У акупіраваным Слуцку

0

Дзень той, памятаю, нядзеля 14 чэрвеня 1942 года, быў сонечны і цёплы. Наважыўся я з аднагодкам-суседам, з ім да вайны скончылі сем класаў, пайсці ў Слуцк у кіно. Нехта з дарослых падказаў, што там, у кінатэатры «Чырвоная зорка», дэманструюцца нямецкія фільмы.

Да вайны ў нашу школу разы чатыры прыязджала кінаперасоўка, мы паспелі праглядзець некалькі фільмаў.

Мінуў год, як мы ўжо былі пад акупацыяй, пра кіно ніхто і не думаў, а тут — такая нагода. І мы пайшлі пехам да горада — за 20 кіламетраў. Мінулі вёскі Мялешкі, Вялікая Падзера, Падзерскія Агароднікі. У двух апошніх на лаўках каля хат сядзелі нямецкія салдаты з вясковымі дзяўчатамі, нешта гергеталі, тыя смяяліся, лускалі гарбузікі. Абышоўшы па поплаве вёску Ячава, увайшлі ў горад з боку вуліцы Вечаркевіча, якая пераходзіць у Камсамольскую. Каля будынка 1-ай сярэдняй школы ў двары тупалі хто ў бінтах, хто з мыліцамі пад пахамі, нямецкія салдаты з размешчанага там шпіталю. Аж да гарадской лазні на беразе Случы абапал Камсамольскай вуліцы дамы былі цэлымі. Затое галоўная вуліца Пралетарская ва ўсходнім напрамку ад цэнтральнай плошчы была выгарэлай, абапал яе чарнелі папялішчы на месцы драўляных дамоў. А вось двухпавярховы Дом Саветаў, пры немцах — гарадская ўправа, стаяў цэлы, над уваходам вісеў даволі вялікі каляровы партрэт Гітлера, пад якім стаяў з савецкай вінтоўкай-дзесяцізарадкай паліцэйскі ў чорнай форме. Са здзіўленнем убачыў, як па маставой паволі ішла худая, у лахманах на плячах, немаладая жанчына з жоўтымі шасціраговымі зоркамі на спіне і грудзях. Па тратуары яўрэям хадзіць строга забаранялася.

Реклама

Далей ідзем у накірунку гарадскога рынка і звяртаем увагу на дом з калонамі (цяпер тут знаходзіцца краязнаўчы музей — М. Т.), пры ўваходзе над якім на белым палотнішчы словы «Soldaten Haus» (салдацкі клуб), у двары стаяла некалькі легкавых машын, салдаты сядзелі на вынесеных з дому крэслах.
І нечаканае відовішча паблізу двухпавярховага цаглянага будынка жандармерыі ў скверы (там цяпер месціцца дзіцячая паліклініка. — М. Т.) — нямецкі могільнік. Я налічыў на ім 47 бярозавых крыжоў з указаннем на дошчачках імёнаў і прозвішчаў забітых салдат. Хавалі іх, па ўспамінах жыхароў, хто перажыў акупацыю, у драўляных трунах, дастаўленых з тылу на грузавіках.

А вось і рынак. Сустрэў ён шматлюддзем, мноствам павозак, гоманам гандлярак, якія прадавалі за рублі і маркі цыгарэты, мыла, сахарын, соль. На нейкім драўляным зэдліку сляпы гарманіст падыгрываў двум бабулям, якія з натужным смуткам спявалі рэлігійныя псалмы пра канец свету і боскую кару. Прахожыя кідалі музыканту ў кепку ля яго ног хто капейкі, а хто і рублі. Непадалёку спынілася грузавая савецкая палутарка з адкідным бортам, у кузаве стаяў хлопец са светлым чубам і чытаў вершы пра вясну і каханне, пра Калыму, дзе ён да вайны паспеў пабываць як вязень ГУЛАГу, а закончыў свой выступ вершам Максіма Багдановіча «Пагоня».
Налева ад уваходу на рынак (збоку сённяшняй вуліцы Уласаўца), наўзбоч, каля плоту, стаяў мужчына сялянскага выгляду, побач на разасланым на маставой белым абрусе стаяла бутэлька літраў на два з самагонкай, у талерачцы ляжалі скрылікі сала і лусты хатняй выпечкі хлеба. Падышлі да самагоншчыка два нямецкія салдаты, спыталіся: «то іст шнапс?» Мужчына заківаў галавой: «Так, так». Спярша наліў паўшкляначкі сабе, выпіў без закускі. Немец папрасіў наліць і яму. Выпіў, закусіў салам, сунуў у рукі дзядзьку некалькі марак — і адышоў.
Яшчэ ўвагу маю прыцягнулі немцы пажылога ўзросту, чалавек пяць, якія з падвешаных палічак, што трымаліся на вяровачках за шыяй, прадавалі сахарын, мыла, цыгарэты, цукеркі, разлічваліся не толькі маркамі, а і савецкімі рублямі, якія ішлі па курсу 1 марка — 10 рублёў. Прадавалі па цане, ніжэйшай чым у рыначных гандляроў. Я купіў дзве пачкі цыгарэт, пакецік сахарыну, бо цукру з пачатку вайны ў вёсцы ні ў кога не было, брусок мыла. Паліцэйскія ў чорнай форме з шэрымі каўнерамі і абшлагамі на рукавах, з савецкімі вінтоўкамі на рамянях, таксама нешта куплялі ў немцаў.

З рынку пайшлі да вуліцы Садовай, дзе ў былой харальнай сінагозе месціўся кінатэатр «Чырвоная зорка». Цагляны, аднапавярховы. У прыхожай, пасля набыцця білетаў, назіралі за выступленнем на невялікай сцэне танцавальнага гурта ў нацыянальных строях. Дзяўчаткі вытанцоўвалі «Крыжачок» і польку. За імі назірала чалавек дваццаць такіх жа хлапчукоў як мы, мо пяць ці шэсць дарослых мужчын і не меней дзесяці нямецкіх салдат.
Празвінеў званок, і мы занялі свае месцы ў зале. Патухла святло, і на экране засвяціліся словы «Deutsche Wochenschau» — дакументальная кінахроніка з франтоў вайны. Уразілі да болю ў сэрцы кадры разгрому савецкіх армій у маі 41-га года на Керчанскім паўвостраве. Аператар ехаў паволі на машыне і здымаў безліч кінутых згарэлых і цэлых грузавікоў, гармат, спаленых танкаў і мноства трупаў абапал дарогі і на беразе мора. Са слоў каментатара выходзіла, што толькі «Gefangene» (ваеннапалонных) вермахт узяў звыш 150 000 чалавек.
Потым паказалі гітлераўскага генерала Роммеля, які з танкавым корпусам у Паўночнай Афрыцы вёў наступленне на англічан у бок Егіпта, дуэль паміж танкамі двух бакоў і як дагараюць пяць ці шэсць англійскіх, а каля іх валяюцца абгарэлыя трупы танкістаў. Яшчэ паказалі, як у Атлантыцы дзейнічаюць супраць марскіх канвояў, што плывуць з грузамі да Мурманска, нямецкія падводныя лодкі. Аператар быў на адной з іх і зняў сцэну, калі лодка ўсплыла і матросы адкрылі агонь з бартавой гарматы па транспартнаму судну, яно загарэлася і стала тануць, некалькі чалавек з яго на шлюпцы паспелі адплыць далей і іх узялі ў палон.
Мастацкі фільм пра каханне, з субцітрамі па-беларуску, пасля ўбачанага мы глядзець не сталі і паціху пакінулі залу. Там, у прыхожай, я купіў у нейкай жанчыны свежы нумар «Беларускай газеты», дзе на першай старонцы быў буйны загаловак «Пачаўся штурм найвялікшай цытадэлі свету — Севастопаля». А яшчэ — зводка з Усходняга фронту пра баі мясцовага значэння і колькасць збітых савецкіх самалётаў. Звычайна, на адзін страчаны нямецкі ў тых зводках прыпадала дзесяць савецкіх, у што мы тады не верылі, бо лічылі, што нашы лётчыкі - лепшыя ў свеце.

Пад вечар вярнуліся дамоў. Я падзяліўся ўражаннямі аб убачаным у кінахроніцы з сябрамі па школе, і мы яшчэ разы два наведвалі той кінатэатр. У 1943-м годзе ўжо баяліся, бо немцы сталі ладзіць аблавы на моладзь для адпраўкі на працу ў Германію. А ў чэрвені 1944-га акупанты кінатэатр узарвалі, а будынак насупраць 5-ай школы спалілі.

Міхась Тычына


Міхась Тычына: «У будынку за мной пад час вайны знаходзілася жандармерыя, а на тым месцы, дзе стаю, — нямецкі могільнік з 47 пахаваннямі»

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии