Пегас з фотаапаратам

0

«Мая ўлюблёная краіна» — так называецца фотавыстава, якая нядаўна адкрылася ў музеі традыцыйных промыслаў і рамёстваў горада Любані. На выставе прадстаўлена звыш дзевяці дзесяткаў здымкаў шасці мясцовых фотааматараў. Варта адзначыць, што іх творчасцю музей зацікавіўся ўпершыню.

«Мы прысвяцілі гэтую фотавыставу Году роднай зямлі і 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — расказвае Наталля Сіняк, дырэктар Любанскага дзяржаўнага музея народнай славы, філіялам якога і з’яўляецца музей традыцыйных промыслаў і рамёстваў. — Галоўнай тэмай усіх здымкаў стала Любаншчына — яе краявіды, яе людзі. І трэба заўважыць, што фотааматары расказалі сваімі работамі пра наш край шмат новага і незвычайнага».
У шэрагу аўтараў здымкаў, прадстаўленых на выставе, — супрацоўнікі раённага цэнтра культуры Сяргей Выскварка і Валерый Шумчэня, выкладчык мясцовай школы мастацтваў Мікалай Шагаў, прыватны прадпрымальнік і апантаны мотадэльтапланерыст Васіль Голуб, фотакарэспандэнт раённай газеты Віктар Падута і ўласны карэспандэнт «Мінскай праўды» Сяргей Квіткевіч. Жанравая палітра фотаработ даволі разнастайная: тут і маляўнічыя пейзажы, і партрэты, і аэраздымкі, і макраздымкі, і сюжэтныя замалёўкі.
Кожны здымак, безумоўна, мае пэўны настрой, які арганізатары выставы падкрэслілі і ўзмацнілі, змясціўшы пад работамі… вершаваныя подпісы. Тымі подпісамі сталі ўрыўкі з твораў паэтаў-землякоў Івана Муравейкі, Ніны Маеўскай, Уладзіміра Паўлава, Алы Церахавай, Анатоля Кісяля, Мікалая Бухала, Марыі Дайнека і многіх іншых.
Выпусціць на волю Пегаса з фотаапаратам на шыі або адкрыць выставу арганізатары вырашылі ў Ноч музея. Запрасілі фотааматараў, паэтаў, некаторыя самадзейныя мастацкія калектывы. Здымкі, вершы і песні сталі асновай для захапляючага і рамантычнага віртуальнага падарожжа па Любаншчыне, здзейсніць якое і прапанавалі сабраўшымся работнікі музея. Напрыканцы падарожжа ўсіх чакаў прыемны сюрпрыз: сустрэча з ансамблем народнага гумару і жартаў «Смехаўё», які стварыў заўзяты фалькларыст Сяргей Выскварка. Пад заслону Ночы музея супрацоўнікі ўстановы паабяцалі, што выставы работ мясцовых фотааматараў будуць ладзіцца рэгулярна.

Сяргей Любшын

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии