Паездка ў труне

0

Васіль Сцяпанавіч, малады спецыяліст, які толькі што скончыў медыцынскі інстытут, дабіраўся з раёна да месца прызначэння, у вясковую бальніцу, у якасці тэрапеўта. Да вёскі заставалася яшчэ кіламетраў дзесяць-дванаццаць. На ім быў новенькі крымпленавы касцюм цёмна-блакітнага колеру, модна пашыты ў сталічным атэлье, белая сарочка з нейлону ды шырокі ў сінюю з белымі рысачкамі гальштук. Сонца прыпякала і давіла на скроні, у паветры імжыла марыва.

Цяжка было ісці на каменцы, з чамаданам у руках, у якім знаходзіўся ўвесь ягоны скарб, нажыты за двадцаць пяць няпоўных гадоў. Васіль збочыў на траву, прысеў на чамадан, закурыўшы цыгарку з фільтрам. Не паспеў ён зрабіць некалькі зацяжак, як з-за паварота пачуўся гул машыны.
— Можа падвязуць, — падумаў малады доктар. Машына набліжалася. Васіль падняў руку, вадзіцель тармазнуў, падняўшы воблака пылу. Побач з кіроўцам сядзела жанчына ў чорнай хустцы.
— Падкіньце да вёскі, — папрасіў Васіль.
— Залазь наверх, — сказаў вадзіцель. Машына рушыла далей.
У кузаве машыны стаяла труна, прыкрытая векам. Васіль уладкаваўся на лаўцы. На небе пачалі збірацца воблачкі, трохі пасвяжэла. Праз некалькі хвілін упалі першыя кроплі. «Мабыць, зараз улье», — падумаў Васіль. — Ушчэнт замочыць мой новы касцюм! Дзе ж схавацца?". Ягоны погляд упёрся ў труну. «А вось і выхад», — падумаў ён, прыпадняў века і залез у труну. Праз хвіліну на труне забарабаніў дождж, а Васілю было цёпла і ўтульна, і ён задрамаў. Вадзіцелю прыйшлося зноўку тармазіць. На дарозе галасавалі дзве жанчыны. Са словамі «залазьце, там ужо ёсць адзін» вадзіцель падсабіў кабетам залезці ў кузаў і рушыў далей. Летні дожджык хутка скончыўся. Цёткі гучна размаўлялі паміж сабой, таму што гудзеў рухавік. На выбаіне машыну падкінула, і ад штуршка века з труны з’ехала. Васіль прачнуўся, але вочы яшчэ не расплюшчыў. «А які ж маладзенькі!" — пачуў ён жаночы голас. А потым і другая выказала думку: «Гэта ж трэба, ляжыць, як жывы».
Васіль адкрыў вочы. У кузаве настала цішыня.
— Дожджык ужо скончыўся? — запытаў ён у цётак ды вылез з труны. Ад страху тыя не змаглі вымавіць ні слова — анямелі. Толькі вочы зрабіліся па пятаку ды збялелі ў твары. Добра, што не сіганулі з машыны, а то прыйшлося б Васілю іх лячыць. Потым, калі цёткі крыху аправіліся ад страху, доўга смяяліся разам з маладым доктарам.

Мікола Корань

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии