У Слуцку ўшанавалі памяць Графа Бандынэлі

0

У Слуцку на магіле Альгерда Абуховіча, паэта, перакладчыка, аднаго з заснавальнікаў жанраў байкі, мастацкай прозы і мемуарыстыкі ў нацыянальнай літаратуры, 30 жніўня сабраліся пісьменнікі і прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі.
Літаратар, які пісаў пад псеўданімам Граф Бандынэлі, прыйшоў на свет на пачатку жніўня 1840 года, а пакінуў яго напрыканцы апошняга летняга месяца ў 1898-ым.

Зінаіда Цімошык, актывістка грамадзянскай ініцыятывыі «Наш дом», якая разам з паплечнікамі даглядае магілу знакамітага земляка, распачала літаратурную частку імпрэзы, а пасля да яе далучыліся пісьменнікі, якія прыехалі са сталіцы.
Паэт Сяргей Панізнік прэзентаваў прысутным верш у гонар Альгерда Абуховіча, кранаючы з першых радкоў:

«Графа песні адзвінелі, Рым устрывожыць не змаглі,

Реклама

І застаўся Бандынэлі на сваёй святой зямлі.
Абмалочаныя думкі ў астанкі жнівень змяў.
Дзе ж цяпер Альгерда стрункі: мо Парыж на вежу ўзняў?
Мо ў Жэневе жаль журкоча:
Жнівень-жнівень — даў і знёс.
Ваўкалак ягоны хоча выслізнуць і з пад калёс…».
Алесь Пашкевіч, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, у размове з карэспандэнтам «Кур'ера» прызнаўся, што марыць напісаць пра Альгерда Абуховіча раман-біяграфію.
«Альгерд Абуховіч мне вельмі сімпатычны. Найперш, спалучанасцю крэўнай са сваім народам, які ён хацеў бачыць нацыяй, — сказаў Алесь Пашкевіч. — Гэта чалавек-легенда, на жаль, да сённяшняга часу напоўніцу не вывучаная, не даследаваная і не ўганараваная.
Першыя нашыя асветнікі і паважаныя слуцкія краязнаўцы па сутнасці ўзнялі гэтую постаць з нябыту, а цягам апошніх дзесяцігоддзяў назіраецца менш увагі да гэтай асобы. І мне хацелася, каб новыя, у першую чаргу, маладыя даследчыкі спрычыніліся да яе ўзвялічвання, уганаравання».
Па словах Алеся Пашкевіча, Саюз беларускіх пісьменнікаў прыкладае намаганні, каб у наступным годзе ў Мінску шырока адзначыць 170-годдзе з дня нараджэння Альгерда Абуховіча.
«Мы падрыхтавалі адпаведныя лісты ў міністэрства культуры і міністэрства адукацыі, каб іх супрацоўнікі зрабілі праграму адзначэння юбілея вялікага беларуса і таксама далі адпаведны пасыл слуцкім уладам».

Таццяна Гусева

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии