Сустрэліся дзеці з Васілём Вясёлкіным

0

Другія Віткаўскія чытанні прайшлі ў Слуцку з 14 па 21 мая. У мерапрыемствах, прысвечаных нашаму земляку Васілю Вітку, вядомаму паэту, класіку беларускай дзіцячай літаратуры, прынялі ўдзел пісьменнікі, прадстаўнікі слуцкай грамадскасці і навучэнцы мясцовых школ.

Пачаліся чытанні 14 мая з перадачы раённага радыё «Не зводзіліся ўсе вякі на Случчыне паэты». За круглым сталом 15 мая сваімі ўспамінамі пра пісьменніка, Васіля Вітку, падзяліліся літаратуразнаўца Тамара Тарасава і галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» Уладзімір Ліпскі. Свае меркаванні на сучасную дзіцячую літаратуру праз прызму поглядаў паэта выказалі Уладзімір Мазго, Мікола Маляўка, Мікола Чарняўскі і Ніна Галіноўская, лаўрэаты Літаратурнай прэміі імя Васіля Віткі.
Свой уклад унеслі і случчане. Сярод тых, хто гаварыў пра нашага вядомага земляка, былі прадстаўнікі іспалкома, супрацоўнікі бібліятэкі, настаўнікі і вучні.
Кола мерапрыемстваў на Другіх Віткаўскіх чытаннях не абмежавалася адным днём і памяшканнямі бібліятэкі. Прыехаўшыя ў Слуцк пісьменнікі і госці наведалі сярэднія агульнаадукацыйныя школы № 4, 8, 11, 13, а ў другія дні ў гарадской дзіцячай бібліятэцы прайшлі праграмы, сярод якіх — гутарка «Пачытай са мной па-беларуску», размова «Паэзія бясконцая, як само жыццё», выстаўка-прэзентацыя «Казкі і краскі», забаўляльнае мерапрыемства «Урокі Васі Вясёлкіна».
Па словах Людмілы Гурыновіч, дырэктара Слуцкай раённай сістэмы публічных бібліятэк, асаблівасці Другіх Віткаўскіх чытанняў у тым, што яны набліжаны да дзяцей, да тых, каму і прызначана дзіцячая літаратура. «Мяркую, што ў гэтым сэнсе нашы мерапрыемствы былі паспяховымі», — сказала яна ў размове з карэспандэнтам «Кур'ера».

Уладзімір Іваноў

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии