Ад урагана пацярпелі любанскія лясы

0

Нядаўнія ўраганныя вятры, што пранесліся над Беларуссю ў сярэдзіне чэрвеня, пашкодзілі лясныя масівы пятнаццаці раёнаў Міншчыны. Найбольш значна ў нашым рэгіёне пацярпелі ўладанні Любанскага лясгаса. Ліквідацыя наступстваў урагана будзе працягвацца да сярэдзіны верасня.

На Любаншчыне, паводле слоў Мікалая Русаковіча, дырэктара лясгаса, магутныя вятры суцэльна паклалі на дол каля дванаццаці з палавінай тысяч кубічных метраў драўніны — да шасцідзесяці гектараў лесу. Такія ўчасткі нагадваюць засекі, якія стваралі славяне, каб стрымаць нашэсце ворагаў. Яшчэ амаль трыццаць тысяч кубаметраў драўніны ўраган паклаў выбарачна — купкамі ад трох да трох дзесяткаў дрэў.
«І вось што цікава, — расказвае Мікалай Русаковіч. — Усе дрэвы ў такіх купках літаральна вырваны з зямлі з карэннямі. Падобным чынам дзейнічаюць смерч або тарнада. Сярод найбольш пацярпеўшых парод дрэваў бяроза, асіна і хвоя. Далей у гэтым спісе — алешына, ясень і нават дуб. Некалькі двухсотгадовых дубоў, напрыклад, павыварочвала на школьным двары ў вёсцы Палічын. Ліквідуе наступствы стыхіі лясгас уласнымі сіламі. Людзі працуюць па дзесяць гадзін шэсць дзён на тыдзень, бо разумеюць: прамарудзіш — і ўся пашкоджаная ўраганам драўніна прападзе, згадзіцца хіба толькі на дровы».
Сёння, па словах дырэктара, частка ствалоў рэалізоўваецца па ўсёй краіне і за яе межамі, частка — паступае ў лясгасаўскі дрэваапрацоўчы цэх, частка — скарыстоўваецца для будаўнічых патрэб.
Варта заўважыць, што для паскарэння тэмпаў ліквідацыі наступстваў стыхіі па максімуму задзейнічана і тэхніка — лесавозы і многае іншае. Якраз напярэдні ўрагану лясгас набыў дзе новыя лябёдкі для трылёўкі драўніны ды яшчэ тры новыя трактары, абсталяваныя гідраманіпулятарамі для пагрузкі ствалоў і спецыяльнымі цялежкамі. Усё гэта аказалася зараз вельмі дарэчы.
Каб зацікавіць сваіх работнікаў, занятых на ліквідацыі бураломаў, лясгас знізіў нормы выпрацоўкі. Перавыкананне тых норм аплочваецца ўдвайне. Поўнасцю ж ліквідаваць наступствы стыхіі любанчане, як сказаў Мікалай Русаковіч, намячаюць да Дня работнікаў лесу, які адзначаецца 20 верасня.
«А вясной, — дзеліцца планамі галоўны ляснічы лясгаса Сяргей Шулякоўскі, — на ўсіх ачышчаных ад буралому ўчастках будуць пасаджаны маладыя дрэўцы.

Сяргей Любшын

Реклама


Момант ліквідацыі наступстваў урагану. Такую бяду натварылі магутныя вятры на Любаншчыне

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии