Вяселле на роднай мове

0

Так гістарычна склалася, што пачынаючы з трыццатых гадоў мінулага стагоддзя бальшавіцкі рэжым на Беларусі знішчаў усё нацыянальнае разам з яго носьбітамі. У выніку дажыліся, што ні адной вышэйшай навучальнай установы, у якой адукацыя вядзецца цалкам на беларускай мове, у рэспубліцы няма. Таму больш цікавым для мяне стала запрашэнне быць фатографам на беларускамоўным вяселлі. Ведаў вяселлі безалкагольныя, рэлі-гійна-абрадавыя… На беларускамоўнае трапляў упершыню.

Беларускасць нявесты была знаёма са школы. Сярод равесніц яна выдзялялася сваёю беларускамоўнасцю, добрымі поспехамі ў вучобе і артыстызмам. Калі з першага верасня з’явіўся новы аднакласнік, дзесяцікласніца Вольга сказала сяброўкам: «Гэта маё каханне». Яно, гэтае «каханне»,  было рускамоўнае, як і ўсе астатнія ў класе. Але к адзінаццатаму класу «каханне» загаварыла па-беларуску. Атрымаўшы дыплом аб сярэдняй адукацыі, юнак падаўся ў Мінскае ваеннае вучылішча, а дзяўчына — у Акадэмію мастацтваў.
Адкуль беларускамоўнасць у маладых людзей?  Пакуль ехалі з Салігорска ў Мінск, дзе ў Свята-Петрапаўлаўскім храме на Нямізе павінна адбыцца вянчанне на беларускай мове, бацька маладой Сяргей Антонавіч Клязовіч расказаў: «Першы ўрок нацыянальнай годнасці я атрымаў ад эстонца, з якім служыў на Ціхаакіянскім флоце. З таго часу сам стаў карыстацца роднай мовай, а пасля па-беларуску загаварыла ўся сям’я».
«У мяне бацька з Расіі, мама — беларуска. З таго часу, як пазнаёміўся ў школе з Вольгаю, стаў сур’ёзна вывучаць беларускую мову. Шкада, што ў Мінскім ваенным вучылішчы беларускай мовай валодае ўсяго адзін настаўнік. Я буду служыць на мяжы, і лічу, што веданне беларускай мовы неабходна», — расказаў жаніх Юрый Шынкевіч.
«Царкоўны абрад вянчання на беларускай мове робім па жаданню маладажонаў», — распавёў Віталь Харытановіч, іярэй Свята-Петрапаўлаўскай царквы. — З кожным годам жадаючых вянчацца ў храме на беларускай мове становіцца больш. Прыкладна кожнае дзесятае вянчанне беларускамоўнае».
Амаль усе госці былі таксама беларускамоўнымі, хоць валодаюць добра рускай мовай. Сябры маладажонаў вучацца ў вышэйшых навучальных установах і валодаюць еўрапейскімі мовамі.
Добрае ўражанне ад новых беларусаў засталося яшчэ і таму, што яны не кураць, не ўжываюць моцных напояў, хоць старэйшае пакаленне гасцей не адмаўлялася ад чаркі.
Ёсць надзея, што з цягам часу новых беларусаў будзе больш. Бо якія мы беларусы, калі не ведаем мовы бацькоў?

Уладзімір Амяльчэня

Реклама


Іярэй Свята-Петрапаўлаўскага сабора на Нямізе павянчаў Вольгу і Юрыя Шынкевіч на беларускай мове

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии