Не памірай, вёска

0

Яшчэ ляжаў снег, але ў паветры пахла вясной: у горад прарываўся вецер, напоўнены водарам лясных праталін. Хацелася больш быць на паветры, ад гэтага водару на душы было неспакойна. Ішла вясна.

На прывакзальнай плошчы падышоў чалавек сталых гадоў: «Сколько будет стоить рейс в деревню Радатень?». Я здзіўлена паглядзеў на прыезжага пасажыра і адказаў: «У Салігорскім раёне каля 140 паселішчаў і сярод іх вёскі Радацень няма». Чалавек стаў тлумачыць, як раней можна было даехаць, і я здагадаўся, што вёска гэта — Прагрэс.
Чалавек ехаў з былога Ленінграда паглядзець родную вёску, якую пакінуў у канцы пяцідзесятых гадоў, і спадзяваўся прывезці ў бацькаву хату, калі тая яшчэ стаіць, на лета сваіх унукаў, каб папраўлялі здароўе на свежым паветры.
Вёска сустрэла нас цішынёю і спакоем: на вуліцы ні адной жывой душы. Пасажыр пайшоў адчыняць хату, а я стаяў сярод вуліцы, спадзеючыся на сустрэчу з мясцовым жыхаром. На вакне суседней хаты калыхнулася белая фіранка і паказаўся твар мужчыны. Скора было чуваць, як стукнула ў сенцах клямка, — чалавек выходзіў на вуліцу.
— Аляксандар Адамавіч Лахай, — мы паціснулі рукі. Ад яго лагоднай усмешкі з’явілася адчуванне, быццам мы даўно добра знаёмыя. — Тут нарадзіўся, тут прайшло маё жыццё.
Я папрасіў расказаць пра жыццё ў часы нямецкай акупацыі.
— Доўгі час мы не бачылі немцаў. У нашай вёсцы Радацень стаяў партызанскі лагер. У дзедавай хаце была сталовая, там харчаваліся партызаны, часта перападала і мне. Вунь пад тым дубам лупілі кароў і быкоў. Жыўнасць прыводзілі больш з вёсак, што раней былі пад Польшчай. Аднойчы прывялі здаравеннага быка, стукнулі кувадлай паміж рагоў, ды не аглушылі. Бык вырваўся і пачаў ганяць людзей. Убачыць чалавека, наставіць на яго рогі і нападае. Усе пахаваліся. Скора прынеслі вінтоўку і выстралілі быку ў лоб. Мяса таго быка я так сама еў у дзедавай хаце.
Але было і горшае. Як прыйшлі немцы, усе пабеглі хавацца ў балота. Я сядзеў пад ракітавым кустом па вушы ў вадзе цэлы дзень. На беразе Арыштанкі была зямлянка, а ў зямлянцы схаваўся ў падушкі хлапец, мой равеснік. Немцы стралялі ў зямлянку, у падушках былі дзіркі ад куль, але хлапец застаўся жывым, непараненым.
Пасля вайны ў нашай вёсцы арганізавалі калгас «Прагрэс». З таго часу вёска стала паміраць, людзі разбягаліся, куды хто мог. У пачатку шасцідзесятых наш калгас з’ядналі з другім калгасам. Зрабілі «Новы свет», які свяціў аж да 2001 года. Пасля і ён патух. Усе гады я працаваў механізатарам. Маю безліч грамат і падзяк ад начальства. З гадамі стала забывацца назва вёскі Радацень, а чамусьці засталася назва першага калгаса «Прагрэс». Мусіць робіць улада людзям у насмешку, бо які гэта прагрэс, калі палова хат зімою стаіць пустымі. Я з Святланай Мікалаеўнай удваіх у хаце, ды яшчэ дзве-тры хаты, дзе жывуць двое, астатнія хаты — па адной душы. Вось лёгкая на ўспамін жонка з’явілася. У пачатку мая будзе 45 гадоў, як пажаніліся, вырасцілі дачку і чатырох сыноў, а яны нарадзілі нам дзевяць унукаў. Зрабі на памяць фатаграфію.
Тут прыйшоў мой пасажыр. Яны горача павіталіся, пазналі адзін другога. «Прывозь усіх, каго можаш, і сам прыязджай. Хай вёска летам поўніца людскімі галасамі. Часам хочацца закрычаць: „Не памірай, вёска!“. Але хто пачуе мой крык. Паіць ленінградскіх дзяцей буду малаком ад коз. У маёй гаспадарцы дзве казы, к лету вырасце вепручок, ёсць куры», — Аляксандар Адамавіч з радасцю абяцаў карміць усіх, хто прыедзе на лета. Развітваліся мы, як добрыя знаёмыя.

Уладзімір Дамель

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии