Зямляк парадаваў чарговай кнігай

0

Нядаўна ў сталічным прыватным унітарным выдавецтве «Кнігазбор» накладам у 300 экзэмпляраў выйшаў новы раман нашага земляка, ураджэнца Старадарожчыны Кастуся Цвіркі «Воўчая выспа».
«Кур'ер» раней паведамляў, што варыянт рамана быў надрукаваны ў часопісе «Полымя» (№№ 2−4) за гэты год.

Аўтар даволі падрабязна спыняецца на хібах калектывізацыі ў Беларусі, на, мякка кажучы, непаважлівых адносінах начальства тых часоў да сялянства. Сюжэт рамана захапляльны.
…Моцны серадняк Сцяпан Караленя быў раскулачаны і павезены на поўнач разам са састарэлай маці і трыма дзецьмі. На мольбы «кулака» насустрач пайшоў раённы ўпаўнаважаны, які дазволіў «в порядке исключения» пакінуць дома нявестку раскулачанага Хрысціну з двума трохмесячнымі блізнятамі.
Сыну гаспадара Ігнасю шанцуе ўцячы з лагера ў Сібіры. Ад жонкі ён даведваецца, што аднаго з іх блізнят забраў з поля воўк (дзяцей, калі не было з кім іх пакінуць, бралі ў поле). Уцякач хаваецца ад улады сярод непралазных балот на востраве Воўчая выспа.
Цікава даведацца аб наведванні ім жонкі і сына, якія ў рамане чарадуюцца з успамінамі героя аб яго маладосці, пакутах пасля высылкі. Ігнася чакае і няпростая сустрэча з другім сынам, які трапіў у … воўчую зграю…
Пра далейшы лёс герояў можна даведацца, прачытаўшы гэты незвычайны раман у згаданым часопісе або набыўшы яго ў кнігарнях.

Яўген Валін

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии