Замалёўкі з неперспектыўнай натуры

0

Уся ўвага нашага ўрада ў адносінах да сельскіх праблем скіравана на аграгарадкі. Аднак колькасць іх мізэрная ў параўнанні з астатнімі вёскамі.

Мноства такіх вёсак залічана ў так называемыя «неперспектыўныя», і жыць у неперспектыўнай вёсцы значна цяжэй, чым у «перспектыўнай» — аграгарадку.
Так распарадзілася жыццё, што палову летняга часу мне прыходзіцца жыць у маленькай вёсцы ў Капыльскім раёне з прыгожай назвай Аксаміты — даглядаць былы бацькоўскі дом. Некалі тут было трыццаць прыстойных хат. Зараз палова з іх развалілася. Толькі некалькі бабулек на зімовы час застаюцца ў вёсцы: вырашылі дажываюць свой век у родных хатах.
Да месца будзе сказана, што тут у дзяцінстве некалькі гадоў пражывала і знакамітая беларуская паэтэса Галіна Каржанеўская. Паэтычнае хараство наваколля настолькі яе ўразіла, што паэтэса яму нават прысвяціла верш «Аер». Прывяду некалькі радкоў з яго:
Аксаміты (а лепей Аксаміты)
Завецца вёска, дзе жыла гады.
За ёй, кустамі пышнымі прыкрыты,
Бег ручаёк — няведама куды.

Куды бег ручаёк — зараз вядома: да рэчкі Вужанкі. Аднак ручаёк, які сваёй празрыстай сцюдзёнай вадой прыцягваў дзяцей, быў знішчаны: ператвораны ў гнілую канаву. Заліўны квяцісты луг стаў калгасным полем. Праўда, толькі на некалькі гадоў.
Вада ручайка ў падзямеллі шукала выйсце, спрабавала знайсці новае русла. Не знайшоўшы — пачала забалочваць наваколле. Купіны лазы разам з балотам штогод усё бліжэй падыходзяць да вёскі.
Бабулі кожны год апасліва на гэта паглядаюць. Падлічваюць скорасць, з якой лаза рухаецца да вёскі, баяцца, каб не прыйшлося перад смерцю ваяваць супраць лазы. З матыкамі і лапатамі ваююць супраць дзьмухаўцаў. Супраць лазы такія прылады працы бяссільны, як бяссільны і спрацаваныя старэчыя рукі.
Пра дзьмухаўцы размова асобная. Некалі я любавалася раннімі жоўтымі дыванамі кветак, а цяпер ціха іх стала ненавідзець, бо яны запаланілі ўсё наваколле — няма ніякага ратунку.
Калгас «Інтэрнацыянал» паціху здаў адну пазіцыю за другой. Былі гады, калі трактары перааралі нават выган, парослы белай канюшынай: экстэнсіўны метад гаспадарання патрабаваў вялікай колькасці зямель. Калгасныя машыны коўзаліся каля сялянскіх платоў, хімічнай атрутай было патраўлена не толькі пустазелле — травіліся сады і людзі.
Зараз там бушуюць дзьмухаўцы і асот: лезуць у агароды, разносяцца ветрам, множацца.
Праблему забруджанасці вёскі я падняла перад Грозаўскім сельскім выканкамам. Там адказалі: вёска неперспектыўная. Перспектыўны толькі цэнтр — уласна Грозаў. Яго спрабуюць ператварыць у аграгарадок. Сродкаў на перабудову ўсёй вёскі няма, па-гэтаму фарбуюць толькі цэнтр, плошчу з будынкам выканкама і крамай.
Бабулькі з маёй вёскі аказаліся неперспектыўнымі. Яны ў гэта не вераць, тут, на вясковай вуліцы, садзяць кветкі - з вуліцы робяць батанічны міні-сад. Спадзяюцца, што пападуць у «Кнігу экскурсій» Грозаўскага сельвыканкама, і стануць перспектыўнымі для экскурсіі на тэму «І ў беларускай старасці ёсць радасць!».
Спадзяюцца, што ў вёску прыйдзе аўтобус са Слуцка (як хадзіў ён у савецкія гады), што аўталаўка будзе прывозіць свежы тварог, што сельскі выканкам будзе абкошваць вуліцы да платоў і будзе дадзены рашучы бой асоту і дзьмухаўцам.
Ці многа старым патрэбна?

Реклама

Марыя Верас

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии