Гадавіна нараджэння Альгерда Абуховіча

0

6 жніўня спаўняецца 169 год з дня нараджэння Альгерда Абуховіча, нашага славутага земляка, пісьменніка, перакладчыка, удзельніка паўстання Кастуся Каліноўскага.

Нашчадак старажытнага ліцьвінскага роду, які быў у сваяцтве з вядомым італійскім родам Бандынэлі, ён вучыўся ў Слуцкай гімназіі, а потым у Жэневе і Парыжы.
«Ягоным бацькам належалі вялікія маёнткі з тысячай сялянскіх душаў, што дазваляла маладому Ольдзю з камфортам падарожнічаць і жыць у Еўропе. Але ў 1863-м ён вярнуўся на радзіму, каб стаць у шэрагі паўстанцаў, а затым апынуцца ў сібірскай высылцы.
Ён бліскуча валодаў італійскай, французскай, ангельскай і нямецкай мовамі, аднак для ўласных твораў, якія падпісваў псеўданімам Граф Бандынэлі, абраў беларускую. Пры жыцці ён не ўбачыў ніводнага свайго тэксту надрукаваным, але ўвайшоў у гісторыю нацыянальнага прыгожага пісьменства як адзін з заснавальнікаў жанраў байкі, мастацкай прозы і мемуарыстыкі.
Калі Альгерд вырашыў перадаць усю сваю зямлю сялянам, суседзі-абшарнікі прыгразілі абвясціць яго вар’ятам. Тады ён пакінуў родны дом, захапіўшы з сабою толькі падабаўшыяся кнігі, і ператварыўся ў беднага слуцкага кватаранта.
У цесным пакойчыку з вялізнай кніжнай шафаю, адзіным сваім багаццем, Граф Бандынэлі пісаў мемуары — нязмушаны роздум вольнай душы пра эпоху, літаратуру і вечныя праблемы чалавечай экзістэнцыі. Першымі іх чытачамі сталі ягоныя маладыя сябры і вучні са створанага Абуховічам гуртка слуцкіх гімназістаў, у які ўваходзілі Язэп Дыла і Пятро Карповіч — будучыя дзеячы вызвольнага руху». (Паводле кнігі Уладзімера Арлова «Імёны свабоды»).
Альгерд Абуховіч пахаваны на слуцкіх могілках. У мінулым годзе ў музеі выяўленчага мастацтва Анатоля Белага ў Старых Дарогах быў усталяваны мемарыяльны знак Альгерду Абуховічу. Ён уяўляе сабой бронзавы гарэльеф, прымацаваны да валуна. На гарэльефе — выява Альгерда Абуховіча на фоне будынка Слуцкай гімназіі.

Аддзел навін

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии