Маланнін «таўкач»

0

У пачатку ліпеня 1944 года, калі фронт адкаціўся ўжо да Баранавічаў, у слуцкіх лясах блудзіла нямала фашыстаў, адстаўшых ад сваіх разгромленых дывізій. Некаторыя з іх марылі дагнаць фронт і перайсці да сваіх, а тыя, хто хацеў здацца ў палон, кідалі зброю і патроны. Хадзілі такія і вакол вёскі Цераспаль.

Хлапчукі падбіралі кінутыя імі вінтоўкі. Каб не нарабілася бяды, хтосьці з мясцовых мужчын забраў іх, павымаў затворы і паламаў аб слуп прыклады.
А вось тутэйшая жанчына — удава, Малання Гуцько, мужа якой у 37-ым годзе забраў ноччу «чорны воран», пакінуўшы яе з чацвярыма малымі сынамі, паблізу сядзібы падабрала светлашэрую, таўшчынёй з хатнюю чаплю і даўжынёй з метр, трубу з прыпаянай ручкай і шарападобным набалдашнікам на канцы. Занесла ў двор і дзецям сказала, што з гэтай знаходкі будзе добры таўкач, можна ім вараную бульбу для свіней у карыце таўчы. На шчасце, у двор зайшоў сусед, мужчына ў гадах, убачыўшы ў руках жанчыны той «таўкач», папярэдзіў:
— Не чапай ты, Малання, гэту цацку, а то бяды не абярэшся, немцы нездарма насілі яе, а кінулі з непатрэбы.
Дні праз два ў вёску завіталі савецкія салдаты. Зайшоў адзін у хату Маланні. Убачыўшы трубу, што стаяла ў сенцах, усклікнуў:
— Ды гэта ж нямецкі фаўстпатрон! Ім яны на фронце падбівалі нашы танкі. Выкінь яго, цётка, далей ад дзіцячых вачэй — і неадкладна!
Што яна і зрабіла, аднёсшы вечарам фаўстпатрон да недалёкай сажалкі і закінула далей ад берага.
Пазней, зімой 1945 года, калі я служыў у вучэбна-стралковым палку ва Урэччы за Мінскам, то аднойчы на палігоне змог пабачыць прабіўную сілу трафейнага фаўстпатрона. Там стаялі з лета 44-га года кінутыя ці падбітыя два нямецкія цяжкія танкі «Пантэра-2», па якіх мы з супрацьтанкавых ружжаў, калібру 14.5 мм, вялі агонь, кулі ад якога толькі выбівалі невялікія ямкі ў 80 мм бартавой брані танкаў. Аднойчы старшына роты прынёс на «палігон» фаўстпатрон. Напомніў нам, калі трапім на фронт, каб ведалі, як ім карыстацца. Потым загадаў адыйсці ўсім салдатам нашага ўзводу далей ад яго, паклаў тую светлашэрую трубу на плячо, трымаючы правай рукой за ручку пад ёю. І раптам з трубы вырваўся сноп агню і дыму, а снарад, пакідаючы ваенны след, ударыў у борт танка і ўзарваўся. А таму, як ён быў камулятыўны, гэта значыць, што сіла выбуху згушчалася ў невялікі струмень, то ў брані атрымалася скразная, з аплаўленымі краямі, дзірка дыяметрам не меней 50 мм. Гэта нас здзівіла. Старшына напомніў яшчэ, што гэтымі трафейнымі фаўстпатронамі нашы салдаты на фронце з аднаго стрэлу падбіваюць не толькі «Пантэры», а і самыя цяжкія 52-х тонныя «Тыгры». Часцей за ўсё ад выбуху гіне ўвесь экіпаж.
А гісторыю з «таўкачом» Маланні Гуцько мне паведаў слуцкі знаёмы пенсіянер, ураджэнец вёскі Нявязцы, што паблізу Цераспаля. Яго бацькі былі ў радстве з той цёткай, і яна падзялілася гісторыяй пра небяспечную знаходку.

Міхась Тычына

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии