Чырвоныя цюльпаны

0

З гадамі ўсё больш і больш хочацца вярнуцца ў дзяцінства, нетаропка прайсці басанож па роднай вуліцы, прыпыняючыся супраць кожнай хаціны. Тут калісьці жылі людзі, пра якіх можна пісаць гісторыю.

Вуліца роднай вёскі сустрэла мяне цішынёю і пустэчаю, праглядвалася ў другі канец аж да самага лесу, і ні воднай жывой душы. На шыкоўным аўто я павольна праязджаю ад хаты да хаты, успамінаю былых жыхароў, і раптам заўважаю на лаўцы каля плота старую жанчыну. Шэрыя валасы, шэры твар, у шэрай заношанай вопратцы на шэрым плоце яе цяжка было заўважыць. Толькі чорныя вочкі ды на дзіва белыя зубы свяціліся жыццём. Гэта была цётка Маня. Так зваў яе тады, калі сам бегаў малым хлапчуком. А сёння мне далёка за сем дзесяткаў гадоў. Дык колькі цётцы Мані?
Я прыпыніўся і выйшаў з машыны. Цётка Маня пазнала і ад гэтай радасці лагодна заўсміхалася. «Кабзароў, толькі не ведаю, меньшы ці большы, — загаварыла яна. — Так падобны на маму».
Мы доўга сядзелі і ўспаміналі пра людзей, пра былое жыццё. У асноўным пытаўся я, а яна расказвала. На пытанне, з кім цяпер жыве яна ў сваёй хаце, цётка адказала не адразу: «Жыву адна, ды ёсць у мяне чырвоныя цюльпаны — кветкі майго кахання». Я здзіўлена паглядзеў, а цётка Маня ўсміхнулася, паказаўшы на дзіва белыя зубы.
«Я замуж выйсці не паспела, як стала незамужняй векавухай, ці ўдавою. Лічы, як хочаш. Хіба пра жыццё маё ты не ведаеш? Але дзе табе ведаць. Адразу пасля сямігодкі ты з’ехаў, а што было раней, не ведаеш, бо быў малым хлапчуком. Калі выйшлі з партызанкі, жылі ў зямлянках. Мой Кастын, мы кахаліся з ім у партызанах і пасля вайны, будаваў хату і працаваў кавалём у калгаснай кузні. К новаму 1948 году збіраліся зрабіць вяселле і перайсці ў новую хату. Я збірала пасаг. На сваё няшчасце пашыла новы сяннік з кужэльнага палатна на паслявясельны сумесны ложак. Перад вяселлем пайшоў Кастын з маім сеннікам да сцірты, каб набіць саломай. Пайшоў і не вярнуўся. Назаўтра стала вядома, што ля сцірты яго злавілі калгасны вартаўнік з участковым міліцыянерам, адвялі ў сельсавет, а пасля ў раён. Там яго судзілі на дзесяць гадоў і саслалі на Калыму. Я хадзіла па вёсцы, збірала подпісы людзей пад зваротам у Крэмль, але гэта не дапамагло. А вартаўнік у гэты час хадзіў па вёсцы і скаліў зубы. Яго брат быў пракурорам. Пад Новы год прысніўся сон, што пад вакном новай хаты з-пад снегу выраслі два цюльпаны. Іх ружовыя галоўкі так прыціскаліся, і раптам адзін бутон адламаўся, з чырвонага стаў чорным на белым снезе. Раніцою свой сон расказала старой Аўдолі. „Чырвоныя цюльпаны- кветкі кахання, — сказала старая. — Дасць Бог, чорнае сплыве са снегам, спадзявайся, дзеўка, на лепшае“. Так спадзявалася, але Кастын з Калымы не вярнуўся. Пасля атрымалі паведамленне, што памёр ад запалення. Вартаўніка таго пазней людзі прыбілі, за гэта судзілі чалавека, але той вярнуўся хутка. А мой Кастын за сяннік саломы згінуў на Калыме. Вось так на ўсё жыццё я засталася адна. Вясною пасадзіла цюльпаны. Што весну яны распускаюцца чырванню, пры ветрыку схіляюць галоўкі, як закаханыя. А я гляджу на іх, ды паплачу калі-небудзь. Хадзем, табе наадразаю, падарыш сваёй жанчыне. Помню: прыгожая яна ў цябе.»
«А яшчэ агарод які сееце?» — «Цяпер не, толькі цюльпаны перад вакном, дзе прысніліся. Вось і люляю сваё каханне. Кажуць, што цюльпаны маюць сваіх дзетак. Таму іх не перасаджваю, хай растуць разам».
На развітанне я зрабіў фотаздымак цюльпанаў пад вакном. Вось ведай, з якіх гісторый у людзей растуць цюльпаны.

Уладзімір Дамель

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии