Трон князёў Слуцкіх

0

Не толькі знакамітыя слуцкія паясы, але і іншыя значныя творы мастацтва, якія маюць дачыненне да гісторыі і культуры нашага краю, захоўваюцца ў многіх, у тым ліку вядомейшых музеях свету. Адным з такіх твораў з’яўляецца трон князёў Слуцкіх. Ён знаходзіцца ў музеі Вікторыі і Альберта ў Лондане.

Мастацкія каштоўнасці прыцягвалі да сябе ўвагу ва ўсе часы. Асабліва пашырылася мода на творы мастацтва, а таксама іншыя помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры мінуўшчыны ў ХІХ стагоддзі. Разнастайныя калекцыі і музеі з’яўляліся і на нашых землях. Калекцыянерамі станавіліся як сапраўдныя прафесіяналы, так і ахопленыя энтузіязмам дылетанты. Гэта быў час заснавання многіх музеяў у Еўропе. Сярод іх адным з вядомейшых стаў музей у Брытаніі, які носіць імя каралеўскай чаты Вікторыі і Альберта.

Музей Вікторыі і Альберта
У адрозненне ад іншых музеяў, экспазіцыя і фонды гэтага музея могуць уразіць наведвальніка своеасаблівай стракатасцю і нават эклектыкай. Справа ў тым, што ён прысвячаецца гісторыі быта, яго экспазіцыя ахоплівае перыяд ад старажытнасці да сучаснасці, а экспанаты могуць праілюстрыраваць геаграфію практычна ўсяго зямнога шара. Сёння гэта самы вялікі ў свеце музей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайну.
Ідэя стварэння музея паўстала ў 1852 годзе, праз год пасля правядзення ў Лондане «Вялікай выставы твораў прамысловасці ўсіх нацый» (правобраз цяперашніх сусветных выстаў з назвай EXPO). Поспех выставы аказаўся неверагодным. Частка даходаў ад яе і пайшла на арганізацыю «Музея мануфактур». Для яго калекцыі, якая пастаянна павялічвалася, узводзіліся новыя карпусы. У 1899 годзе каралева Вікторыя ўрачыста заклала камень у падмурак новага будынка, які павінен быў аб’яднаць усе старыя музейныя карпусы агульным фасадам. Тады ж музей атрымаў і сваю цяперашнюю назву. У ёй адлюстравана даніна павагі да каралеўскай сям'і, якая нямала спрычынілася да яго заснавання і далейшага развіцця. Задачай музея ставілася эстэтычнае выхаванне, у тым ліку і працоўных, таму музейная экспазіцыя ад пачатку была адкрыта для ўсіх, а наведванне — бясплатна.

Реклама

Гісторыя трона
Тое, што трон Слуцкіх князёў апынуўся ў ліку збораў такога паважанага сабрання, сведчыць аб яго адпаведнай мастацкай і гітарычнай значнасці. Нажаль, у гісторыі з тронам не ўсё добра вядома, і яна нават наўмысна ў свой час была ахутана таямніцамі. Напрыканцы ХІХ стагоддзя ён аказаўся ў руках мінскага калекцыянера Януша Уняхоўскага, род якога паходзіў з Міншчыны. Сям’я Уняхоўскіх, якая, дарэчы, валодала досыць цікавай калекцыяй самых розных гістарычных прадметаў, пасля Першай Сусветнай вайны жыла ўжо ў Варшаве. Неспрактыкаваны і даверлівы Януш зрабіў публікацыю ў шэрагу замежных выданняў, дзе расказаў аб адным са сваіх набыткаў і размясціў здымак трона. У хуткім часе калекцыянер аказаўся пад увагай тых, каго цяпер называюць «антыкварная мафія». Прыбыўшая кампанія «аўтарытэтных спецыялістаў» агледзела старое крэсла, зробленае з пацямнеўшай слановай косці і адзначыла, што асаблівай каштоўнасці яно не мае. Пасля гэтага за нязначны кошт Януш прадаў крэсла падстаўной асобе — аднаму з варшаўскіх антыквараў. І толькі праз некалькі гадоў з навуковага журнала даведаўся пра далейшы лёс свайго колішняга рарытэта: у публікацыі расказвалася, што Брытанскі музей у Лондане за вялікія грошы набыў «каштоўны прастол слуцкіх князёў». А ўжо з Брытанскага музея трон трапіў у збор музея Вікторыі і Альберта.
Дарэчы, у ХІХ стагоддзі пра каштоўнасць гістарычнай рэліквіі не ведалі верагодна і ў Слуцку. Доўгі час трон знаходзіўся ў слуцкім парафіяльным касцёле. Вядома, што ахвяраваў яго сюды адзін з апошніх князёў Алелькавічаў. Можна думаць, што быў гэта князь Сімяон ІІІ Юр’евіч, які пасля пераходу з праваслаўя ў каталіцызм атрымаў імя Ян-Сімяон. З апошніх трох братоў Алелькавічаў ён пайшоў з жыцця апошнім, у 1592 годзе. Верагодна, прадчуваючы згасанне роду Алелькавічаў, ён ахвяраваў трон фарнаму касцёлу, дзе падарунак і знаходзіўся да ХІХ стагоддзя.
Адной з магчымых прычын, з-за якіх каталіцкія святары вырашылі пазбавіцца ад не надта царкоўнай рэчы, было не толькі тое, што пацямнела касцяная аддзелка і трон згубіў свой першапачатковы выгляд. Вядома, што слуцкі фарны касцёл, узведзены з дрэва ў ХV стагоддзі, прастаяўшы чатыры з паловай сотні гадоў, састарэў і ў 1852 годзе быў разабраны. А праз нейкі час замест яго католікам быў прадастаўлены пусты мураваны будынак былога бернардзінскага Антоніеўскага касцёла. Хутчэй за ўсё, што падштурхнулі да прадажы трона (а магчыма і іншых сабраных у касцёле гістарычных каштоўнасцяў) праблемы з захаваннем касцёльнай маёмасці ў перыяд пераходу з аднаго будынка ў другі, а потым і яе размяшчэнне ў новых умовах. Ва ўсякім разе адбылося так, што ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя трон быў прададзены, і пераходзіў ад аднаго калекцыянера да другога, пакуль напрыканцы ХІХ стагоддзя не трапіў да Януша Уняхоўскага.

Развагі аб вяртанні
Гісторыяй трона і пошукам яго слядоў у свой час займаўся слуцкі краязнаўца Рыгор Родчанка. На праблемы пошука і магчымага вяртання рэліквіі звяртае ўвагу вядомы беларускі даследчык Адам Мальдіс. Гісторык Анатоль Грыцкевіч прыводзіць, што ў Слуцку княжацкі трон, які быў зроблены цалкам са слановай косці, з’явіўся ў першай палове ХV стагоддзя. У такім выпадку замоўцам яго мог быць заснавальнік роду Алелькавічаў князь Аляксандр Уладзіміравіч Алелька. Зрабілі трон візантыйскія майстры.
Аб сувязі Слуцка з Візантыяй як тады, так і пасля яе падзення, а таксама з яе былой сталіцай Канстанцінопалем, гавораць самыя разнастайныя факты з царкоўнай і свецкай гісторыі нашага краю. А гэта, як і шэраг іншых прыкладаў, сведчыць, што наш горад у свой час знаходзіўся ў віры самых разнастайных з’яў палітычнага і культурнага жыцця краіны. Шкада, што помнікі тых цікавых часоў цяпер знаходзяцца па-за межамі нашага горада. Тым не менш, было б варта прыкладаць нейкія намаганні па пошуку і вяртанню нашых гістарычных каштоўнасцяў. Нават калі мы і не можам разлічваць на атрыманне так называемай «аўтэнтыкі». Напрыклад, наўрад ці вернецца ў Слуцк знакамітае «Слуцкае Евангелле» (Евангелле Юрыя Алелькавіча), аднак факсімільнае выданне гэтай кнігі, можна не сумнявацца, у горадзе будзе, і, верагодна, не ў адзінкавым экзэмпляры. За ўзор можна ўзяць і той жа музей Вікторыі і Альберта, у экспазіцыі якога заўважым не толькі арыгіналы, але і выдатнай якасці гіпсавыя копіі знакамітых скульптурных твораў мастацтва, перш за ўсё антычных і эпохі Адраджэння, арыгіналы якіх знаходзяцца ў іншых месцах.

Ігар Ціткоўскі


Фасад музея Вікторыі і Альберта, узведзены ў 1899−1909 гадах


Парафіяльны, былы бернардзінскі касцёл і яго галоўны алтар

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии