Запаветная цішыня

0

З той пары, як Віктар Іванавіч пасяліўся ў вялікім доме на пяць паверхаў, не меў ён спакою. І навошта згадзіўся сюды пераязджаць?

Вось і сёння амаль ноч не спаў: зноў канозілася дзіця за сцяной і маці спявала калыханку. А ўчора, падымаючыся ў сваю кватэру, — ён жыве на трэцім паверсе, — злавіў Ваську проста на месцы злачынства: той з рагаткі меціў якраз у лямпачку. Моцна ўхапіў яго вуха і павёў да бацькоў. Бацькі Ваську далі пытлю.
А сёння ў старога на душы кепска. І кватэра яго не радуе, хоць і сонечна ў ёй, і ўтульна, і можна выйсці на балкон падыхаць чыстым паветрам, паўзірацца наўкола. Вось толькі дзеці! Не даюць яны жыцця дзеду Віктару. І чаму не гуляць ім на пляцоўцы? Дык не, шныраць па пад’ездах, падвалах, б’юць лямпачкі, шкло, смецяць. А неяк паабрывалі кветкі з клумбы, што якраз пад балконам пенсіянера. Проста немагчыма больш цярпець! Не, дарэмна згадзіўся перасяліцца сюды, у гэты шматлюдны раён!
І як ты будзеш спакойны, калі хата, у якой столькі пражыў, з якой пайшлі ў жыццё два сыны і дачка ягоныя, дзе былі радасць і шчасце, і гора, і пакуты, дзе ён галадаў у вайну, дзе ладзіў багатыя сталы на святы, дзе столькі з жонкаю марылі пра той час, як дзеці стануць на ногі, як падмогуць потым ім — старым, перастала існаваць. Апошнія тры гады адзін жыў стары, бабылём каратаў свой век. Дзеці выраслі і разляцеліся, жонка памерла. Ціха было там у іх, спакойна. І раптам навіна — хату зносяць. Як жа жыць буду і дзе?
Прапанавалі двухпакаёвую невялікую кватэру. Пакрысе змірыўся з думкаю, што жыць цяпер прыйдзецца ў вялізным доме, дзе будзе многа суседзяў і дзе, вядома, не будзе так ціха, як было раней. Зато ён цяпер штодзень зможа мыцца ў ванне, а не перціся ў мароз і сцюжу ў тую лазню!
Хутка ён пераехаў, — дапамаглі сыны, унукі. Пачалося новае жыццё. Усё ішло добра. Толькі да аднаго немагчыма прывыкнуць — шуму і гоману, непарадкаў. А дзеці? Божачка, колькі іх у доме? Гойсаюць па двары, ганяюць мяч. А Зінка-пігаліца не паспела яшчэ ад матчынага малака адвыкнуць, а ўжо, на табе, стаіць у пад’ездзе з гэткім жа балбесам-жоўтаротам.
Прайшло лета, скончылася восень. Зацерушыў халодны дожджык, пашарэлі фарбы навокал. Лёг мяккі снег.
Адбыліся змены і ў іхнім доме. Зрабілася ў ім цішэй. За сцяной у дзеда Віктара цяпер ужо не плакала дзіця. Хлопчыку пайшоў другі год. За апошні час Віктар Іванавіч паспакойнеў. Можа, таму, што Васька з ранцам за плячыма ўжо не гойсаў туды-сюды, а вакол яго былі ціхія хлопцы, яны паважна ішлі ў школу.
І тут стары адчуў, што яму чагосьці не хапае. Нейкім нават пустым і непрыветным здаўся яму ягоны пад’езд.
Аднойчы Віктар Іванавіч убачыў Зінку-пігаліцу з партфелем у руцэ і спытаў, чаму не відаць цябе?
— Часу няма, шмат трэба вучыць, а восенню ў інстытут паступаць збіраюся, — яна ўзмахнула рукою і пабегла дадому.
Прабеглі дні, тыдні і вось вясна. Зноў зазелянела вакол.
У суботу выйшлі ўсе жыхары дома на ўборку двара. Побач з дарослымі рабілі і дзеці. Той самы Васька працаваў разам з Віктарам Іванавічам.
Вось яно як: бедаваў ён праз гэтых дзяцей, маўляў, не даюць яму спакою… Кватэру хацеў мяняць, але кожны дом нагадваў ягоны. І ўсюды адно і тое ж.
Паўсядзённыя людскія неспакоі, звычайная чалавечая заклапочанасць, якія заўжды больш на відавоку летам, і ёсць жыццё. І не цішыня ў ім галоўнае, а мітуслівая плынь: няўрымслівая праца сёння і такая ж неспакойная будзённасць заўтра. І, відаць, нікуды не ўцячэш ад шуму, мітусні дзяцей. Ды і навошта гэта рабіць? Жыццё — яно жыццё і ёсць!
І калі вечарам у пад’ездзе старому Віктару Іванавічу зноў трапілася на вочы Зінка, якая стаяла на пляцоўцы з хлопцам, прайшоў Васька, стары толькі пасміхнуўся сабе, прывітаўся і пайшоў адпачываць дадому.

Міхась Масюк

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии