Кабылку-сіўку — на забой

0

Грузавік з трымя каровамі ў кузаве з нарошчанымі бартамі спыніўся раніцай паблізу будынка раённай бібліятэкі на вуліцы Капыльскай. На яго можна было і не звяртаць увагі, калі б у кузаве, бліжэй да кабіны, не стаяў сівы конь, даволі гладкі, укормлены. У шафёра, які выйшаў з кабіны пакурыць, я спытаў, ці не на мясакамбінат ён вязе каня поруч са старымі буронкамі.

— Туды сама, — пачуў адказ.
— А што здарылася, конь на выгляд не стары яшчэ, — заўважыў шафёру.
— Гэта кабыла, падвярнула нагу, вось і забракавалі.
— І не падкаваная мусіць? — спытаў я.
— А цяпер у калгасах коней нідзе не падкоўваюць, бо і кузняў няма ўжо.
Навёў даведкі ў канторы таго сельскагаспадарчага кааператыву, адкуль прыехаў грузавік. Пацікавіўся, колькі коней захавалася там. Назвалі лічбу 119, што нямала на шаснаццаць малых і вялікіх вёсак, якія ўваходзяць у той кааператыў, дзе сяльчанам для апрацоўкі прысядзібных участкаў конь — першы памочнік, бо не ў кожны агарод з трактарам заедзеш.
Упэўнены, калі б ветэрынар аглядзеў па-гаспадарску тую закульгаўшую кабылку, яе можна было б падлячыць, можа яна яшчэ і патомства магла б прынесці. Каб гэта была кабылка чыёйсьці ўласнасцю, то гаспадар, напэўна, не паспяшаўся б адпраўляць яе на кілбасы, а пастараўся б вылечыць.
Як тут не ўспомніць тэлепраграму «Animal Planet» са штодзённай перадачай пра дзеянні паліцыі Хюстана ці Філадэльфіі ў ЗША — свайго роду аддзелу па ахове жывёлін: коней, сабак, катоў, нават хатніх птушак. Вінаватых за бесклапотныя адносіны да іх штрафуюць на значныя сумы, забіраюць хворых ці занядбаных гаспадарамі жывёлін у спецыяльны цэнтр па іх лячэнню.
Нам бы пераняць такую традыцыю!

Міхась Залескі

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии