Змагаліся фактычна ў акружэнні

0

Матэрылял гэты абудзіў у маёй памяці тое, што незабыўнае — ішла вайна, а калі табе чатырнаццаць, то падзеі тых дзён бачацца нібы ўчарашнія. Па палудню 27 чэрвеня з вёскі Каліта, што непадалёку ад Кучына, да нашай маці зайшлі дзве яе дваюрадныя сёстры з просьбай чым-небудзь дапамагчы, бо іх хаты, як і большасць вяскоўцаў, высмаліў пажар, ушчаты ў час бою. Маці чым магла дапамагла, а адна з іх паведала, што за яе сядзібай ляжыць шэсць трупаў чырвонаармейцаў з вінтоўкамі, у радок, іх пэўна скасіла кулямётная чарга. Нечакана ў вёску завітаў нямецкі салдат і загадаў падабраць на полі бою загінуўшых нашых салдат і захаваць, што людзі і зрабілі.

Яшчэ ўспамін. Дзён праз дзесяць пасля бою я з трыма вясковымі хлапчукамі майго ўзросту пайшлі да Кучына, каб назбіраць патронаў. Мы ўбачылі ўзбоч шашы-«варшаўкі» савецкую гармату-гаўбіцу, а паблізу ў канаўцы ляжала штук трыццаць снарадаў да яе і гільзаў, ужо без пораху. На другі бок шашы чарнелі оставы двух спаленых грузавікоў. На незасеяным голым палетку убачылі дзесяткі, а мо і сотні накапаных сапёрнымі салдацкімі рыдлёвачкамі, неглыбокіх ровікаў з брустверам не вышэй 30 см. Вакол іх валяліся абоймы з баявымі патронамі, а ў ровіках стрэляныя гільзы. Вядома, мы панабівалі кішэні тымі трафеямі і вярнуліся да той гарматы.
Ніводнага цэлага ці спаленага танка вакол да самай вёскі Каліта і пасёлка Кучына мы не ўбачылі. Пазней тыя дваюрадныя сёстры яшчэ раз прыходзілі да маці, то гаварылі, што на наступны дзень, 28 чэрвеня, чулі стральбу ў бок Урэчча і Волашава. Калі ўлічыць, што пад вечар 27-га немцы занялі Старыя Дарогі, а на наступны дзень і Бабруйск, то няма сумневу, што абаронцы Амговіцка-Кучынскага рубяжу вялі бой у акружэнні, танкавыя кліны Гудэрыяна абыйшлі іх з боку Падарэсся.
Па звестках Ігара Кузняцова, кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры консульскай службы БДУ, 22-я танкавая дывізія Чырвонай Арміі дыслацыравалася перад вайной паблізу Брэста, і ў 4 гадзіны раніцы 22 чэрвеня была накрыта шчыльным артылерыйскім агнём з дзесяткаў ствалоў, страціла амаль 80 працэнтаў танкаў, бронемашын звыш 180 адзінак. Рэшта паспела адыйсці без надзейнага запасу гаручага, таму як згарэла яно ў сховішчах на месцы дыслакацыі. Не дзіўна, што да Слуцка змагло дайсці з баямі мо з дзесятак сярэдніх і легкавых танкаў з лічанымі гарматамі.

Міхась Тычына

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии