Таццяніна шчасце

0

Таня сядзела ў машыне і моцна прыціскала да грудзей маленькую істоту, загорнутую ў блакітную коўдрачку. Сын спаў, а маці ціха ўздыхала.

Шафёр легкавушкі, малады хлопец у рудой каўбойцы, паглядаў на жанчыну і пасміхаўся.
Тані непрыемныя былі і шафёрава ўсмешка, і гэтая рудая каўбойка. І наогул ёй хацелася хутчэй прыехаць дадому…
Яна цяпер не адна, у яе сын Ваня, так яна назвала яго. Таня нават і не думала, што ёй пад сорак гадоў, што другія жанчыны ў яе ўзросце маюць унукаў. Усё на свеце засланіў гэты маленькі чалавечак, што ціха соп у яе пад рукой носікам-гузікам…
Сяброўкі побач з ёй выглядалі прыгажунямі, і таму яна рэдка хадзіла гуляць у вольны час, ні з кім амаль не сустракалася. Па натуры замкнёная, панурая, яна лепш адчувала сябе па адзіноце, чым у гаманлівай людской талацэ.
Успаміналася рэзкая перамена ў яе жыцці, калі раптам змяніўся заўсёдны яе настрой і адносіны да жыцця. Яна тады павесялела, стала мадней апранацца, прычэсвацца.
… З Сяргеем Таню пазнаёміла Марына, сяброўка па цэху, дзе яны працавалі. Ён быў крыху старэйшы, з сіваватымі скронямі і, як ёй здалося, добрымі вачыма. Сяргей — брат Марыны, шафёр, прыехаў у іхні горад у камандзіроўку па нейкія там запчасткі. У яго сям’я — жонка, двое дзяцей.
У той золкі восеньскі надвячорак яны памалу ішлі вуліцай.
— Ты надоўга прыехаў? — спыталася сястра.
— Як спраўлюся. — стрымана адказаў Сяргей, які ішоў побач з жанчынамі.
Тані спадабаліся адразу яго стрыманасць, неразгаворлівасць. Яна была сама такая, і любіла людзей, якія не выстаўляліся адразу напаказ. Яны дайшлі да дома Марыны, і тая прапанавала пасядзець разам.
Таня трошкі павагалася, потым следам за імі ўзнялася на другі паверх. Жанчыны хутка прыгатавалі, накрылі вячэру на стол. Сяргей паставіў прадаўгаватую бутэльку белага віна. За бяседным сталом Таня расчырванелася, адчула ў сябе нейкую ўпэўненасць. Частавала Сяргея, забыўшыся, што ён для яе зусім чужы, старонні чалавек.
… Яна, вядома ж, разумела, што не мае права ўмешвацца ў чужое жыццё, чужую сям’ю. Нічога не патрабавала для сябе, але ж і ёй хацелася хоць трошкі жаночага шчасця, ласкі мужчыны. Яна, як і кожная жанчына, што ўпершыню пакахала, была шчаслівая ўжо толькі ад таго, што бачыла і чула яго.
Неяк так склалася яе жыццё, што мала было ў ім радасці. Рана засталася сіратою, жыла ў дзіцячым доме, а потым — вучылішча і праца. Праўда, працу сваю любіла, але ж ці можа адна толькі праца замяніць чалавеку ўсё астатняе.
Аднак жыццё чалавечае багата на ўсякае: кепскае і добрае. Яно то бясконца мучыць, то раптам возьме і адорыць нейкаю радасцю. І Тані гэтую радасць прынёс Сяргей. Так у чаканні, у сустрэчах мінула некалькі месяцаў…
— Ведаеш, Сяргей, — сказала Таня, — я ніколі не думала, што адзін чалавек можа даваць другому столькі цяпла і шчасця. Такога ў мяне яшчэ не было. Я разумею, што мы ніколі не будзем разам. Але ж і адна я ўжо таксама не буду. У мяне будзе дзіця, будзе называць мяне мамай, будзе са мной разам, усё жыццё. Ідзі, я сама як-небудзь…
Ён больш не з’яўляўся.
…Дзіця варухнулася ў яе на руках. Таня прачнулася ад успамінаў. Легкавушка мякка кацілася па вуліцы горада.
— Куды вы мяне надумаліся везці? Мне ж трэба зусім у другі бок.
— Вязу правільна, — адказаў шафёр.
Машына спынілася перад пяціпавярховым домам. Таня нічога не разумела. Чаму тут начальнік цэха, Марына і сяброўкі па працы…
— Віншуем цябе, Танечка, з сынам і наваселлем! — радасна крычалі сяброўкі. А Марына, узяла ў яе сына, усунула ёй у рукі нейкія ключы. Яны ўзняліся на трэці паверх, адамкнулі кватэру. Усе Таніны рэчы былі на месцы, стаялі так, як і там у яе пакоі ў інтэрнаце. Толькі з’явілася новая шафа, дзіцячы ложак, і чырвоны дыванок лёг ад парога паўз увесь пакой.
— Вось яны, сяброўкі: зразумелі, не асудзілі, — падумалася Тані. — Якая ж я шчаслівая! Значыць, і сынок мой будзе расці шчасліва. Шчаслівы будзе!

Міхась Масюк

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии