У чаканні прыгараднага аўтобуса, на якім я мусіў ехаць у сваю вёску на Радаўніцу наведаць магілы родных і блізкіх, да мяне на лаўку ля прыпынку прысеў дзядуля гадоў за семдзесят з густой капай сівых валасоў. Разгаварыліся. Мацвей, так клікалі яго, паведаў, што даўно жыве ў Мінску, а ў вёсцы на Случчыне пахаваны яго бацькі, рашыў праведаць. У руках трымаў букецік ярка-жоўтых кветак. «Пакладу на магілу маці, болей няма каму», — ціха прамовіў ён і ўздыхнуў.
— А хіба бацька не там пахаваны? Ці можа не вярнуўся з той вайны? — спытаў я.
— Не, там яго пахавалі. Гадоў дваццаць таму, але да яго магілы не хочу падыходзіць, — пачуўся нечаканы адказ. І Мацвей паведаў сумныя, не сцёртыя гадамі ўспаміны пра жорсткасць і неміласэрнасць бацькі да сваіх дзяцей. А іх у яго было пяцёра, усе сыны. Старэйшы, Мікола, загінуў на фронце зімой 1945 года. Маладзейшы за яго на два гады, Алесь, служыў пасля вайны ў войску гадоў пяць. Маці працавала радавой калгасніцай — куды брыгадзір пашле. Бацька таксама асеў пасля вайны, як дэмабілізавалі, у сваёй вёсцы.
— Недзе ў сярэдзіне лета 1945 года я пагнаў за вёску пасвіць свінню з парасятамі. А хлапчукі-равеснікі паклікалі на бліжняе балотца качак-подлеткаў палавіць. Пакуль я адлучыўся, свіння зайшла ў чыйсці агарод і нарыла кустоў пяць бульбы. Гаспадар паскардзіўся бацьку. Ён паклікаў мяне, маларослага падлетка, загадаў спусціць штаны, зняў з пояса папругу і, што ёсць сілы, пачаў лупіць. Я плакаў, прасіўся, што болей не буду, стагнаў ад болю, але бацька працягваў секчы, пакуль не паявіліся пісугі з крывёю. Я страціў прытомнасць і ўпаў ля парогу.
На мой крык прыбегла суседка, дала мне вады, стала суцяшаць. Я крыху ачомаўся. А потым сыйшоў з дому на цэлы дзень. Маці мяне шукала, пакуль апоўначы я сам не прыйшоў у хату. Хіба забудзеш яе слёзы пры сустрэчы! А бацька маўчаў, быццам нічога дрэннага не ўчыніў.
— Можа да вашых братоў ён быў больш міласэрны за іх хлапечыя ўчынкі?
— Каб жа так! Аднойчы мой старэйшы брат Міколка, яму было трынаццаць, палез у шафачку, каб паласавацца клубнічнага варэння. Па неасцярожнасці слоік упаў на падлогу, разбіўся, брат у роспачы стаў плакаць. Маці была на полі, а бацька дома. Нічога не кажучы плачучаму сыну, зняў папружку, загадаў спусціць штаны і стаў секчы яго з такой сілай, што ён моцна крычаў ад болю, прасіўся літасьці. Пасля гэтага брат аж да выхаду на фронт у 1944 годзе не любіў бацьку — не мог забыць таго здзеку. Маладзейшага за Міколку брата Алеся бацька таксама не раз біў, але не так жорстка. Стаўшы ўжо дарослым, Алесь дараваў тыя крыўды і даглядаў старога да самай яго смерці.
Цікава, што бацька гарэлкі не піў і не любіў яе, зрэдку з госцем мог выпіць паўшклянкі «Кагору». Не болей.
— А вы сваіх дзяцей білі?
— Іх у нас з жонкай трое, два сыны і дачка. Калі хто з іх у дзяцінстве меў правіннасць, жонка давала рукой пляскача па попе, не болей. Сам я ніколі дзяцей не біў, то выраслі ўсе вартымі людзьмі. Я ўжо дзядуля, пяць унукаў.
Перад тым, як Мацвей павінен быў сысці з аўтобуса ў сваёй вёсцы, я параіў яму ўсё ж падыйсці да магілы бацькі, пакласці кветку ля помніка.
Ён нічога не адказаў і, сыйшоўшы, паволі пакрочыў у бок недалёкіх могілак. Магчыма, і адумаецца.
Міхась Залескі