Алена Васілевіч: «Мне даўно не сніцца Слуцк»

0
Реклама

«Кур'ер» працягвае серыю артыкулаў пра нашых знакамітых землякоў. Гераіня сённяшняй публікацыі - пісьменніца Алена Васілевіч. З Аленай Сямёнаўнай мы сустрэліся ў яе дома ў Мінску на праспекце Пераможцаў, і за кубачкам гарбаты аўтарка папулярнай тэтралогіі «Пачакай, затрымайся…», вядомай кожнаму беларускаму школьніку, падзялілася сваімі думкамі пра слуцкі менталітэт і ўспамінамі пра вучобу ў Слуцкім педвучылішчы.

Да гэтай сустрэчы мы некалькі разоў размаўлялі па тэлефоне, і я адчувала, што мая суразмоўца, як гэта не дзіўна, баіцца расчараваць незнаёмую журналістку пры больш блізкім знаёмстве. З гэтае прычыны наша сустрэча адкладвалася некалькі разоў. Ёсць людзі, якіх бачыш упершыню, але адчуваеш, быццам ведаеш іх усё жыццё. Алена Сямёнаўна належыць менавіта да такіх. Яна нагадала мне маю бабулю па шчырасці і адкрытасці. І размаўляць з ёй было проста, як з сапраўды родным чалавекам.

Некласічная пісьменніца
«Я „ратуюся“ тым, што найперш жанчына, чым пісьменіца. Я не ведаю пакут ад літаратуры. З мяне хапае майго жыцця», — прызналася ў адным з інтэрв'ю Алена Сямёнаўна. Яна і зараз гатовая падпісацца пад гэтымі словамі.
— Сказаць, каб я належала да тых, хто, як Олеша, «ни дня без строчки» — гэта не маё, нават па натуры. Я не памірала ад таго, што за дзень я нешта не зрабіла ці не напісала. Калі напісала, ды яшчэ чаго-небудзь вартае, — выдатна. Занятак літаратурай — першааснова майго жыцця — у сілу аб’ектыўных абставін не мог быць на першым месцы. Я любіла сваю работу ў часопісе «Работніца і сялянка», дзе адпрацавала 22 гады, любіла сустрэчы з людзьмі, камандзіроўкі. Гэта не тое, што цяпер: сеў і пашураваў на камфартабельным аўтобусе ці ў маршрутцы. Мы ездзілі на перакладных ці на трактары, і са старшынём калгаса на возе таксама. І ўсё было цікава. Таму я не магу скардзіцца на свой творчы лёс, хоць ён не быў такі акадэмічна абгрунтаваны, як скажам, у сапраўдных пісьменнікаў. Што казаць, уласны пісьмовы стол з’явіўся, калі ўжо ў мяне была сівая галава… Так што я не належу да гэтага класічнага вызначэння пісьменніка.
Калі я працавала ў выдавецтвах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва», на выхадныя заўсёды імкнулася на дачу. Я прыязджала, разбувалася і хадзіла босая па зямлі - яна забірала ўвесь негатыў, які накапліваўся. Такі я нестандартны пісьменнік.

Выпадак з жыцця
Сустрэч з чытачамі ў Алены Васілевіч было шмат, але гэтая адметная. Некалі Алена Сямёнаўна нанесла візіт да стаматолага, дзе рабіла пратэзіраванне. Гэтым часам па радыё перадавалі пастаноўку ў выкананні артыстаў Купалаўскага тэатра па кнізе пісьменніцы. Доктарка ўзяла медкарту Алены Васілевіч, разгарнула яе і кажа: «Слухайце, гэта не вы штодня гучыце па радыё?». — «Як гэта не дзіўна, але гэта я», — прызналася Алена Сямёнаўна. — «Божа мой, я ж у школе, як чытала вашу кнігу, кожны раз плакала», — адказала стаматолаг. — «Калі ласка, доктар, зрабіце так, каб я ў вашым крэсле не плакала», — папрасіла пацыентка. Так яно і адбылося.

Реклама

Асаблівасці слуцкага менталітэту
— У пісьменніка Уладзімера Арлова існуе цэлая тэорыя пра полацкі менталітэт. Алена Сямёнаўна, а як па-Вашаму, ці існуе слуцкі менталітэт, і якія рысы яму ўласцівыя?

— Безумоўна. Кажуць, што беларускі менталітэт — гэта сарамлівасць. Як гэта ні дзіўна, такая рыса прысутна мне самой. Перш, чым з нейкім пазнаёміцца ці нейкую гаворку весці, я так напакутуюся… Праўда, хоць ведаю, што я, можа, не менш ведаю, усё роўна такая нейкая нерашучасць, неадважлівасць. Гэта, я ведаю, было і ў Янкі Скрыгана, і ў Васіля Віткі. Случакі не могуць ісці напралом, як магілеўчане ці гамельчане.
У Аляксандра Валодзіна, драматурга і паэта, ёсць такія радкі: «На стесняйтесь разговаривать с официанткой. Требуйте у неё свинью. На стесняйтесь с поваром разговаривать, требуйте у него, чего хотите. Не стесняйтесь разговаривать с таксистом, требуйте отвезти вас куда вам надо».
Я не адзін раз потым думала: «Божа мой, чаму я не пагаварыла, чаму не сустрэлася з гэтым чалавекам? Чаму не было нейкага кантакта? Тысячы «чаму». Таму што саромеюся. У афіцыянткі такія ж дзеці, як у вас, так жа кепска яны вучацца. У таксіста таксама ж такія праблемы. Яго там жонка пілуе. Таму вы лічыце сябе роўным з іншымі і не саромейцеся.
Да нашай гутаркі далучаецца сын Алены Сямёнаўны Уладзімір: «Гаварыць пра нейкі адзіны слуцкі менталітэт нельга ўжо таму, што раней на вёсцы былі і шляхта, і мужыкі. Між імі была прорва ў культуры, і ў тым жа самым менталітэце».
— Даманшчына, дзе я нарадзілася, — засценак шляхецкі, — працягвае Алена Сямёнаўна. — Школа, дзе я канчала чатыры класы, знаходзілася ў пяці кіламетрах. Яе наведвалі дзеці з розных «планет» — мужыкі і шляхта. Памятаю, як паўстынскія хлопцы пагражалі: «Зараз будзем забіваць шляхцянят малых!». Мы, малыя шляхцяняты першага і другога класа, ліплі да старэйшых, каб яны нас абаранілі. У школу хадзілі з каламі, каб адбівацца. Можаце ўявіць сабе, у якой варажнечы мы выхоўваліся! Божа барані, каб паўстынская дзеўка трапіла замуж у Даманшчыну шляхецкую. Гэта быў бы такі мезальянс…
«Калі дзеўка ў 19 год прыходзіла ў замужжа ў гэты засценак, яна сваіх таварышак называла на «вы», і яе на «вы» да старасці. А мова… Там, у Паўстыні, «сакалі»: наеўса, напіўса. А тут: наеўся, напіўся, што ў вас робіцца, — дадае Уладзімір. — Асаблівасці маўленя былі саслоўныя, а не дыялектныя. Па мове можна было пазнаць мужыкоў і шляхту. І нездарма была кніжка «Беларусы — сакуны Слуцкага павета». Гэта пра мужыкоў - не пра шляхту».


2003 год. Алена Васілевіч сустрэлася са слуцкімі чытачамі ў Мялешкаўскім ДК на вечарыне «Люблю, хвалююся, жыву», прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння

Эпідэмія ў слуцкім педвучылішчы
— Алена Сямёнаўна, ці сніцца Вам Слуцк?

— Я вам скажу праўду: не сніццца. Часам я ўспамінаю, якім ён быў. Але я не магу сказаць, каб Слуцк з’яўляўся мне ў снах. Успамінаю як жывых тых, з кім вучылася разам у слуцкім педвучылішчы. Напрыклад, Шуру Палявую, маю сяброўку, прыгажуню. Мы з ёй з першага дня пасябравалі. Памятаю, калі паступіла ў вучылішча, пачалася эпідэмія фатаграфавання. Канец света! Дзе набрацца грошай на гэта? Дапамагала стыпендыя. Я атрымлівала павышаную — 75 рублёў. Як упершыню атрымала, не ведала, што рабіць з гэтымі грашыма. Я з роду ў руках не трымала такога багацця. Прыйшла дадому ў сваю Даманшчыну, прынесла, сястры адддаю. Уся радня была збянтэжаная. Але ўжо другой стыпендыі - не хвалюйцеся — я не прынесла дадому. Фатаграфіравацца, фатаграфіравацца… У кожнай студэнткі была адна сукенка, дзве — гэта максімум. Адна шуба была на ўвесь курс. Але ў гэтай шубе сфатаграфаваліся ўсе. Мы дарылі здымкі хлопцам — хлопцы дарылі нам. З кожнай стыпендыі мы хадзілі ў фотазабягалаўку, якая і пакідала гісторыі гэтыя незабыўныя партрэты.

Даведка «Кур'ера»
Алена Васілевіч нарадзілася 22 снежня 1922 г. ў засценку Даманшчына (цяпер вёска Ліпнікі) Слуцкага раёна Мінскай вобласці ў сям'і ляснога аб’ездчыка. Засталася без бацькоў на восьмым годзе жыцця. Выхоўвалася ў сваякоў.
Скончыла Слуцкае педвучылішча, літаратурны факультэт Рагачоўскага настаўніцкага інстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны працавала бібліятэкарам у шпіталі, пісарам страявой часці, начальнікам бібліятэкі. У 1946 г. скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Працавала загадчыкам аддзела культуры часопіса «Работніца і сялянка», у выдавецтвах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1947 г.
Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за тэтралогію «Пачакай, затрымайся…». Аўтар кніжак апавяданняў, аповесцей, эцюдаў, эсэ, нататкаў.

Імкліва бяжыць час. Сын Алены Сямёнаўны спяшаецца на працу ва універсітэт, а я развітваюся з гэтым гасцінным домам і яго гаспадарамі. На развітанне Алена Сямёнаўна перадае прывітанне нашым аўтарам Міхасю Тычыне і Ігару Ціткоўскаму. «Я адчуваю гонар, калі сустракаю допісы Тычыны ў „Народнай волі“ альбо чытаю Ігара Ціткоўскага. Мы ўмеем ганарыцца сваімі слаўнымі імёнамі, — кажа пісьменніца. — Трэба, каб Случчына імі ганарылася. На жаль, у Слуцку няма вуліцы Віткі альбо іншых славутых ураджэнцаў, імёнамі якіх можна было б усе вуліцы горада назваць», — дадае сын Уладзімір. Я вяртаюся ў родны горад, які для Алены Васілевіч з маленства быў яе недасягальным Парыжам, і думаю, што мы так і не пагаварылі з ёй пра каханне…

Реклама