Горкі мёд фермерства

0

Чаму Аляксей Гатавец памяняў прафесію будаўніка на фермера, зразумела растлумачыць не здольны і ён сам, нават праз дзевяць гадоў працы на зямлі.
Прапануем чытачам рэпартаж непасрэдна з гаспадаркі Аляксея Гатаўца

Вяртанне да вытокаў
«Як даведаўся, што ў Мінску адкрыліся адукацыйныя курсы будучых фермераў, забыўся пра гарадскую кватэру, працоўны васьмігадзінны дзень і стабільны заробак, — гаворыць Аляксей Канстанцінавіч. — Дзед мой жыве ў вёсцы, на яго падвор'і праходзіла маё дзяцінства, прадзед быў заможны селянін, за што паплаціўся жыццём, — верагодна адтуль маё імкненне к фермерству».
Атрымаўшы для вядзення гаспадаркі ў 2000 годзе надзел 46,7 гектараў непрыгоднай для земляробства зямлі, два гады займаўся зборам камення, і першыя грошы атрымаў ад іх продажу. Заробленае ўжо на зямлі, лічыць ён, спатрэбіцца на будаўніцтва свайго хутара — Гатавец жыве такою мараю.
Пра атрыманую зямлю трэба гаварыць асобна. Яна ідзе нешырокаю паласою ад дарогі Кутнева — Урэчча ў бок чацвёртага калійнага камбіната. Па ёй цягнецца высокавольтная электралінія на чацвёрты калійны камбінат, а частка перарыта глыбокімі ровамі. Калісьці тут праводзілі свае «гульні» танкісты з Урэцкага ваеннага гарадка. Недзе ў нетрах па гэтай лініі праходзіць разлом зямной кары, які аддзяляе шахтнае поле трэцяга калійнага ад чацвёртага. Адным словам, гіблая зямля, якая не апрацоўвалася калгасам.

Жыццёвыя ўрокі
«У 2002 годзе пачаў адпрацоўваць тэхналогію вырошчвання памідораў, неаднойчы ездзіў у Еўропу. У 2004 годзе былі першыя поспехі. У 2005 годзе мае памідоры так засцілалі поле, што не было куды ступіць. Ураджай можна параўнаць з ураджаем Малдовы і Краснадарскага краю. Але ён прынёс вялікае гора: не было куды тыя памідоры прадаць. Мясцовыя ўлады прыехалі, паглядзелі, падзівіліся на ўраджай і паехалі. Балюча было глядзець, як прападае такое дабро. З таго часу саджаю памідоры столькі, колькі можна прадаць самастойна. Таматы можна вырошчваць у полі, толькі трэба правесці электралінію, каб арганізаваць паліў. Яны будуць значна таннейшымі за тыя, што растуць у парніках. Вада ёсць. Ёю запоўнены равы, у якіх вырастае добрая рыба.
З зерневых сею пшаніцу, ячмень. Пасля таго, як за зданае дзяржаве зерне доўга не мог атрымаць грошы, сею столькі, колькі прадаю людзям. Перайшоў на пасеў траў: цімафееўкі, донніка і белай канюшыны. Яны добрыя меданосы і высокая цана насення. А яшчэ займаюся цібецкім анісам — гэта добры лячэбны сродак ад многіх недамаганняў. Стаміўшыся, дастаткова паўгадзіны правесці сярод гэтай травы — і стомы як не было. Каб не прападалі адходы раслінаводства, адкармліваю бычкоў. Яшчэ займаюся бульбай. У мінулы год прадаў дзяржаве 100 тон другога хлеба. Абяцалі надбаўку к закупачнай цане, але абяцанне не выканалі.
Фермеру цяжка будаваць адносіны з дзяржавай. Быццам і нейкі закон маецца пра дапамогу, але яе няма. Калі даб’юся правядзення электралініі, пас- прабую пабудаваць хутар. За маёй зямлёй ёсць кінуты ўчастак на 63 гектара. Калі пастарацца, гэту зямлю можна зрабіць прыгоднай для земляробства.

Реклама

Пчолы ў дапамогу
А пчолкамі я стаў займацца зусім выпадкова: ад дзеда засталіся пустыя вуллі. У гэтыя вуллі прыляцелі пчолы. З іх і пачалося. Але прыляцеўшых пчол не трымаю, гэтым летам аддаў людзям чатыры такія сям'і. Трымаю пчолак чыстапародных. Мне яны не толькі мёд прыносяць, але дапамагаюць атрымаць добры ўраджай насення траў.
Фермества — гэта горкі мёд: устаю ў шэсць гадзін раніцы, а працоўны дзень доўжыцца да адзінаццаці вечара. Але назад мне ходу няма. Штогод я ўсё больш і больш прырастаю да зямлі».
***
Аляксей Канстанцінавіч правёў мяне на палетачкі: на адной клетачцы бульба выбрана, на суседняй — зелянелі добрыя памідоры, але асобы гонар — гэта трава цібецкі аніс. Тут адразу стала лягчэй дыхаць.
Пакідаў гаспадарку Аляксея Гатаўца з думкаю: колькі мужнасці і натхнення ў гэтага чалавека!

Уладзімір Амяльчэня


Догляд пчол патрабуе цярпення і часу


Аляксей Гатавец на полі цібецкага анісу

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии