Вячэрні смутак

0

Валю амаль вынеслі з перапоўненага аўтобуса на шэры асфальт. Яна паправіла валасы, перамяніла сумку з прадуктамі з адной рукі ў другую і пайшла.
Восеньскі дзень дагараў. Вецер прынёс з поля подых кастрычніка — пах апалага лісця і ворнай зямлі, рокат трактара.

Не заўважыла, як падышла да свайго дома. Паволі падымалася па прыступках на трэці паверх, адчуваючы нейкую тугу. Усміхнулася і падумала з прыкрасцю, што яшчэ адзін дзень прайшоў, адляцеў, такі падобны на ўчарашні, пазаўчарашні. І сёння, і заўтра будзе адно і тое ж: адны літары на клавішах машынкі. Менш трэба думаць. У працы збавенне ад думак і перажыванняў…
Мільгануў у акне сонечны прамень, і Валя падумала пра сына, пяцігадовага Кольку: трэба забраць з дзіцячага садзіка.
Адамкнула дзверы сваёй аднапакаёвай кватэры — і адразу апанавалі хатнія клопаты. Выняла з сумкі прадукты, навяла парадак. Колькавы цацкі былі параскіданы па падлозе, на ложку — драўляны конь, любімы Колькаў скакун — падарунак бацькі да дня нараджэння сына, калі споўнілася два гады.
Віктар, бацька, муж… Муж, былы муж. Ён напамінаў пра сябе ўсюды і заўсёды, і Валя не магла выкінуць яго з памяці, з сэрца.
На заводзе Віцю ведалі, як добрага інжынера — спецыяліста граматнага і здольнага. Ён атрымаў добрую кватэру. І Валя пачала гаспадарыць. Адна, без яго дапамогі: так ён з самага пачатку паставіў сябе. Любіў і прызнаваў усё гатовае: прыбраную жонкай кватэру, прыгатаваны сняданак, памытую і адпрасованую кашулю, пачышчаны абутак…
Дні ішлі за днямі, і хутка Валя пачала заўважаць, што Віця становіцца да яе зусім абыякавы. Калі раней прыкмячаў, як яна прычасана і ці да твару ёй сукенка, то цяпер амаль не глядзеў на яе. Што рабіць? Можа, і яна ў чым вінавата? Можа, не трэба было браць усё на сябе? Але ж бачыла, што яму не падабаецца займацца хатнімі справамі і, кахаючы, вызваліла яго ад забот цалкам.
У кватэры стаяла цішыня, і Валя пачула, як раўнамерна адстуквае секунды гадзіннік. Скора восем. У гэты час Віця разам з сынам прыходзілі дамоў, а яна, расчырванелая ля пліты, нешта гатавала на вячэру, смачнае, апетытнае, чула, як яшчэ ў прыхожай муж казаў сыну:
— Ну, сынок, як у нас смачна пахне.
Потым за сынам у садзік мусіла хадзіць сама… Адна.
Трэба ісці па сына…
Назад ішла, трымаючы яго за руку. Колька нешта казаў, але яна не слухала, думала зноў сваё. Калі-нікалі пазірала на малога — сын быў надта падобны на бацьку… «Мамачка, можна я пагуляю? — спытаў Колька, калі яны праходзілі скверам — трошачкі толькі».
У руках сына зашамацела апалае лісце. Ён падбіраў яго поўныя жмені і падкідваў угору. Хлопчык залівіста смяяўся, быццам званочак.
Крыху стомленая маці сядзела на лаўцы ў скверыку. Не, яна не шкадуе, што кінула чалавека. Проста было цяжка, што памылілася, і самотна на душы. І расце Колька без бацькі… Ён упэўнены, што бацька паехаў у доўгую камандзіроўку і вернецца хутка, прывязе цікавы падарунак, якога няма ні ў кога з хлопчыкаў, бо Колькаў бацька самы лепшы…
Валя паднялася — трэба дамоў. Колька падбег, бліснуў шчаслівымі вачанятамі. Сынава цёплая рука-далонька сагрэла ёй руку. І яшчэ раз падумала, што ў другі раз не памыліцца.
А як жа інакш… Ёй толькі дваццаць восем гадкоў, і ў яе такі цудоўны сынок, а на свеце яшчэ столькі харошых людзей. Будзе шчасце. Яна ў гэта верыць!

Міхась Масюк

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии