Таццяна Гусева: Дзве экскурсіі

0

Сёння, калі музеі ўсяго свету праводзяць дні адчыненых дзвярэй з нагоды Міжнароднага дня музеяў, мне ўспомніліся дзве цікавыя экскурсіі з польскай вандроўкі напрыканцы мінулага года. Як гэта звычайна здараецца, нават калі ад’язджаеш далёка ад радзімы, шукаеш і ўрэшце знаходзіш Беларусь і беларускае. З гэтай прычыны ў Кракаве я збегла з трэнінга па гендэрнай палітыцы, каб пабачыць багатую калекцыю слуцкіх паясоў, якая захоўваецца ў Народовым музеі. А пад час паездкі ў знакамітую саляную шахту ў Вялічке думалася, як не хапае Салігорску музея солі, тым больш, што яшчэ некалькі гадоў таму чыноўнікі прапаноўвалі стварыць пад зямлёй адпаведны комплекс, у якім турысты змаглі б пазнаёміцца з тым, як здабываецца і перапрацоўваецца сільвініт. Але ж аба ўсім па парадку.

Як у Польшчы набыць слуцкі пояс
Пан Марэк Швіца, намеснік дырэктара Народовага музея ў Кракаве, запэўніў мяне, што гэта магчыма. «Пяць гадоў таму мы набылі слуцкі пояс у антыкварнай краме. Каштаваў ён каля шасці тысяч еўра. Я думаю, і цяпер у Варшаве магчыма знайсці слуцкія паясы ў калекцыянераў, але вывезці іх за межы Польшчы магчыма толькі з дазволу міністра культуры», — сказаў Марэк Швіца. Суразмоўца шчыра здівіўся, калі даведаўся, што на Беларусі налічваецца ўсяго чатыры слуцкіх паясы, а на іх радзіме — у Слуцку — няма ніводнага, калі не лічыць фрагментаў. «Калі б ваш міністр культуры звярнуўся да нашага, магчыма, ён падараваў бы адзін з паясоў для Слуцкага музея, — кажа пан Швіца. — Што ж датычыцца арганізацыі выставы слуцкіх паясоў на Беларусі, то гэта вельмі складана. Вось калі б Беларусь была ў Эўразвязе…».

На жаль, пабачыць усю калекцыю слуцкіх паясоў у Кракаве не ўдалося, бо лепшыя экспанаты на той момант паехалі на выставу ў Лодзь. Супрацоўніца музея запрасіла мяне ў «магАзін» паглядзець на «слуцкія паясы». «Цікава, няўжо яны антыкварыятам гандлююць», — здзівілася я. Але па дарозе ў гэты самы магАзін пачала разумець, што мая экскурсаводка мела на ўвазе. «Так палякі называюць фондасховішча», — дайшло да мяне. Паясы слуцкай мануфактуры захоўваліся ў шафе, скручаныя на спецыяльных драўляных валіках. «Паясы купляліся альбо былі дараваныя, — адзначыла супрацоўніца музея. — Быў такі калекцыянер Фелікс Ясеньскі, які вельмі цікавіўся тканінамі. Ён памёр ў 20-ых гадах ХХ стагоддзя, але перад смерцю адпісаў сваю калекцыю, у якой было восем слуцкіх паясоў, Народовому музею ў Кракаве».

Реклама

Саляная шахта ў Вялічке
Музей самага старога ў Еўропе абсталявання для дабычы солі ў польскай Вялічке вабіць турыстаў з усяго свету. За мінулы год на экскурсіях у музеі солі пабывалі 1 159 000 гасцей. «Мы ад XIII стагоддзя соль дабываем, а з XV — пачалі паказваць шахту турыстам. Нам рэклама не патрэбная, — усміхаецца экскурсавод. — У мінулым годзе праводзіўся агульнанацыянальны конкурс „Сем цудаў Польшчы“, і саляная шахта ў Вялічке была прызнаная першым цудам, а трыццаць гадоў таму яна была занесена у першы спіс UNESCO».

Вандроўка па падземнаму гораду працягам чатыры кіламетры праходзіць паўз упрыгожаныя скульптурамі з солі памяшканні. Тут і помнік аднаму з першых турыстаў, які наведаў шахту ў 1493 годзе, — сусветна вядомаму польскаму астраному Мікалаю Каперніку, і фігура Папы Рымскага Яна Паўла II, таксама зробленая з солі, і добрыя духі шахты — гномы.

Пад зямлёй ёсць рэстарацыя, у якой можна адзначыць карпаратыў, канферэнц-залы, касцёл, дзе праводзяць службы і нават вянчаюць, санаторый. «Калі б не добра арганізаваная інфраструктура, Вялічка б даўно лічылася прыгарадам Кракава», — лічаць мясцовыя жыхары. Зразумела, што пяцідзесяцігадовы Салігорск не можа пахваліцца такімі славутасцямі, як Вялічка, у якой пачалі дабываць соль амаль два тысячагоддзі таму. Але шчыра кажучы, я з зайздрасцю назірала, як палякі стварылі з шахты Мекку для турыстаў, і марыла, што калі-небудзь такі падземны музей з’явіцца ў Салігорску. Праўда, у планы кіраўніцтва РУП ВА «Беларуськалій» такі праект не ўваходзіць.

«Наша задача — вырабляць угнаенні, — сказаў Анатоль Махлай, намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства. — Стварыць музей на дзеючай вытворчасці немагчыма. Спуск у шахту каштуе дорага. І да нас з такой прапановай ніхто не звяртаўся».

Таццяна Гусева

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии