Богам даная святыня

0

Становішча беларускай мовы ў гаворцы случчан на сённяшні дзень, на маю думку, наступнае: на адносна «чыстай» беларускай мове размаўляюць настаўнікі, юрысты, працаўнікі краязнаўчага музея, галерэі мастацтваў, бібліятэкі; асноўная ж частка насельніцтва гаворыць па-руску. Але няма, мабыць, сёння чалавека, які б, гаворачы на рускай мове, не ўжываў беларускія словы (успомніце «як», «сесці», «сёння» і інш.). Таму і ўзнікла так званая «трасянка» (двухмоўная інтэрферэнцыя). Чаму так адбываецца?

Па-першае, усё больш і больш людзей прыязджае з вёсак у горад. Як вядома, вясковыя людзі размаўляюць пераважна на «трасянцы», а ў некаторых мясцовасцях — на беларускай мове. Так яны прывучаны з маленства, а перайсці адразу на рускую мову вельмі цяжка.
Па-другое, трэба прыгадаць, што кожны дзень па тэлевізары можна ўбачыць фільмы, рэкламу, канцэртныя праграмы на беларускай мове. Асобныя словы, якія людзі чуюць, ім прыгадваюцца хутчэй за рускія, і яны іх ужываюць у размове з сябрамі, суседзямі і г. д.
Па-трэцяе, некаторыя выразы сталі ўстойлівымі, і людзі, ужываючы іх, нават не зважаюць на тое, што яны — на беларускай мове (напрыклад, «у пошуках ежы», «біць лынды»).
Па-чацвёртае, з дапамогай некаторых слоў чалавек можа больш трапна і дакладна (у параўнанні з рускімі словамі) выказаць свае думкі (напрыклад, вельмі часта можна пачуць слова «знянацку» замест рускага «врасплох», «внезапно»).
Як бачыце, беларуская мова ўжываецца, хай не ў літаратурным варыянце, хай толькі асобныя словы, але ўжываецца.
Вельмі радуе тое, што моладзь не саромеецца роднай мовы, добра валодае ёю. Гэта звязана з тым, што яе вывучаюць у школе. Дарослыя ж людзі не могуць, на жаль, свабодна размаўляць па-беларуску, бо, скончыўшы школу, перасталі чытаць творы беларускіх аўтараў і не ўжываюць беларускую мову ў паўсядзённым жыцці. Скажу больш, сёння нават здзіўляюцца, калі чуюць яе.
Я правяла эксперымент: зайшла ў краму і папрасіла па-беларуску, каб мне ўзважылі кавалак сыру. Было вельмі непрыемна, калі прадавец два (!) разы перапытвала, што я хачу. Правядзіце і вы такі эксперымент. Калі вас з першага разу зразумеюць, то вам пашанцавала жыць каля той крамы.
Мне б вельмі хацелася, каб сёння размаўлялі па-беларуску. Зараз растлумачу чаму.
Успомнім класікаў. Адам Міцкевіч, калі выступаў з лекцыямі ў Парыжы, казаў: «На беларускай мове, якую называюць русінскай альбо літоўска-русінскай … гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, якая ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана». «Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная», — гаварыў Францішак Багушэвіч.
Подых, абшар, хараство — словы, якія маглі ўзнікнуць толькі тут, на Беларусі, пад уплывам яе краявідаў. Па гэтай прычыне беларускае слова больш ярка, дакладна перадае тое, што мы адчуваем. Роднае слова закладзена ў прыродзе чалавека.
Наша мова ніколі не знікне, бо яна нам патрэбна!

Крысціна Мароз,
вучаніца гімназіі № 1, Слуцк

Реклама


Вясковыя людзі размаўляюць пераважна на «трасянцы», а ў некаторых мясцовасцях — на беларускай мове. Так яны прывучаны з маленства, а перайсці адразу на рускую мову вельмі цяжка

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии