Сімвалы справаводства

0

Неабходным атрыбутам справаводства, які вядомы ад пачатку цывілізацыі і без якога немагчыма ўявіць дзейнасць любой установы ў наш час, з’яўляецца пячатка. Напісаны тэкст, падцверджаны пячаткай, заўсёды атаясамліваецца з рэальнымі словамі, сказанымі яе ўладальнікам. Пячатка сведчыць аб юрыдычным паўнамоцтве заверанага ёю дакумента.

Як правіла, пасля знікнення або пераўтварэння юрыдычнай асобы яе пячаткі, дзеля пазбаўлення магчымасці пазнейшай падробкі дакументаў, знішчаюцца. Таму захаваўшыяся па нейкіх прычынах старажытныя пячаткі з’яўляюцца сапраўднымі рарытэтамі, больш вядомы іх адбіткі на дакументах.

Найранейшыя вядомыя нам пячаткі, звязаныя з гісторыяй Случчыны, належаць князю Аляксандру Уладзіміравічу Алельку. З іх адна адносіцца да перыяду яго княжання ў Слуцку, другая — да часу, калі, пакінуўшы сваімі намеснікамі ў Капылі малодшага сына Міхаіла, а ў Слуцку старэйшага Сімяона, сам ён адбыў на княжэнне ў Кіеў. На першай бачым зроблены па кругу тэкст, у сярэдзіне — адыходзячую ад падобнага на месяц паўкруга стралу з перакрыжаваннем пасярэдзіне. На пячатцы кіеўскага перыяду выява іншая — тэкст, у абрамленні якога — знак, сходны са знакамі ранейшых кіеўскіх князёў, што ўладарылі ў часы Кіеўскай Русі. Падобная трансфарміраваная выява дайшла да нашага часу ў выглядзе трызубца і цяпер з’яўляецца гербам Украіны.
Алелька быў прадстаўніком вялікакняжацкага роду, родавым гербам яго і нашчадкаў была Пагоня. Прыведзеныя вышэй выявы сведчаць, што свае прывілеі князь завяраў пячаткамі са знакамі, якія пэўным чынам былі звязаны з падуладным яму краем — або з Кіеўшчынай, або, як у першым выпадку, — са Случчынай.
Пра цікавы факт, звязаны з прыналежнасцю выявы стралы, што адыходзіць ад паўмесяца, да слуцкіх Алелькавічаў, паведамілі ў «Банкаўскім весніку» за красавік 2009 года даследчыкі Юрый Барэйша і Эўгеніюс Іванаўскас. У другой палове ХV стагоддзя ў краіне існавала супрацьстаянне княжацкіх групіровак. Феадалы праваслаўнай арыентацыі, якія групаваліся вакол Алелькавічаў, прэтэндэнтам на вялікакняжацкі прастол вылучалі Сімяона, а пасля яго смерці - Міхаіла. На падуладных згаданай групе феадалаў тэрыторыях, у тым ліку на Мсціслаўшчыне, Браншчыне, Валыні ў абарачэнні ў тыя часы знаходзіліся грошы з надчканенай на іх выявай вядомай ужо нам стралы з паўмесяцам. Апагею апазіцыйная барацьба дасягнула напрыканцы 1470-х гадоў, скончылася раскрыццём змовы і смяротным пакараннем у Вільні ў 1481 годзе князя Міхаіла. Верагодна, з гэтым звязана і знікненне з ужытку ў нашых краях выявы-знака «Страла з паўмесяцам».

Реклама

Дакументы князёў Алелькавічаў ХVІ стагоддзя ўжо маюць пячаткі з выявай Пагоні. Пагоня стала і гербам Слуцкага княства, яе выяву сустракаем на пячатцы замкавай княжацкай адміністрацыі. Можна выказаць меркаванне, што Пагоня магла быць і гербам горада пасля надання яму ў 1441 годзе Магдэбургскага права.
Дакументы Слуцкага магістрату ХVІІ - ХVІІІ стагоддзяў адзначаны пячаткамі з выявай Пегаса. Тое, што каралеўскі прывілей, якім Слуцку надавалася Магдэбургскае права ў другі раз, зацвярджаў гербам горада Пагоню (Пагоньчыка), а пячаткі магдэбургіі змяшчаюць выяву крылатага каня, стала ў нашы часы прычынай з’яўлення пытання: якім у сапраўднасці быў гістарычны герб Слуцка? Можна сказаць, што канчатковага адказу на яго пакуль што няма, чым мы і патлумачым факт, што пры аднаўленні гістарычнай геральдыкі ў якасці герба Слуцка была спачатку зацверджана Пагоня, а праз нейкі час замест яе была прынята выява Пегаса.

Захаваліся пячаткі, звязаныя з царкоўнай гісторыяй. Адна з іх належыць праваслаўнаму Праабражэнскаму брацтву. Яна авальная па форме, з гравіраваным у цэнтры сюжэтам Праабражэння, распаўсюджаным у іканапісе. Дзейнасць гэтага брацтва ў ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях мела важнае значэнне ў справе падтрымкі праваслаўя, а таксама і ў справе арганізацыі адукацыі і асветы ў нашым горадзе. Брацтвам была арганізавана школа для дзяцей, а потым духоўнае вучылішча, якое рыхтавала кадры для цэркваў Случчыны. Акрамя Праабражэнскага, у Слуцку дзейнічала Успенскае брацтва. А вось знойдзеная пячатка Троіцкага брацтва сведчыць, што мелася яшчэ адно, пра якое звестак пакуль што няма.
Вядома пячатка слуцкага архімандрыта Феадосія Васілевіча 1661 года. Слуцкія архімандрыты мелі рэзідэнцыю ў Троіцкім манастыры, яны кіравалі дзейнасцю праваслаўных цэркваў Случчыны, часам іх паўнамоцтвы прасціраліся і значна шырэй. Яны з’яўляліся намеснікамі Кіеўскага мітрапаліта. А Феадосій Васілевіч з 1678 года стаў таксама і епіскапам Магілёўскім і Беларускім.

З даўніх часоў пячаткі маглі ставіцца на сам дакумент, таксама былі і віслыя, што мацаваліся на шнурках, злучаўшых лісты. Воск і сургуч, на якіх рабіліся адбіткі, з часам замяніла фарба.
У якасці пячаткі магнаты любілі выкарыстоўваць выгравіраваную паверхню пярсцёнка — такая пячатка заўсёды была пад рукою. Але больш распаўсюджанымі сталі адлітыя або вытачаныя з металу круглыя, авальныя, або гранёнай формы пячаткі з ручкамі. Заказ на іх выкананне атрымлівалі ювеліры высокай кваліфікацыі, якія маглі гравіраваць. Вядома, што былі такія майстры і ў Слуцку.
Цяпер у пячатках замест металічнай асновы прымяняецца аснова гумавая, іх выраб механізаваны. Паколькі пячаткі з’яўляюцца неабходнай часткай афіцыйных дакументаў, то яны рэгіструюцца, а выраб знаходзіцца пад кантролем адпаведных органаў. Форма і канструкцыя сучасных пячатак пастаянна ўдасканальваюцца. А старажытныя з’яўляюцца музейнымі экспанатамі. Напрыклад, зробленыя з металу пячаткі ХІХ стагоддзя можна ўбачыць у экспазіцыі Слуцкага краязнаўчага музея. Цэняцца старажытныя пячаткі не толькі як помнікі гісторыі, але і як творы прыкладнога мастацтва.

Ігар Ціткоўскі


Пячаткі князя Аляксандра Уладзіміравіча Алелькі. XV стагоддзе


Пячаткі Яна-Сімяона Юр’евіча Алелькавіча, Сафіі Юр’еўны Алелькавіч, Юрыя Юр’евіча Алелькавіча. XVI стагоддзе


Пячаткі архімандрыта Феадосія Васілевіча і Праабражэнскага брацтва. XVII стагоддзе


Пячаткі адміністрацыі Слуцкага замка і Слуцкага магістрата. XVIII стагоддзе

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии