На досвітку ў Слівянцы паілі коней казакі-кубанцы

Вось ужо некалькі гадоў былая настаўніца Казловіцкай сярэдняй школы, ураджэнка вёскі Малая Сліўка, Яўгення Аляксандраўна Марціновіч, мінчанка, якой ужо 89 гадоў, штогод летам наведвае магілу роднага брата Паўла, які трагічна загінуў у дзень вызвалення іх вёскі ад нямецкіх акупантаў. Прыязджае з дачкой ці сынам, з унукамі, каб памяталі. У апошнюю паездку туды госці запрасілі нашага пазаштатнага карэспандэнта.

Такая непрадбачная сустрэча для правінцыйнага журналіста, які не забыў роднай мовы, што падарунак лёсу. Неяк раніцай мне пазваніла з мабільніка жанчына, якая назвалася дачкой Яўгенні Аляксандраўны — маці вядомага беларускага пісьменніка, крытыка Алеся Марціновіча. Яна папрасіла мяне падыйсці да кінатэатра «Беларусь», там стаяла іх аўтамашына. Зборы былі не доўгімі, і праз хвілін дзесяць я быў на месцы сустрэчы з блізкімі мне людзьмі, бо Яўгення Аляксандраўна даводзіцца стрыечнай сястрой маёй маці. Абдымкі, размова іх на чыстай беларускай мове былі для мяне бальзамам на душу. Ехалі госці ў вёску Малая Сліўка — на радзіму Яўгенні Аляксандраўны. У салоне аўтамашыны былі яе дачка Тамара Андрэеўна Сярко, інжынер па прафесіі, яе сын Алёша, ён сядзеў за рулём, і яшчэ адна маладая жанчына.
Алёша па шляху паведаў, што працуе і вучыцца ў Германіі, праведвае на канікулах бацькоў і бабулю, якой без малога дзевяноста гадоў, але яна не баіцца няблізкай дарогі - кліча родны кут! Алёша парадаваў як цікавы суразмоўца, ветлівы і шчыры. Я параіў яму зафіксаваць на спідометры машыны лічбу кіламетражу на павароце да Казловічаў ля вёскі Ячава. «Навошта?» — спытаў ён. Я адказаў, што хачу ведаць, якая адлегласць ад Слуцка да Малой Сліўкі. Выйшла нейкіх сем з паловай кіламетраў. І патлумачыў, што на досвітку 29 чэрвеня 1944-га года гэта вёска была ўжо вызвалена ад акупантаў - трэцяй у раёне пасля Мерашыно і Заграддзя.
Напярэдадні я там гасцяваў у хаце стрыечнага брата маёй маці Паўла Вішнеўскага, які з жонкай і дзецьмі, як і большасць вяскоўцаў, надвячоркам выбраліся ў блізкія зараснікі лазы на балоце. Там і начавалі. На досвітку ў тым баку, дзе знаходзіўся нямецкі бункер, ля моста праз рэчку Слівянку, пачуліся залпы гармат, доўгія кулямётныя чэргі, над намі засвісталі кулі, стала страшнавата. І нечакана ўсё сціхла. Хвілін праз дваццаць пачуўся ўзрадаваны голас жанчыны, якая прыйшла з вёскі: «Выходзьце ўсе, нашы ўжо прыйшлі». Я не спяшаўся дамоў у свае Боркі, падаўся бліжэй да «кацярынінскага» гравельнага шляху, што пралягаў ад Урэчча. Па ім ехалі кавалерысты з конна-механізаванай групы генерала Пліева, многія былі ў форме казакаў-кубанцаў - у чорных чаркесках і шапках-кубанках з чырвоным верхам.
Жанчыны з вёскі неслі ім малако, хлеб, яны сілкаваліся, не злазячы з коней, бо спяшаліся далей, на Бліжнія Бандары і Казловічы, адкуль ужо стралялі з варожых блок-пастоў. Немцы ў Слуцку ўчулі небяспеку таксама, і неўзабаве над шляхам і вёскай сталі рвацца шрапнельныя снарады — агонь вялі з-пад Ячава.
Калі мы прыехалі ў Малую Сліўку, то Яўгення Аляксандраўна ўспомніла да драбніц той дзень, яна правяла яго ў Казловічах, бо там да вайны працавала ў школе і жыла пры ёй пасля трагічнай смерці мужа яшчэ да вайны.
Да самага вечара таго дня, 29 чэрвеня, нямецкія аднаматорныя самалёты па шэсць-восем штук наляталі і пікіравалі на вёску і дарогу, па якой ужо рухаліся нашы аўтамашыны, пяхота, павозкі. Самалёты кідалі невялікія бомбы, стралялі з кулямётаў. Недзе каля палудня на краю вёскі паявілася батарэя зенітных гармат малога калібру. З іх па самалётах вялі агонь дзяўчаты ў армейскіх гімнасцёрках. Неба пакрылася белымі воблачкамі ад разрыву снарадаў. На жаль, ніводнага самалёта яны так і не збілі, то ад горачы дзяўчаты лаяліся матам, што мяне вельмі здзівіла, бо ў вёсцы нашай жанчыны так не мацярыліся.
І мяне памяць вярнула ў Малую Сліўку 44-га года. На наступны дзень, 30 чэрвеня, калі бой ўжо грымеў на вуліцах Слуцка, да жыхароў вёскі, што адседжваліся паблізу на балоце, падыйшоў савецкі лейтэнант. Нападпітку. Стаў нахабна прыставаць да дзвюх маладых жанчын, тыя вырваліся і адбеглі далей, а трэцяя, жонка роднага брата Яўгенні Аляксандраўны Паўла Вішнеўскага, калі афіцэр абхапіў яе за талію і пацягнуў да сябе, паспела крыкнуць: «Павел!». Той быў паблізу, і калі падыйшоў бліжэй, афіцэр выхапіў з кабуры пісталет і выстралам у твар забіў яго на месцы. Забойцу, вядома, арыштавалі, правялі следства ў вёсцы, апыталі сведкаў і яго, хутчэй за ўсё, адправілі ў штрафбат.
… Мы ўпяцёрых падыйшлі да магілы Паўла, паклалі кветкі, Тамара Андрэеўна запаліла свечкі, памалілася.
Потым была кароткая сустрэча з мясцовай пенсіянеркай, колішняй сяброўкай Яўгенні Аляксандраўны па рабоце ў школе, тая здзівілася, што госці размаўляюць з ёй на беларускай мове, маўляў, у нас тут старыя забылі яе, а маладых і няма, параз’яджаліся па гарадах. На тым мы і развіталіся, мінчане паехалі на Капыльшчыну, у вёску Навасёлкі, дзе Яўгення Аляксандраўна з другім мужам, Андрэем Марціновічам, таксама настаўнікам, доўга пражывалі разам у мясцовай школе. Пасля смерці мужа яна пераехала ў Мінск да дзяцей і ўнукаў. А родны кут апошнія гады наведвае кожнае лета.

Міхась Тычына

Реклама

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии