А заглянуць у «святцы» 20-х гадоў варта

0

Менавіта так зрабіў доктар эканамічных навук, акадэмік НАН Беларусі, публіцыст Генадзь Лыч.
За гады пасля распаду СССР ён апублікаваў у рэспубліканскім друку 254 навуковыя працы, у тым ліку і аб пытаннях нацыянальна-культурнага развіцця Бацькаўшчыны, уключаючы праблемы адраджэння роднай мовы, што, між іншым, настойліва робіць і яго аднафамілец — доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч.

Многія публікацыі Генадзя Лыча занатаваны ў яго навукова-папулярным выданні «Народам звацца», якому ў 2001 годзе дало выхад у свет Беларускае выдавецтва «Хата», што ўзначальвае наш зямляк-случчанін Валерый Санько.
Аўтар апавядае, як у 1924 годзе, карыстаючыся спрыяльным момантам, беларускім нацыянальна-патрыятычным сілам удалося надаць беларусізацыі статус дзяржаўнай палітыкі. Цэнтральнае месца ў ёй было адведзена вырашэнню праблемы беларускай мовы. Каб пакласці канец шматгадоваму панаванню на Беларусі рускай мовы, другая сесія ЦВК БССР у ліпені 1924 года прыняла пастанову, накіраваную на забеспячэнне планамернага ўводу беларускай мовы ва ўсе асноўныя сферы грамадскага жыцця. Згодна з ёю беларусізацыя апарату самаго ЦВК, Саўнаркома, Наркам-асветы і Наркамата земляробства планавалася здзейсніць за 1 год; Наркаматаў унутраных спраў, юстыцыі, сацзабеспячэння, пошты, тэлеграфу — за 2 гады, а ўсіх астатніх устаноў і арганізацый — за 3 гады.
Кастрычніцкі (1926 год) пленум ЦК КПБ прыняў рэзалюцыю, якой абавязваў да 1 студзеня 1927 года перавесці на беларускую мову ўсю працу партыйнага і камсамольскага апарату, што ўвогуле было і зроблена. У выніку, ужо ў 1928−29 навучальным годзе з 5818 школ-чатырохгодак і 327 сямігодак беларускімі былі адпаведна 5456 і 279 (94 і 85 працэнтаў). Усё большую ролю пачала адыгрываць беларуская мова ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, асабліва педагагічнага профілю. Станоўчы ўплыў зрабіла беларусізацыя на нацыянальную мастацкую літаратуру, 20-я гады былі яе Рэнесансам, з’явілася цэлая плеяда таленавітых паэтаў і празаікаў, ствараліся літаратурныя аб’яднанні, на беларускай мове выдавалася большасць кніг. Але светлая паласа Адраджэння была нядоўгай. У пачатку 30-х гадоў нястрыманай плынню хлынуў вал русіфікацыі, пачаліся арышты найбольш таленавітых пісьменнікаў, многіх расстралялі або выслалі.
На жаль, і сёння родная мова, хоць і лічыцца дзяржаўнай, апынулася пад пагрозай канчатковага адмірання, аб чым б’юць трывогу абодва акадэмікі Лычы, пісьменнікі, неабыякавыя да беларускай мовы грамадзяне. Таму Палаце прадстаўнікоў пара б разглядзець пытанне аб унясенні змен у Закон аб мовах, як гэта зрабілі, у 20-я гады мінулага стагоддзя, нацыянальна свядомыя камуністы і дэмакраты. Заглянуць, як кажуць, у «святцы».

Міхась Залескі

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии