Аднавіла работу старэйшая аптэка ў Салігорску

0

На днях у Салігорску аднавіла сваю працу першая аптэка горада, якая ў 2006 годзе была зачынена ў сувязі са зносам будынку.

Амаль 50 гадоў аптэка знаходзілася ў старой забудове па вуліцы Будаўнікоў, якую прыладзілі пад гэту ўстанову яшчэ калі пачалі будаваць першую шахту. Так і стаяла аптэка № 100 непасрэдна на будаўнічай пляцоўцы.
Пазней, у пачатку 60-х гадоў, пабудавалі баракі па вуліцы Будаўнікоў і аптэку перанеслі ў адзін з баракаў. Тут яна існавала да 2006 года, калі пачалі зносіць помнікі эпохі сацыялізму. На месцы баракаў з’явіліся шматкватэрныя дамы. Але жыхарам, асабліва пенсіянерам, не хапала паблізу аптэкі. І вось яна зноў адкрылася, пад тым жа нумарам.
«Пасля барака тут працаваць вельмі прыемна, — расказвае „Кур'еру“ Ірына Нікіценка, загадчыца аптэкі. — За адзін тыдзень мы вымылі памяшканне, расклалі тавар. Вялікі дзякуй супрацоўнікам другіх аптэк, якія ахвотна прыходзілі і дапамагалі нам. Асаблівасцю нашай аптэкі з’яўляецца электронная сувязь з аптэчнай базай вобласці. І калі якіх лекаў не стае, у любы час мы можам іх заказаць. Гэта трэцяя аптэка ў горадзе з такой сувяззю з базай».
Як паведаміла Ірына Нікіценка, для аб’яднання РУП «Мінская фармацыя» рэканструкцыя і рамонт новага памяшкання аптэкі каштавалі больш 400 мільёнаў рублёў.

Уладзімір Дамель

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии