Памяць пра Дзімітрыя Растоўскага

0

Навуковая канферэнцыя, прысвечаная памяці свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага (1651 — 1709), была нядаўна праведзена ў старажытнарускім горадзе Растове. Гэты выдатны царкоўны дзеяч у свой час шмат папрацаваў на карысць праваслаўнай царквы на Украіне і ў Расіі. Кароткі перыяд яго дзейнасці адносіцца і да нашага краю, калі па запрашэнні Праабражэнскага брацтва ён больш года знаходзіўся ў Слуцку.

Вядомасць да маладога царкоўнага дзеяча прыйшла рана. Ён нарадзіўся ў сям'і шараговага рэестровага казака Запарожскага войска Саввы Туптала ў мястэчку Макараў пад Кіевам. Пры хрышчэнні атрымаў імя Данііл. Пазней, калі бацька ўжо меў чын казацкага сотніка, сям’я пераехала ў Кіеў, дзе Данііл паступіў на вучобу ў брацкую школу. Там выкладалі добрыя настаўнікі, давалі трывалыя веды, нездарма пазней на базе школы была заснавана знакамітая Кіева-Магілянская Акадэмія. У 18 гадоў Данііл пастрыгся ў манахі і атрымаў новае імя Дзімітрый. Ён шмат займаўся літаратурнай працай, але перш за ўсё праславіўся як таленавіты прапаведнік і палеміст.

Украінскія справы
Украіна ў разглядаемы перыяд перажывала час складаны і супярэчлівы. Пачатак таму паклалі выхад Украіны са складу Вялікага княства Літоўскага і далучэнне яе да Польшчы. Украінскія феадалы атрымалі тады большыя прывілеі, аднак прыходзілася падпарадкоўвацца новым польскім законам, якія ў народзе часам выклікалі нязгоду. Супярэчнасці набылі рэлігійны характар, бо ў Польшчы адназначна панаваў каталіцызм, а пераважная колькасць украінскага насельніцтва была праваслаўнай. Адной з вядучых сіл на Украіне з’яўлялася казацтва. У паветры вітала ідэя стварэння казацкай краіны. Аднак з-за таго, што прыходзілася лічыцца з магутнымі суседзямі, перш за ўсё з Польшчай і Расіяй, у казацкім кіраўніцтве адзінадумства не было. Адны лічылі мэтазгодным на гэты раз адыйсці пад апякунства маскоўскага цара, іншыя працягвалі звяртаць увагу на караля польскага. Дзеянні казакаў ацэньваліся па-рознаму. Калі яны выступалі супраць Польшчы, то палякамі называліся бунтаўшчыкамі, калі ж ішлі на саюз з Польшчай, то маскоўскімі ўладамі называліся здраднікамі. Вынікам стаў падзел Україны па Дняпры на Правабярэжную, у межах Рэчы Паспалітай, і Левабярэжную, якая далучылася да Расіі.
Абвастрэнне палітычнай сітуацыі выклікала і абвастрэнне рэлігійнай палемікі. Дзейнасць царкоўных прапаведнікаў набывала вялікую грамадскую значнасць. Нездарма і таленавіты малады прапаведнік манах Дзімітрый звярнуў на сябе ўвагу, аказаўся пад апекаю вядомых царкоўных іерархаў і казацкіх вярхоў.

Реклама

Слуцкі Праабражэнскі манастыр
У ВКЛ рэлігійнае жыццё таксама не было спакойным. У ХVІ стагоддзі пачаў актыўна пашырацца пратэстантызм, які выклікаў контррэфармацыю і ўзмацненне каталіцызму. У выніку царкоўнай уніі і з’яўлення уніяцкай царквы слабела праваслаў'е. Прадстаўнікі кожнай з канфесій выступалі ў абарону сваіх пазіцый.
Слуцкі Праабражэнскі манастыр быў заснаваны ў 1600 годзе па ініцыятыве Праабражэнскага брацтва. Дзейнасць яго была накіравана на адстойванне і ўмацаванне на Случчыне пазіцый праваслаўнай царквы. Братчыкі лічылі, што існаваўшых у горадзе з даўніх часоў Ільінскага і Троіцкага манастыроў было не дастаткова. Справа ў тым, што заснавальнікамі і апекунамі большасці храмаў і манастыроў у краіне былі магнаты. З-за таго, што многія з іх нашчадкаў пераходзілі ў каталіцызм або станавіліся пратэстантамі, то і падначаленыя ім праваслаўныя храмы і манастыры маглі цярпець прыцясненні, з праваслаўных станавіцца уніяцкімі. Несумненна, каб пазбегнуць небяспекі, а пагроза такая была, у Слуцку, акрамя княжацкіх Троіцкага і Ільінскага манастыроў, з’явіўся яшчэ адзін, які атрымаў статус брацкага. Ён фактычна не залежыў ад свецкага кіраўніцтва краю, а праз пэўны час братчыкі вывелі яго і з-пад парадкавання мясцовым царкоўным іерархам, напрамую перайшлі пад апеку Канстанцінопальскага патрыярха.
Дзеля пашырэння адукацыі ў горадзе пры манастыры было адкрыта вучылішча для дзяцей слуцкіх мяшчан, пазней пры ім з’явілася духоўнае вучылішча, якое забяспечвала кадрамі храмы Случчыны. Дзеля духоўнай і практычнай падтрымкі кіраўніцтва брацкага Праабражэнскага манастыра запрасіла да сябе прапаведніка Дзімітрыя, слава якога перасягнула межы Украіны.

Іераманах Дзімітрый у Слуцку
У літаратуры пра знакамітага свяціцеля яго слуцкі перыяд звычайна згадваецца некалькімі радкамі. Тут ён быў не доўга, з 6 снежня 1677 па 29 студзеня 1679 года. Тым не менш для праваслаўнай гісторыі краю гэты факт застаецца знамянальным.
Атрымаць запрашэнне або ўзгодніць яго Дзімітрый мог і са слуцкім архімандрытам Феадосіем Васілевічам, які на той час займаў пасаду епіскапа Беларускага. З ім Дзімітрый пазнаёміўся ў жніўні 1677 года ў Новым Двары — мястэчку непадалёку ад Чарнігава на мяжы Літвы і Польшчы. Адтуль накіраваўся ў Вільню, дзе ім былі сказаны две пропаведзі. Пра тыя часы сам свяціцель піша так: «Напярэдадні Філіпава загавення праасвяшчэнны епіскап Беларускі прыехаў у Вільню і адсюль з яго праасвяшчэнствам паехаў я, 24 лістапада, у Слуцк. Снежня 6-га ў Слуцкім брацтве пачаў мець жыцельства». Аднак прапаведніка чакалі на радзіме, з загадам аб вяртанні ў Слуцк прыйшла вестка ад ігумена Кіеўскага Міхайлаўскага манастыра і ад казацкага гетмана, чарнігаўскага палкоўніка. Слуцкае брацтва і духавенства прасілі ў іх дазволу застацца Дзімітрыю ў Слуцку, і іх просьба была вырашана станоўча. З пропаведзямі Дзімітрый выступаў не толькі ў храмах Слуцка. Вядома, што 9 мая быў у Грозаве, дзе знаходзіўся Іаана-Багаслоўскі манастыр, 14 ліпеня наведаў Старчыцкі Петра-Паўлаўскі манастыр, дзе пакланяўся мясцовапачытаемаму цудатворнаму абразу Багародзіцы. Сюды ж наведваўся 22 верасня разам з ігуменам Мінскім. Па магчымасці займаўся не толькі духоўнай, але і фізічнай працай. Захавалася паданне, што ў Слуцкім Троіцкім манастыры ўласнымі рукамі выкапаў калодзеж і паставіў зруб, на верхняй дошцы якога выразаў свае вершаваныя радкі:
«Почто нам в Самарію за водою ходити,
Егда и зде, в Случеске, лепо ее питии?»

Калодзежа з часам не стала, а верш захаваўся, таму што яго выкарыстаў іканапісец, які для Троіцкага манастыра напісаў ікону з выявай размовы Ісуса Хрыста з Самаранкаю і прывёў згаданы верш. Цяпер у якасці эпіграфа гэты верш выкарыстоўваецца ў выдаваемай слуцкім Свята-Міхайлаўскім саборам газеце «Преображение».
Падчас прыбывання Дзімітрыя ў Слуцку ў Любліне памёр слуцкі архімандрыт і епіскап Беларускі Феадосій Васілевіч. А напрыканцы лістапада не стала аднаго з кіраўнікоў Праабражэнскага брацтва і кцітара Праабражэнскага манастыра Івана Скачкевіча, на пахаванні якога Дзімітрый выступіў з прамовай. Пасля пахавання сваіх сябраў і апекуноў, праз два месяцы, 29 студзеня 1679 года Дзмітрый выехаў са Слуцка і праз нейкі час быў ужо ў Батурыне — гетманскай рэзідэнцыі Левабярэжнай Украіны.

***

У Маскве ўпершыню Дзімітрый пабываў у 1689 годзе разам з дэлегацыяй, якую ўзначальваў гетман Іван Мазепа, там сустракаўся з патрыярхам Маскоўскім. Згодна з указам цара Пятра І на пачатку ХVІІІ стагоддзя зноў выехаў у сталіцу Расіі, дзе быў пасвячоны на мітрапаліта Табольскага, але атрымалася так, што паехаў не ў Сібір, а трапіў на епіскапскую кафедру ў Растоў. У гісторыі рускай праваслаўнай царквы ён застаўся як выдатны царкоўны дзеяч, прапаведнік і пісьменнік, асветнік, палеміст, драматург і паэт, рэфарматар сістэмы навучання. Шырока вядомы пры жыцці, падчас кананізацыі ў 1757 годзе быў названы «свяціцелем». Памяць яго адзначаецца 4 кастрычніка (21 верасня па старым стылі).

Ігар Ціткоўскі


Свяціцель Дзімітрый Растоўскі: Ікона XVIII стагоддзя


Фрагмент панарамы Слуцка XVII — XVIII стагоддзяў

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии