З самага дзяцінства Анатоль быў гарэзлівым хлапчуком, адпетым непаседам і свавольнікам. Не было таго дня, каб ён што-небудзь не ўтварыў. То з яблыні сігане ды руку зломіць, то па пальцу малатком стукне — бацька ягоны ў кузні працаваў, дык Толік там часта ашываўся.
Гады бягуць, сваё бяруць. Анатоль падрос, памужнеў. Хоць і малога быў росту, затое ў плячах стаў шырокі, ды «лапішча» была як у сапраўднага каваля, бо ўжо з трынаццаці гадоў дапамагаў бацьку ў кузні. Брыгадзір нават налічваў яму «трудадні». І Анатоль вельмі ганарыўся, што прыносіць у хату свой, хоць і невялікі заробак. Закончыўшы васьмігодку, Анатоль паехаў вучыцца ў сталіцу, у ПТУ будаўнікоў.
Тры гады ў сталіцы праляцелі неўзаметку, але ў характары, ужо юнака, усяроўна жыў непаседа. Ён часта атрымліваў ад «мастака» (так звалі навучэнцы паміж сабой майстра групы Івана Кірылавіча).
Ішоў ужо трэці месяц практыкі ў адным з будаўнічых трэстаў. Яшчэ два тыдні — і выпускны іспыт, «новыя» будаўнікі выйдуць на шырокі шлях самастойнага жыцця.
У той дзень, як заўсёды, атрымаўшы ад «мастака» заданне, хлопцы разышліся па аб’ектах.
Анатолю выпала ў гэты раз выбіваць парогі ад бетону, каб потым прыйшоў зваршчык ды абрэзаў арматуру, бо яна замінала цеслярам класці падлогу. Седзячы на драўляным яшчыку, Анатоль паціху збіваў застыўшы бетон. Узмах, яшчэ ўзмах, бетон ніяк не паддаваўся.
У трэці раз ён замахнуўся з усяе сілы.”Бух”,- пачуў ён глухі гук… Затым: “Ох!” — і нешта шмякнула за ягонымі плячыма. Анатоль, як у запаволеным кіно, пачаў паварочваць галаву…
Ля процілеглай сцяны, з чырвонай плямінай на ілбу, на пятай кронцы, ляжаў «мастак» Іван Кірылавіч.
Анатоль падхапіўся, падбег да яго і пачаў трэсці за плечы. Майстра адкрыў вочы, не разумеючы, што з ім здарылася.
— Жывы,- выдыхнуў Анатоль. — Слава Богу,- ды сігануў за дапамогай.
Праз тыдзень «мастак» выйшаў з бальніцы. Анатоль баяўся сустрэчы з ім, але Іван Кірылавіч сам падышоў да яго са словамі:
— Нічога, у жыцці ўсякае бывае, сам вінаваты, цікаўны вельмі.
Праз два тыдні хлопцы атрымалі дыпломы і выйшлі з ПТУ на шырокі шлях самастойнага жыцця.
Мікола Корань