Чацвёртае дзіця

0

Падзея гэта адбылася яшчэ на прыканцы дваццатага стагоддзя і цягнецца да гэтага часу… Жыла сабе сям’я на сёмым паверсе, дружная, працавітая. Жонка — увішная, маладая, разумная. Муж — не багатыр, але відны мужчына, таксама працавіты і вялікі фантазёр, бо прайшоў праз школу-інтэрнат, якая была на поўным самаабслугоўванні. А там прыйшлося самаму і гузік прышыць, і вуліцу месці, і бульбу навучылі скрэбці, і пакой за сабой прыбіраць.

Бегалі ў гэтай сям'і па хаце трое дзетак, два хлапчукі ды дачушка.
Ну, часам было ў сям'і ўсякае, як і ва ўсіх. Буры ды разлады заціхалі і ўсталёўвалася ціхае ды мірнае жыццё.

Аднойчы старэйшы іх сын Зміцер — а вучыўся ён ужо ў трэцім ці чацвёртым класе — прывёў у хату белабрысага хлапчука: «Гэта мой сябрук, завуць яго Сярожа». Здарылася гэта якраз на летніх вакацыях.
Сярожа быў невялічкага расточку, як кажуць, метр з ботамі, ды і выгляд меў нейкі недагледжаны. Кашуля на ім была ўся мятая, брудная, можа тыдні тры не бачыла вады, спартыўныя штаны на калені з дзіркай, а на нагах жоўтыя скураныя лапці з аблупленымі насамі.
«Ну сябра, дык сябра, мыйце рукі і ідзіце есці», — сказала маці і пайшла наліваць суп.
У ванным пакоі лілася вада, фыркалі ад задавальнення хлопцы.
«Ну ідзіце ўжо, — гукала маці з кухні, — суп астыне».

Реклама

Зміцер залез за стол першым, а Сярожка, ці-то баючыся, што яго зараз папруць з хаты, ці-то саромячыся, прытуліўся на самым краечку стула, апусціў долу вочы.
«Сядай, Сярожа, бліжэй да стала, — сказала жанчына, — не саромейся». Хлапчук ажно здрыгнуўся ад слоў жанчыны, як быццам яго хто пугай працягнуў. «Божа, як жа гэта дзіця напуджана», — падумала жанчына.
Спачатку Сярожка еў павольна, як бы неахвотна, а потым лыжка спрытна замільгацела ў руках хлапчука. Ён еў неяк па-дзікаму, адпраўляючы ў рот лыжку за лыжкай, нават не перажоўваючы, мо баяўся, што ў яго забяруць такі цудоўны, наварысты суп. Міска хутка апусцела.
«Можа табе яшчэ наліць», — спыталася жанчына. Сярожка толькі кіўнуў галавой і заружавеў у твары. Пакуль Зміцер з’еў адну міску супу, Сяргейка ўгаварыў дзве.
«А зараз каша з катлетамі», — і маці паставіла на стол талеркі з грэчневай кашай і з вялікай катлетай.
«Яшчэ і каша», — толькі і змог прагаварыць Сярожка, — але кашу еў ужо павольней, смакуючы.
Прайшоў ліпень. У сям'і звыкліся с тым, што за сталом раз-пораз сілкаваўся і Сярожа.
Маці пачала заўважаць, што хлапчук часта заседжваецца да пазна ў Змітрохі ў пакоі, а то бывае, што і начуе.
Жанчына аднойчы спытала хлапчука: «Сярожа, а бацькі не будуць цябе шукаць, што ты так позна гуляеш?»
«Ды не, не будзе мяне ніхто шукаць: маці даўно памерла, калі я яшчэ быў зусім малы, а бацька, як нап’ецца, дык ганяе ўсіх па хаце, а то і з хаты выганяе. Я ўжо пяць разоў у падвале начаваў», — і хлапчук заплакаў.
Плакаў ён неяк ціха, гарэтна. Слёзы ліліся па твары, а ён размазваў іх мурзатай рукой і нават не ўсхліпваў - плакаў ён неяк па-даросламу.
У маці ажно закалола нешта ў грудзях і завільгатнелі вочы. Яна прыгарнула да сябе хлапчука і гладзіла па яго белабрыса-брудным валасам прыгаварваючы: «Нічога, усё будзе добра, будзе добра», — а сама думала: трэба будзе пагаварыць з гаспадаром, сваіх жа трое, але як ён скажа, так і будзе, ён жа сам дзетдомаўскі, зразумее.

В
ечарам, калі гаспадар прыйшоў з працы, жанчына расказала ўсё пра Сярожку.
«Ну што ж, дзе ёсць тры лыжкі, то ніўзамін і чацвёртая», — сказаў бацька, як адрэзаў.
Але выйшла зусім не так, як яны задумалі. У канцы жніўня Сярожка прыбег увесь у слязах.
«Мяне ў інтэрнат аддаюць, я не хачу туды, я буду з вамі, я ўсё роўна адтуль збягу».
«Чакай, — сказаў бацька, — сядай, давай пагаворым. Я вось таксама быў некалькі гадоў у школе-інтэрнаце, і, як бычыш, жывы, ніхто мяне не з’еў, і ты супакойся».
Доўга потым яны размаўлялі за кубкам гарбаты, і Сярожка згадзіўся ехаць у інтэрнат. Яны дамовіліся, што на кожныя вакацыі Сяргей будзе прыязджаць да іх у госці.
Прайшло чатыры гады. Сярожка так і не аб’явіўся з таго часу і ні разу нам не напісаў. Змітрок казаў, што бачыў яго разы са два ў горадзе, але да нас зайсці саромеўся.
Прайшло яшчэ тры гады. Шмат чаго змянілася ў гэтай дружнай сям'і. Дачушка выскачыла замуж і нарадзіла ўнучку. Бацька стаў дзедам, а маці - бабкай. Са старэйшым сынам здарылася бяда: ён стаў інвалідам. Бацькава галава зарань пасівела, хаця яму не было яшчэ і пяцідзесяці. І вось аднойчы на парозе з’явіўся малады, сімпатычны, белабрысы сяржант-пагранічнік.
«Ну, здароў, бацька», — сказаў ваенны, і неяк радасна і тым часам млосна стала ў мужчыны на сэрцы.
«Здароў, сын», — яны абняліся. Гэта быў Сярожка — узмужнелы, шырокі ў плячах, адным словам, малады мужчына.

Бацька Сяргея памёр ад гарэлкі, яго так і знайшлі з недапітай пляшкай на лаўцы. Сяргей, пахаваўшы бацьку, застаўся жыць са старой бабкай, бацькавай маці, і сястрой-інвалідам у двухпакаёвай кватэры.
Часцей за ўсё ён бавіў свой вольны час са Змітраком. Дадому хадзіў толькі начаваць, а калі-нікалі начаваў разам з сябрам.
Жанчыну Сяргей «маці» пакуль не называў, але аднойчы, на нейкім сямейным свяце, Сярожка ўстаў і сказаў: «Я дзякую Бога за тое, што Вы не адцураліся мяне, не пакінулі ў цяжкую хвіліну майго жыцця, і дазвольце мне называць вас „Маці“ і „Бацька“, а дзяцей вашых — братам і сястрой».
Бацька павольна ўстаў з-за стала, наліў сабе віна, агледзеў прыціхшых дзяцей і ўбачыў у іх вачах пытанне: «Ну што ты скажаш?» Відаць, што яны між сабой аб усім ужо дамовіліся.
«Ну што ж, хай будзе так! Ты, маці, як?».
«Хай так і будзе», — і не стрымалася, пусціла слязу.
Што тут пачалося! Дзеці радаваліся, абдымаліся. Бацька, выпіўшы чарку, думаў: «Ну што ж, трэба падумаць і пра Сярожку, пра яго далейшы лёс».
А маці, змахнуўшы слязу, думала пра сябе: «Ну вось, праўду гадала цыганка, калі яшчэ была дзяўчынай, што будзе ў цябе чацвёра дзяцей, ну і хай будзе так, толькі каб Бог даў ім здароў'я ды шчасця».

Мікола Корань

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии