавалі там. Аляксандр у 1942 годзе схадзіў у райваенкамат і папрасіўся, каб яго накіравалі на фронт бараніць радзіму. А яму адмовілі, бо не давяралі як сыну раскулачаных. І толькі праз год самі выклікалі яго павесткай і сказалі, што накіруюць Аляксандра… ў штрафны батальён, ён там крывёю павінен выкупіць сваю віну перад Радзімай. Выбару хлопец не меў, спагады ад той улады не чакаў. Двойчы хадзіў у атаку са штрафнікамі. Кулі, асколкі яго мінавалі, яму нават прысвоілі званне малодшага лейтэнанта. У трэцяй атацы на пазіцыі немцаў асколкам міны яго цяжка параніла ў бядро. Паўгода праляжаў у шпіталі, пасля папраўкі стаў нестраявым. Вярнуўся ў Пінегу, працаваў фізруком у школе, потым загадчыкам складу ў леспрамгасе. Ажаніўся, у 1945 годзе нарадзілася Аляўціна, а праз тры гады Аляксандр, ва ўзросце 35 гадоў, памёр ад брушнога тыфу і пахаваны ў Архангельску.
— А як склаўся ваш лёс, Аляўціна Аляксандраўна?
— Окончила Архангельский мединститут и получила направление на работу в город Ухта Коми АССР по специальности лоринголог. До выхода на пенсию трудилась в местной поликлинике. Муж, инженер-нефтяник, умер. Сын наш Алексей, инженер по профессии, живёт в Москве, звонит мне, проведывает.
Ухта для меня стала обжитым углом, хотя там климат посуровее, чем в Беларуси. Сюда в неблизкую дорогу позвало внутреннее чувство какой-то духовной повязи с родиной моих дедушки и бабушки, брата, его сестры, а помогли дети моего старшего брата Юрия — дочки Ирина и Алла, сын Владимир. Все трое — минчане, имеют высшее образование, неплохо устроены в жизни. Я очень рада была посетить могилу тёти Шуры, она умерла три года назад. А дом тот, где жили ёе родители до высылки, стоит и сейчас, обжитый дачником.

На развітанне я перадаў Аляўціне Аляксандраўне свежы нумар газеты «Кур'ер», падзякаваў яе і траіх спадарожнікаў за цікавы сповед пра лёс іх рэпрасаваных сваякоў.

Міхась Тычына

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии