Радаўніца

0

Адна з найважнейшых асаблівасцей народнай культуры беларусаў - падрэслена пачлівае стаўленне да сваіх продкаў, да свайго роду і радаводу. Культ продкаў літаральна знітоўваў мінулае і дзень сённяшні, надаваў высокі сімвалічны сэнс паважлівага стаўлення да матухны-зямлі, якая не толькі карміла, а і прытуліла, прыхавала шматлікія пакаленні нашых папярэднікаў, пакінуўшы на сябе свяшчэнныя месцы-знакі нашай памяці, павагі і пашаны: могілкі-пагосты, курганы.

На працягу года ўшаноўваюць сваіх памерлых продкаў. Найбольш пашыранымі праваслаўнымі святамі ў гонар сваіх памерлых з’яўляюцца памінальныя дні ў суботы 14, 21, 28 лютага, 9 мая, 6 чэрвеня, 7, 14 лістапада. Аднак, бадай, самымі галоўнымі з’яўляюцца субота перад Вялікім постам, аўторак на другім тыдні пасля Вялікадня (Радаўніца), Траецкая субота і Змітраўскія дзяды.
Да сённяшняга часу ў асяроддзі старэйшых захавалася павер’е-перасцярога: не чапаць зямлю да Благавешчання. За гэтым павер’ем прыхаваны адзін з важных законаў нашай традыцыйнай культуры, які даволі жорстка прадпісваў: перш чым распачынаць веснавы цыкл сельскагаспадарчых работ, трэба навесці парадак на могілках. Пасыпаць свежым пяском, паправіць, пафарбаваць агароджу і г. д. І толькі тады, заручыўшыся іх, уладароў зямлі, падтрымкай, можна капаць глебу, сеяць. У адваротным выпадку зямля можа забраць каго-небудзь ці прынясе хваробу. Продкі свята верылі ў гэта. Смерць чалавека ўносіць у жыццё сям'і страшэнны надлом.
«Як не стане бацькі, лічы гаспадарка ў заняпадзе, дзеці напалову сіроткі, маці памрэ — дзеці поўнасцю асірацелі», — гаворыць народная мудрасць. Смерць бацькоў рушыць спадзяванні дзетак стаць на ногі, расправіць смела свае крылы, а затым дапамагчы старым «век векаваць» — жыццё дажыць. А смерць дзяцей у адно імгненне перакрэслівае бацькоўскі гонар і спадзяванні на працяг роду-племені. Жыццё сям'і губляе свой адвечны накаваны прыродай рух, рытм, змест і сэнс.
У святкаванні Радаўніцы сустракаецца шмат лакальных асаблі-васцей. Рытуалы і нават час памінавання розныя. Але сэнс іх адзін і той жа — ушанаванне нябожчыкаў. Звычай частавацца на могілках стаў у наш час распаўсюджаным. На могілкі прыходзяць дарослыя і дзеці. З вуснаў родных гучаць словы аб жыццёвым шляху памерлых і загінуўшых. Затым па добрай хрысціянскай традыцыі па кругу пускаюць памінальную чарку. Уся адметнасць і незвычайнасць памінальнага дня адлюстравана ў прыказцы: «На Радаўніцу да абеда пашуць, пасля абеда плачуць, а ў вечары скачуць».
Прайшоўшы праз стагоддзі, Радаўніца стала святам ушанавання свайго роду, знаёмых, асаблівага гонару за гістарычную глыбіню радаводу і яго вядомых прадаўжальнікаў.
Думаецца, што адным з праяўленняў культуры народа, асобнай вёскі, пасёлка і горада можна смела назваць дагледжанасць і ўпарадкаванасць могілак. Наведванне могілак — гэта разуменне сённяшняга дня праз прызму мінулага, гэта ўспрыняцце, адчуванне сэрцам і душой жывой повязі часу, гэта роздум над сэнсам нашага існавання. Могілкі - месца, дзе можна спакойна і няспешна паспрабаваць зразумець адказнасць за тое, чаму сёння менавіта табе даў жыццё твой род і даручыў прадоўжыць калаварот спадчыны, не даць ёй заўчасна адыйсці ў нябыт.
Балюча бывае на сэрцы, калі часам бычыш у нашым раёне неўдалыя, недобраўпарадкаваныя мо-гілкі. Тут шмат смецця, ці яно не вывезена своечасова, агароджа паламана, тарчаць магутныя сухія дрэвы, расце ў рост чалавека пустазелле, крапіва і хмызнякі.
Людзі могуць многае дараваць і сцярпець, але здзек з месца пахавання сваіх родных, сяброў, знаёмых — ніколі.
Забота пра памерлых — справа жывых, наша справа. Грэх забываць гэтую простую ісціну. Кажуць, што наша будучыня адлюстравана ў мінулым, у родных каранях, у жыцці продкаў. Незвычайнае заўсёды ходзіць побач са звыклым. Упэўнены, што гэта сапраўды так. І як важна цяпер захаваць любоў да маленькай радзімы, застацца верным сабе, сваёй Бацькаўшчыне, бацькоўскаму парогу, памяці сваіх землякоў!

Міхась Масюк

Реклама
0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии