Незабыўныя салаўіныя трэлі

0

Не забываецца той чароўны ціхі майскі вечар. Сяджу на лаўцы, любуюся, як дагарае апошні прамень закату. На сіняватай пагрозлівай хмары, што засланяе захад, ружовы акрайчык нізкага сонца бліснуў над вёскаю і пачаў хавацца да раніцы. Слабы прамень яго яшчэ раз узляцеў і рассыпаўся, заліўшы небасхіл ружовымі фарбамі. Паступова пачалі з’яўляцца зоркі на небе. Адчуўшы блізкі прыцемак, са страхі каля вугла ганка на начное паляванне спускаецца павук.

Доўгімі вострымі чэргамі цішыню падразаюць конікі, што хаваюцца ў кустах бэзу. Ад строкату ажно несціханы звон стаіць у вушах.

Воддаль прагрымеў цягнік-таварняк. Высока ў небе з пранізлівым свістам і гулам праляцеў вайсковы самалёт, ажно прыгнулася ўсё да зямлі. Ад магутнай гукавай хвалі над прытоенаю вёскаю бухаюць у хатах дзверы і трымцяць, пазваньваюць шыбы ў вокнах. У такую хвіліну доўга стыне кроў у жылах ад бездапаможнай крыўды і злосці, калі па табе знянацку перуноваю стралою ўдарыць магутны вышынны выбух.
Раптам пачулася: «ф'ю-ф'ю-ф'ю!». Прайшла хвіліна, і цяпер ужо выразна, урачыста зазвінела: «П'ю-п'ю-п'ю!». Сумнення няма — прыляцеў салавей. Прыслухаўся: побач у саду на грушы натхненна і старанна шчоўкаў, свістаў, заліваўся вясёлай руладай салоўка. Першая песня была кароткая. Птушка з дарогі прытамілася, і сілы ўсяго толькі, каб паведаміць пярнатае насельніцтва, што месца занятае, трэба адпачыць…
Ледзь пачало шарэць. Ніводзін гук не парушаў цішыню. На траву і лісце лягла прахалода расы. Птах зноў заспяваў. Песня гучала на ўсю моц. Салоўка нібыта прапаласкаў расою горлейка, і так прыгожа забулькалі ў ім празрыстыя кропелькі. Потым пазваніў у срэбны званочак, сціх, а пачакаўшы крыху, пачаў званіць у дванаццаць званочкаў, чокаць у безліч крыштальных чарачак.
Здавалася, што на медзяны ліст пасыпаліся тысячы шкляных гарошынак. Скончыўшы перасыпанне, салоўка нібы крануў дзюбаю басавую струну на скрыпцы, прабегся лапкамі па высокіх галасах гармоніка і, нездаволены, падзьмуў у дудачку, перахватваючы лады.
Многа цікавага было ў той песні-трэлі. Цішыня вакол, толькі звонкі пошчак салоўкі. Дзе-нідзе прачыналіся пеўні.

Реклама

Было чатыры гадзіны. Над вёскаю павольна і няспешна ўставала сонца, увачавідкі большала і паказвалася з-за гарызонта. Першыя промні яго клаліся шырока і густа. Паўнеба ўжо набракла ружова-малінавай фарбай. Дробная раса высыпала на траве, блішчэла срэбрам, вільготная зямля яшчэ захоўвала след зары. Маленькія перыстыя хмаркі стаялі на бледна-ясным блакіце. Як ганарліва спяваў сваю песню салоўка, услаўляючы гэты край і гэты цудоўны іскрысты ранак, гэтае высокае блакітнае неба і гэтую вялікую густую грушу, якая дала прытулак і была ў гэты момант самым зручным месцам для песень.
Па прыкметах, салавей прылятае тады, калі зможа напіцца расы з лісця. У гэты час у кустах, нізінах шмат машкары — ёсць чым пракарміцца. Першымі прылятаюць самцы, а праз тыдзень — іх сяброўкі.
Спачатку салавей адшуквае сабе месца і спявае мала, спрабуе голас, запрашае сяброўку. Селіцца на дрэвах, кустах, уздоўж дарог, канаў. Можна сустрэць саліста і ў садах, парках. Калі прыляціць сяброўка, гучаць чароўныя трэлі і ўрачысты гімн кахання. Будаўніцтвам гняздоўя ў асноўным займаецца гаспадыня, а сам гаспадар гучнай трэллю славіць наваколле. Спявае без адпачынку, толькі спякотным днём і глухой ноччу зрэдку задрэмле і падсілкуецца. Маленькая шэранькая птаха ў час спеваў не пужлівая, і да яе можна асцярожна падкрасціся. У час канцэрта сядзіць невысока. Усё цельца дрыжыць, трапечацца, адкідвае галоўку назад, шырока раскрываючы дзюбку. Сціхае салавей тады, калі з’яўляюцца птушаняты. Цяпер у перыстых спевакоў з’явіліся новыя клопаты, каб пракарміць патомства.
Вось ужо трэці год у саду, затаіўшы дыханне, слухаюць праслаўленага саліста. Якое багацце музычных гукаў, якая іх крыштальная чысціня!

Хто хоць раз слухаў салаўіныя рулады, ніколі не забудзе прыгажосць і моц чароўных гукаў. Маленькі птах закране любую чалавечую душу, напомніць аб прыгажосці роднага краю, акружаючай прыроды і яе перыстых спевакоў.
Калі крочыш узмежкам жытневага поля, падступаючага да бярозавага гаю, які звініць ад птушынага шматгалосся, нярэдка многае можна ўбачыць і пачуць. Гэты час, бадай, самы цудоўны ў лесе. Дрэвы з хмызнякамі ў мяккай свежай зеляніне. Усё пышнае, маладое. Птушкі ў розных кутках спаборнічаюць паміж сабою ў выкананні серэнад. Берасцянкі, валасянкі, пеначкі, дразды. Кукуе зязюля, крычаць драчы, перапёлкі, стукае дзяцел…
У час калашэння жыта летняе паветра густа настоена прахалодай палёў, мядовых траў і ліпы. Над збожжавым палеткам мроіцца, дрыжыць шэра-зялёнае марыва, а каласы пікамі трымаюць угару свае «вусы», стаяць нібы штыкі. На адным з каласоў (метры два ад узмежка) заўважыў шэранькую птушачку — салоўку. Хутка яна стала шчоўкаць, прысвістваць, залівацца флейтаю, хвілін дзесяць спяваў рулады салавей, услаўляючы збожжавую ніву, бярозавы гай і прыгожы, сонечны летні дзень. Хутка салавей схаваўся ў жыце. З самай вясны чуюцца трэлі салаўя ў нашым краі. Вось чаму Случчына ў 2007 годзе прызнана краем салаўіных рулад.
Птушкі вакол нас… Як гэта прыгожа і прыемна. Няхай іх будзе ўсё больш і больш.

Міхась Масюк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии