Як сустракалі чырвонаармейцаў

0

Мінула 65 гадоў, як наша Беларусь была вызвалена ад нямецкіх захопнікаў, а памяць зберагае многія дробязі таго часу. Засталася ў ёй і сустрэча першых чырвонаармейцаў, увайшоўшых у вёску. Але спачатку, дзеля праўды, трэба расказаць, як праводзілі апошняга немца. Бо паміж праводзінамі і сустрэчай было не болей двух дзён.

Жыццё людзей маёй роднай вёскі Лескі, па якой не надта жорстка прайшла вайна, было ціхім. Аб тым, што наступае Чырвоная Армія, усе ведалі. На поўнач ад вёскі стаяў грукат, там часам раздаваліся выбухі. На поўдзень таксама гудзела. Вось толькі ў мястэчку Урэчча было ціха.
Таму дзівам стала, што ў гадзін дзесяць раніцы перад домам прыпынілася легкавая машына, з якой выйшлі мае брат і сястра, якія раніцай пайшлі на працу, а за імі — нямецкі афіцэр. Ён быў нам добра знаёмы.
…Неяк у першае лета пасля Сталінграда суседскі хлопец украў салідолу, а немцы злавілі яго на кражы. Вечарам трое немцаў прывялі злодзея ў вёску і патрабавалі выкуп яйкамі і курамі. Сярод траіх быў і гэты немец.
Ён добра гаварыў па-руску і тады ў размове з бацькам сказаў, што «Гітлер капут», а бацька ў адказ: «Не, Сталін капут». — «Хіба ты не ведаеш пра Сталінград, у цябе брат у партызанах», — сказаў немец. Бацька пра Сталінград ведаў, толькі не ведаў, што немцы ведаюць пра брата-партызана.
А хутка на Урэцкім базары сястру злавілі немцы і сталі адпраўляць у Германію. Добра памятаю той роспач, што стаяў у хаце. І бацька рашыўся на апошняе — знайсці гэтага немца і прасіць дапамогі. І дзіва збылося: на матацыкле немец прывёз дадому сястру і бацьку. Пасля гэты немец яшчэ раз вызваліў сястру ад Германіі. Такое было знаёмства…
Першае, што сказаў немец здзіўленым бацькам, каб хавалі дзяцей і коней, а пасля дадаў: «Рускія ў Старых Дарогагах», — расшпіліў кабуру і падаў брату пісталет: «Мо, спатрэбіцца. Калі народзіцца новы Сталін ці Гітлер,  застрэліць у дзіцячай калысцы». На гэтым немец развітаўся і паехаў. Лёс яго мне невядомы.
Праз дні два сонечным ранкам мы заўважылі, як трое незнаёмых паўзлі ўздоўж плота па агародзе. Здзівіла адзенне: на галаве былі пілоткі з чырвонай зоркаю, а па версе адзення — зялёныя накідкі. Бацька здагадаўся, што гэта чырвонаармейцы-разведчыкі. Сустрэча была шумлівая, радасная. Скора збегліся людзі, распытвалі салдат. Маці вынесла бохан хлеба і гладыш з малаком, распаліла ў хаце печ і стала рыхтаваць сняданак.
Адзін з чырвонаармейцаў дастаў патрон-ракету, выцягнуў з яго шаўковы парашуцік і падарыў сястры, якую немец выратаваў ад Германіі, а патрон выкінуў пад плот. Я хуценька яго падняў. У патроне віднеліся рознакаляровыя кругляшыкі.
Хутка з сябрамі адзін кругляшык дасталі, і старэйшы гады на два за мяне Грыша Дубік завярнуў яго ў паперу і параіў мне кінуць дома ў печ. У печы рыхтаваўся сняданак, дровы добра гарэлі. Маці стаяла каля печы ў задуменні. Я падбег і шпурнуў у полымя зкомканую паперыну з кругляшыкам. Не паспеў з двара выбегчы на вуліцу, як пачуўся выбух.
Я вярнуўся ў хату. Усюль валяліся разбітыя гаршкі са страваю, на падлозе дыміліся галавешкі, якія маці згрэбала і адпраўляла ў печ.
Калі маці з гэтым управілася, то ўзялася за рушнік з доўгімі шкуцікамі, на якіх было многа вузельчыкаў. Гэтыя вузельчыкі прызначаліся для мяне… Калі, заплаканы, прыйшоў да сяброў, там Грыша енчыў ад болю. Каб дастаць апошні кругляшык з патрона, ён умудрыўся пракалоць капсюль. Атрымаўся выбух: у зямлю з шыпеннем паляцеў чарговы кругляшык, а капсюль адарваў кіпець з вялікага пальца на руцэ. Такім быў першы дзень сустрэчы з чырвонаармейцамі.

Уладзімір Амяльчэня

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии