Маланка і містыка

0

У жыцці чалавека часта бываюць здарэнні, якім нельга даць усебаковую адзнаку ці ад-паведныя тлумачэнні. Іншым разам можа здавацца, што ён зараз робіць тое, што ўжо некалі, даўным-даўно, рабіў. А ці патрэбна нагадваць пра сны або прывіды: апошнія адзін можа бачыць, а другі, знаходзячыся побач, нічога і не заўважыць.

Гадоў дваццаць таму маці працавала даяркай. Летам калгасных кароў выганялі ў так званы «летні лагер», даілі ўручную. Трэба было рана ўставаць і ехаць на дойку.
У той дзень ранішняя дойка прайшла нармальна. У поўдзень неба пачалі зацягваць дажджавыя воблакі, на двары парыла.
— Мабыць, будзе дождж, — падумала жанчына, — хаця б толькі пасля дойкі. А то ж вымакнем пакуль падоім.
Дваццаць две кароўкі ўжо аддалі сваё малако. Маці сядзела на ўслончыку пад дваццаць трэцяй. Пачаў імжыць дожджык.
Раптам неба разарвалася на дзве палавіны. Бліснула і адразу ж грымнула, як хтосьці ляснуў палкай па блясе.
Карова, пад якой сядзела маці, пала на пярэднія ногі, а потым завалілася на бок, некалькі разоў дрыгнула заднімі нагамі і заціхла.
Жанчыну аглушыла, абдаўшы жарам.
— Клаву маланка забіла, — закрычалі даяркі.
Але яна апрытомнела, толькі звінела ў вушах ды ад страху калаціліся рукі. Карова ўратавала жанчыну, прыняўшы ўвесь разрад на сябе.
Гэта аднак была для маці не апошняя сустрэча з маланкай. Выйшаўшы на пенсію, яна займалася хатнімі справамі ды сваім агародам.
Аднойчы, якраз напрыканцы мая, яна палола градкі. Быў спякотны дзень, і раптам жанчына пачула голас:
— Адыйдзі з гэтага месца.
Маці падняла галаву і ўбачыла ў канцы свайго агарода постаць старога чалавека. Ён быў увесь у белай вопратцы, з доўгай сівай барадой. У левай руцэ трымаў кій, а правай махаў.
У галаве маці зноў пранёсся прыказ: — Адыйдзі з гэтага месца! Жанчына перахрысцілася, уваткнуўшы матыку ў землю, рушыла да хаты. Праз хвіліну маланка ляснула ў тое месца, дзе стаяла матыка. Маці зноў адчула жар на твары.
Вось так зноў яна сустрэлася з маланкай, толькі ў гэты раз яе выратаваў дзядок. А можа гэта быў сам Ангел у праяве дзядка.
Вось такая містыка, хочаце верце, а хочаце не. Я веру, бо пасля сустрэчы з маланкай у маці засталася на правым плячуку прадаўгаватая чырвоная пляміна.

Мікола Корань

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии