Чорны Каштан з душою д’ябла

0

Пра Вялікую Айчынную вайну напісана многа. У асноўным пра геройскія ўчынкі. Але ў той час вяршыліся лёсы і бязвінных людзей, многія з якіх гінулі па чыёйсьці злоснай волі ні за што, ні пра што.

У невялічкай вёсцы Барок жылі сяляне, хадзілі на калгасную працу, а дома ціха шапталіся, куды за ноч знікаюць суседзі. Помню, што ў гэтым вінавацілі старшыню калгаса, якога звалі па-вулічнаму Чорны Каштан. І калі ў вёску прыйшлі немцы, ён па-ранейшаму заставаўся старшынёй.
Акупанты вырашылі калгас раздзяліць на аднаасобныя гаспадаркі. Падзялілі коней, ворыва. А калі сталі дзяліць сенажаці па рацэ Арэса, што сёння пад вадою Любанскага рыбгаса, Чорны Каштан паказаў адкрыта свой нораў.
На суседней  вуліцы жыў стары Антонік, у якога сын Гаўрыіл да пачатку вайны быў камандзірам Чырвонай Арміі. Вось гэтаму Антоніку замест сенажаці былы савецкі старшыня калгаса, а пры немцах старшыня камісіі па раздзелу калгаса, выдзяліў кавалачак пясчаніцы. На пытанне, што тут можна накасіць, Чорны Каштан пры людзях з пагрозай адказаў: «Як скажу немцам, што твой сын камісар, то і гэтага будзе многа». Пасля такога адказу ўсе моўчкі разышліся.
Праз некаторы час стары Антонік злавіў Чорнага Каштана і пачаў тапіць яго ў рэчцы. Трымаючы старшыню за ногі, апускаў галавою ў ваду, а пасля прыпадымаў і пытаўся: «Скажаш?». Чым скончылася б гэта — невядома, але пад час гэтых разборак з кустоў выйшаў сусед Антоніка і абараніў старшыню.

Яшчэ не скончылася тое лета, як у вёску сонечным ранкам прыехалі на матацыклах немцы і пачалі хапаць мужчын. Не ўсіх, а кімсьці раней прызначаных. У лік гэтых прызначаных трапіў другі сын дзеда Антоніка, які жыў ад бацькі праз вуліцу.
Назаўтра па вёсцы пайшла чутка, што схопленых людзей немцы дапытваюць пра сувязі з партызанамі. Гаварылі, што ёсць ужо пакараныя, другім паламалі рукі і рэбры, але ніхто не прызнаваўся, што мае нейкія адносіны да народных мсціўцаў.
А калі дачцэ аднаго арыштаванага паказалі паперку, тая прызнала почырк і сказала, што гэтая паперка напісана сынам Каштана, з якім яна ў 1941 годзе скончыла сем класаў і доўга сядзела за адной партай. Сярод паперак, напісаных ад рукі, былі і паперкі, напісаныя на друкарскай машынцы.
Немцы вырашылі праверыць сказанае дзяўчынай, бо гэтыя паперы, іх быў цэлы скрутак, прынёс сам Каштан. Немцам ён тлумачыў, што да яго паперкі трапілі ад сляпой суседкі, якую вадзіла за руку ўнучка. А тыя, па яго словах, паднялі скрутак раніцою ў сваім двары.

Реклама

Пры вышуку ў доме Каштана немцы знайшлі друкарскую машынку. Каштан прызнаўся, што ўсе паперкі — гэта паклёп яго работы.
Немцы адпусцілі арыштаваных, хто застаўся жывым пасля допытаў, а Каштана з сынам прывезлі ў Слуцк і павесілі. Так скончыў сваё жыццё Чорны Каштан з душою д’ябла.
«Гэта быў страшны чалавек, пра яго лепш не ўспамінаць»,- адмахвалася рукамі баба Маня. — У тым спісу быў мой бацька, але ў той дзень, калі хапалі, ён пасвіў каровы і вечарам дамоў не прыйшоў. У даваенны час мае два браты скончылі школу і хацелі падацца ў Мінскі інстытут. Каб атрымаць з калгаса даведку, Каштан патрабаваў ад бацькі аддаць сельсавету новы зруб на хату, што бацька і вымушаны быў зрабіць. Кажуць, што да вайны ён пісаў на людзей, і тыя знікалі, а пры немцах стаў пісаць на людзей кагалам.»
«Чуў гісторыю пра гэта, але дробязей не ведаю, бо на той час быў ужо ў партызанах. Калі гаворка пра таго Каштана, што жыў у вёсцы бліжэй да лесу, дык усе людзі ведалі, як ён падвартаваў суседку з суседам раніцою, калі тыя пайшлі ў хлеў, а сам забег у хату і наліў у дзежку з цестам на блінцы нейкай пакасці. Што рухае такімі людзьмі? Думаю, што злосць ад бяссілля. Такіх бачыў у час вайны. З жахам успамінаю ноч, калі партызаны штурмавалі паліцэйскі гарнізон у вёсцы Дражня. Загінула некалькі партызан і ні аднаго паліцая. Ад злосці і бяссілля партызаны ў тую ноч пакаралі і некалькі жыхароў вёскі. Я ляжаў у засадзе пры дарозе на выпадак нямецкай падмогі з боку Старых Дарог. Лічыў тады, што за ўчынак у вёсцы Дражня, камандзіра атрада трэба было аддаць пад трыбунал, але яго прапанавалі да ўзнагароды», — расказваў былы жыхар мястэчка Урэчча Жук Даніла.

Многа і часта пішуць газеты пра геройскія ўчынкі партызан і жыхароў Беларусі. Але, на жаль, былі і тыя, ад учынкаў якіх гінулі і бязвінныя людзі.

Уладзімір Дамель

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии