Алесь Пашкевіч атрымаў прэмію імя Валянціна Пікуля

За гістарычны раман «Пляц волі», прысвечаны станаўленню беларускай дзяржаўнасці на пачатку ХХ стагоддзя, ураджэнцу Случчыны, Алесю Пашкевічу, старшыню Саюза беларускіх пісьменнікаў, 28 красавіка ў Мінску ўручылі прэмію імя Валянціна Пікуля і залаты медаль Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў-баталіс-таў і марыністаў «за гістарычную праўду».

Гэта ўжо другая літаратурная прэмія, якой адзначаны раман «Пляц Волі». Пасля выхаду ва Украіне на ўкраінскай мове пад назвай «Майдан Волі» раман летась быў удастоены дыплома Міжнароднай акадэміі рэйтынгу папулярнасці (Кіеў) «Залатая фартуна».
Карэспандэнт «Кур'ера» павін-шавала нашага знакамітага земляка (Алесь Пашкевіч родам з вёскі Набушава Слуцкага раёна) з прэміяй і запыталася, ці лічыць ён гэтую ўзнагароду самай дарагой, каштоўнай.
— Не буду крывіць душой, кожная ўзнагарода прыемная і, можа, падсвядома спрыяе творцу. Усё ж творца не сам па сабе працуе і піша, — зазначыў у тэлефоннай размове Алесь Пашкевіч.- Мне прыемна, што як раз гэты гістарычна-дакументальны раман уганараваны прэміяй гісторыка Валянціна Пікуля, чалавека, які ў сваіх тэкстах узвялічваў гісторыю Расіі. Наколькі я знаю, упершыню гэтая прэмія ўручаецца за папулярызацыю беларускай нацыянальнай дзяржаўнай гісторыі.
— Як Вам пераклад Вашага рамана «Пляц волі"на расейскую мову, які выйшаў у часопісе «Сибирские огни»? (назву рамана пераклалі як «Плац воли» — прым. аўт.)
— Пытанне, як гэта далікатна сказаць, падперчанае. Пераклад вельмі выдатны, і крытыкі гэта адзначылі яшчэ ў 2001 годзе. Яго зрабіў выдатны перакладчык, расейскамоўны паэт і крытык Фёдар Яфімаў, чалавек, які не толькі з доўгага часу з’яўляецца сябрам творчай суполкі нашага Саюза пісьменнікаў. Ён і сам легендарная асоба, чалавек з грамадзянскім пачуццём. Калі савецкія танкі ўвайшлі ў Прагу, паэт Фёдар Яфімаў, вайсковец і камуніст, выказаў сваю нязгоду і занепакоенасць савецкай імперскай агрэсіяй, за што яго выключылі з партыі і на пяць гадоў забаранілі друкавацца.
Першая частка «Пляца волі» была апублікавана ў часопісе «Нёман», калі яшчэ ён быў ідэалагічна не зачышчаны. Другой частцы, якая як раз і была надрукавана ў «Сібірскіх агнях», не пашанцавала.
Стварыўся літаратурны холдынг, ідэалагічныя лякалы змяніліся. Змянілася кіраўніцтва і ў старэйшым літаратурным расейскамоўным выданні - часопісе «Нёман», і пра публікацыю можна было забыць. Летась раман выйшаў ва Украіне, а зараз вядуцца перамовы падрыхтаваць выданне ў Вільні.
— Над чым Вы зараз працуеце?
— Гадую Багдана двухгадовага з дачкой Алесяй. І гэта як раз праца. Ну, а пісанне тэкстаў - гэта не зусім праца. (Усміхаецца). Найперш прозу пішу. Планую выдаць зборнік апавяданняў і эсэ ў гэтым годзе.

Аддзел навін

Реклама


Галоўнай сваёй працай Алесь Пашкевіч, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, лічыць выхаванне дзяцей, а не пісанне тэкстаў

Даведка «Кур'ера»
Раман-даследаванне «Пляц волі» расказвае аб беларускім грамадска-літаратурным і палітычным руху, прадстаўляе жыццеапісанні дзеячаў нацыянальнага адраджэння (у тым ліку Алеся Гаруна, Вацлава Ластоўскага, Янкі Купалы, Кастуся Язавітава і Ядвігіна Ш.). У творы паказваюцца малавядомыя і невядомыя старонкі мінулага (Слуцкі збройны чын, барацьба за Беларускую Народную Рэспубліку, абвяшчэнне БССР, бальшавіцкія і польскія рэпрэсіі), а таксама дзейнасць беларускай дыяспары ў Літве, Латвіі, Чэхіі, Нямеччыне, Украіне і Польшчы.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии