Адмеціна вайны

0

Прыбліжалася сярэдзіна 1941 года. Клаўдзіі споўнілася дзесяць. Толькі што закончыўся навучальны год, наперадзе летнія канікулы, шмат задумак на ўсё лета. Некалькі дзён яна думала пабыць у суседняй вёсцы, у сяброўкі Марысі, з якою вучылася ў адным класе і нават сядзела з ёю за адной партай. Вёска тая знаходзілася ад Амговіч ў трох кіламетрах. А калі пайсці цераз «вол», напрасткі, — дык і таго менш.

Аднак дзявочым задумкам не суджана было збыцца: пачалася вайна.
Бацька сяброўкі ў свой час быў раскулачаны, перад вайной вярнуўся з турмы. Немцы яго, як рэпрэсіраванага ўладай, прызначылі старастам.
У 1942 годзе партызанскі рух на беларускай зямлі пачаў набіраць сілу. У Амговіцкай акрузе таксама пачалі дзейнічаць партызанскія атрады.
У адну красавіцкую цёмную ноч да дома старасты падыйшло некалькі ўзброенных чалавек, апранутых у цывільнае. У вокны паляцелі гранаты, а людзі зніклі ў начной цемры. Марыся і яе маці загінулі, а самога старасты-паліцая ў гэту ноч не было дома.
Клаўдзія доўга плакала па загінуўшай сяброўцы. Праз тыдзень вырашыла наведаць яе хату, ад якой фактычна засталіся толькі два вуглы ды абсмаленая печ, на падлозе валяліся розныя хатнія рэчы, абпаленыя фотакарткі.
Дзяўчынка падняла некалькі і пачала іх разглядаць. Раптам яе нешта падштурхнула глянуць у вакно: Клаўдзія заўважыла, як удалечыні над дарогай паднімаўся слуп пылу і даносіўся гук матораў, ці-то машын, ці-то матацыклаў.
Мільганула думка, што, мабыць, карнікі ідуць. Аб іх яна ўжо чула ад дарослых, бо суседнюю вёску спалілі ўшчэнт, разам з жанчынамі, нямногім удалося выратавацца.
Клаўдзія кінулася з хаты. Агародамі, напрасткі, яна бегла, не чуючы пад сабой ног.
А ў Амговічах ужо ведалі, што ідуць карнікі, і жыхары хто на чым ад’язджалі ў лес, выратоўваючы свій скарб. Адна толькі Настуся, Клаўдзіна маці, не знаходзіла сабе месца — прапала дзіця.
Клаўдзія ў гэты час выскачыла на гравейку, якая вяла да вёскі. «Ціў», — пранеслася з левага боку. — «Ціў-ціў», — узняліся струменчыкі пяску справа. Трэба бегчы «укосікі», як вучыла цётка Зоня, яна ўжо так рабіла, як уцякалі ад немца ў лес.
«Вжык», — як быццам шмель праляцеў над вухам, і нешта цёплае палілося за каўнер. І ўсё ж такі яна дабегла да хаты, каля якой гарцаваў на кані партызан і крычаў на маці, каб тая хутчэй бегла ў лес.
Убачыўшы малую, увесь твар у якой быў у крыві, ён падхапіў яе і пасадзіў перад сабой, Настуся пасля гэтага ў імкненне вока ўжо сядзела за яго спіной — так утраіх і дабраліся да лесу. Клаўдзію ў атрадзе перавязалі. На шчасце, нямецкая куля толькі зачапіла яе, вырваўшы невялічкі кавалачак скуры з валасамі на галаве. Аднак і гэтага хапіла, каб засталася адмеціна на ўсё застаўшаеся жыццё.

Мікола Корань

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии